Польшча. Кніга пра моладзевы супраціў у ПНР атрымала званне "Кнігі года"

У Варшаве ўручылі прэміі за "Лепшыя гістарычныя кнігі года". Казімеж Краеўскі, Ігар Янкэ, Мацей Гаўлікоўскі, Міраслаў Левандоўскі і Агата Мірэк — гэта найлепшыя аўтары гістарычных кніжак у Польшчы. У конкурсе, які ладзілі Інстытут нацыянальнай памяці і Польскае радыё з Польскай тэлевізіяй узнагароды былі ўручаныя ў дзвюх намінацыях.



4740_b3db_8a33ce634493.jpg

Фота ipn.gov.pl

У намінацыі “Найлепшая навуковая кніжка, прысвечаная гісторыі Польшчы і палякам ў 20 ст.” журы ўзнагародзіла працу Казімежа Краеўскага “На згубленых пастарунках. Армія Краёва на Крэсах Усходніх ІІ Рэчы Паспалітай 1939–1945”.

Лаўрэат адзначыў, што ён цешыцца прэміяй і тым, што пытанне гісторыі так званых Крэсаў прысутнічае ў публічнай прасторы.

К. Краеўскі: Я вельмі задаволены, што тэматыка Крэсаў вяртаецца, што яна цікавая і што здольная зацікавіць. Я хачу падзякаваць сваім сябрам на Крэсах, розных тамтэйшым супольнасцям: ветэранам Арміі Краёвай і простым жыхарам страчаных пасля вайны земляў. Я за апошнія 30 гадоў шмат за што ім удзячны.

Прэмію чытачоў у гэтай жа намінацыі ўручылі Мацею Гаўлікоўскаму і Міраславу Левандоўскаму за публікацыю "No Future! Гісторыя кракаўскай FMW". Гэтая кніга здабыла сімпатыі чытачоў, за яе ў сеціве прагаласавала 4 385 чалавек. Атрымліваючы ўзнагароду, Міраслаў Левандоўскага сказаў, што гісторыя кракаўскай FMW вельмі захапляльная.

М. Левандоўскі: Я сардэчна дзякую. Найперш дзякую журы за ўзнагароду нашай кнізе і за выхад у фінал. Федэрацыя змагарнай моладзі — гэта чарговае апісанае намі асяроддзе пасля Федэрацыі незалежнай Польшчы — кракаўскае FMW. Там былі маладыя людзі, з рабочага раёна Кракава — Новай гуты. Яны сказалі не ваеннаму становішчу. Яны не толькі былі супраць гэтай сістэмы, ім удалося таксама нешта стварыць.

У намінацыі “Найлепшая навукова-папулярная кніга прысвечаная гісторыі Польшчы ў 20 ст” журы ўзнагародзіла працу Ігара Янкэ. “Крэпасць. Змагарная салідарнасць — падпольная армія”. Ад імя мужа прэмію атрымала жонка — Богна Янкэ.

Б. Янкэ: Дзякуй вялікі за гэтую ўзнагароду. Я згодная з рашэннем журы. Гэта вельмі добрая кніга. Вельмі добра напісаная гісторыя пра Змагарную салідарнасць. Пра арганізацыю, якая не вельмі вядомая масам. Альбо маладая. А гэта арганізацыя, якая для Польшчы зрабіла вельмі шмат.

Узнагароду чытачоў у гэтай жа катэгорыі атрымала праца Агаты Мірэк “Цяжкія гады. Вялікія дні. Жаночыя ордэны ў ПНР”, за яе аддалі свае галасы 4106 інтэрнэт-карыстальнікаў. Аўтарка, дзякуючы за ўзнагароду, падзякавала і сваім гераіням.

А. Мірэк: Найперш я хачу падзякаваць цудоўным гераіням маёй кнігі. Бо калі б не яны і іх цудоўнае жыццё, то гэтай кнігі не было б. Усім манахіням, усім духоўным, якія змагаліся ў часы ПНР і стваралі прыгожую гісторыю, якія даюць магчымасць ствараць такія кнігі, я вельмі сардэчна ім дзякую. Гэтая кніга прысвечаная менавіта ім.

Старшыня журы праф. Пётр Франашак сказаў ПР, што сёння гістарычныя кнігі вельмі папулярныя ў Польшчы.

П. Франашак: Да нас на конкурс было пададзена 124 працы. Гэта абсалютны рэкорд у параўнанні з мінулымі гадамі. Журы з-за гэтага мела вельмі шмат працы. Але мы працавалі вельмі сумленна й дакладна. Я веру, што кнігі лаўрэатаў сённяшняга конкурсу будуць так часта набываць, што ўжо неўзабаве яны стануць мільянерамі.

Урачыстасць праходзіла пад ганаровым патранажам прэзідэнта Анджэя Дуды. У адмысловым лісце скіраваны да лаўрэатаў, польскі прэзідэнт зазначыў, што навучанне гісторыі мае вельмі вялікае значэнне. Ліст ад Анджэя Дуды зачытала Уршуля Дарашэўска.

У. Дарашэўска: Сёння дыскусіі вядуцца не над тым, ці патрэбная гістарычная палітыка і якім павінен быць яе змест. Яна датычыць таго, як можна яе праводзіць паспяхова. Я лічу вельмі важным, што гэта не рашэнні палітыкаў і чыноўнікаў далі адказы на гэтыя пытанні. Спрэчку вырашылі самі палякі, асабліва маладыя. Іх захапіла мінуўшчына антыкамуністычнага падполля і Варшаўскага паўстання. Гэта дзякуючы ім не трэба ўжо сумнявацца над тым, якія моманты нацыянальнай традыцыі для нас галоўныя і блізкія. Яны ствараюць спадчыну нашай супольнасці і з'яўляюцца нашым гонарам.

Гістарычныя кнігі года абірала журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя польскія гісторыі Пётр Франашак, Антоні Дуда, Гжэгаж Лукомскі, Адам Даброньскі, Анджэй Новак і Войцех Рашкоўскі. Прэмія ўручалася падчас цырымоніі ў сядзібе Польскай тэлевізіі ў Варшаве.

www.radyjo.net