Легенды Нясвіжскага замка, або Радзівілы — наша ўсё!

Гісторыя старажытнага беларускага княжацкага роду Радзівілаў з’яўляецца адной з найбольш цікавых старонак нашай гісторыі. І цікавасць да яе з кожным годам толькі ўзрастае. Прыкладаў гэтаму шмат.



liehiendy_niasvizskaha_zamka.jpg

Легенды Нясвіжскага замка

“Легенды Нясвіжа" ад “Белвідэацэнтра"

Адным з апошніх удалых прыкладаў таго, што беларусы не забылі Радзівілаў з’яўляецца новы дакументальны фільм “Легенды Нясвіжскага замку", зняты “Беларускім відэацэнтрам". 19 снежня прэзентацыя фільма адбылася ў радавой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, а 24-га стужку паказалі па АНТ.

Фільм адрозніваецца ад усіх беларускіх дакументальна-гістарычных стужак тым, што ў ім зроблена стаўка не на дакументальныя факты, а на прыгажосць, аўтэнтычны антураж, дух эпохі, які, нягледзячы на ваеннае ліхалецце ХХ ст., захаваўся ў Нясвіжскім замку. Па асабістаму прызнанню сцэнарыста фільма Алены Антанішынай стаўка была зроблена перш за ўсё на тое, каб зрабіць “прыгожы малюнак гісторыі Нясвіжа і яго ўладароў. І як мне падаецца, аўтарам гэта ўдалося зрабіць.

Галоўнай гераіняй фільма з’яўляецца княгіня Бэтка. Так, тая самая княгіня Эльжбета Радзівіл, якая некалькі гадоў таму прыязджала ў Беларусь і зрабіла фурор сярод беларускай навуковай і культурнай наменклатуры. Княгіня тады раскрытыкавала рэстаўрацыйныя работы ў замку і менавіта дзякуючы ёй дзіўная “цыбуліна" на адной з вежаў замка была заменена на класічную. Такую, якая была пры бацьку Эльжбеты, князю Альбрэхце Радзівіле.

el_zhbeta_radz_v_ll_z_bac_kaj_al_brehtam_radz_v_llam.jpg

Эльжбета Радзівілл з бацькай Альбрэхтам Радзівіллам

У 1927 годзе, на сваё дзесяцігоддзе, Эльжбета атрымала ў падарунак фотаапарат. Дзякуючы здымкам, якія яна рабіла тады, у 1920-я, зараз мы можам бачыць, якім Нясвіж быў пры апошніх уладарах з роду Радзівілаў. Менавіта дзяўчынка з фотаапаратам і стала галоўнай гераіняй фільма, які зняў “Беларускі відэацэнтр". Адразу трэба падкрэсліць выдатную працу таго, хто праводзіў кастынг актораў. Ролю маленькай Бэткі сыграла звычайная беларуская дзяўчынка Галіна Бушчук. Аднак хопіць аднаго позірку на фота са здымачнай пляцоўкі каб зразумець, што маленькая актрыса знешне вельмі падобная на сваю гераіню. І гэта вельмі добры рэжысёрскі ход.

dzve_el_zhbeti_aktrisi_jak_ja_gral_f_l_me_legendi_njasv_zhskaga_zamka(1).jpg

Дзве Эльжбеты. Актрысы, якія ігралі ў фільме Легенды Нясвіжскага замка

Аўтары фільму звярнулі ўвагу на найбольш вядомыя легенды звязаныя з Нясвіжскім замкам і Радзівіламі. Есць там і каханне, і здрада, і войны. Адным словам усё, чым жылі некаранаваныя каралі Вялікага княства Літоўскага. Прыгожай атрымалася і гісторыя “чорнай панны Нясвіжу" Барбары Радзівіл. Яе сыграла вядучая АНТ Каліна Вардомская. Адносна да гэтага эпізоду фільму трэба падкрэсліць работу касцюмераў, якія стварылі прыгожыя касцюмы той эпохі. Безумоўна значна дапамагалі ў здымках аўтэнтычны антураж пакояў Нясвіжскага палацу. Адно здымаць прыгожыя касцюмы ў сучасных, няхай і добра зробленых дэкарацыях і зусім іншае здымаць у рэзідэнцыі князёў, (нават не гледзячы на тое, што амаль усё было адрэстаўравана) дзе кожны квадратны сантыметр прасякнуты духам эпохі.

Выдатна паказана і таямнічая гісторыя 12-ці залатых апосталаў. Некаторыя даследчыкі кажуць, што тыя апосталы з’яўляліся звычайнымі акладамі ікон, другія працягваюць адстойваць ідэю аб тым, што радзівілаўскія апосталы былі зроблены ў чалавечы рост, з чыстага золата і яшчэ аздобленыя каштоўнымі камянямі. Як бы не было, ніхто з жывучых сёння гэтыя фігуркі не бачыў, да і сапраўдных дадзеных з часоў Дамініка Радзівіла, па загадзе якога і былі схаваны каштоўнасці, нажаль няма. А легенда ёсць. Яна жыве і стварае вакол Нясвіжа арэол таямнічасці. А ў сучасных умовах гэта таямнічасць, на якую як матылькі на святло, ляцяць турысты і з’яўляецца адным з галоўных момантаў гісторыі нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў.

Сувенір для турыстаў з усходу

Дарэчы фільм як раз рабіўся ў якасці прыгожай візітнай карткі для турыстаў. Перш за ўсё расійскіх. Не сакрэт што падчас доўгіх калядных канікул і ў іншыя перыяды, значная колькасць расіян выбірае ў якасці месца свайго адпачынку менавіта Беларусь. У 2011 годзе падчас навагодніх канікул амаль усе нумары ў гасцініцах Нясвіжа, у тым ліку і ў замку Радзівілаў былі выкуплены расіянамі. А чаму ж не. Еўрапейская краіна, віза не патрэбна, еўрапейскі замак з такой доўгай і цікавай гісторыяй. Вось таму і выбіраюць расіяне наш Нясвіж у якасці месца адпачынку.

У мінулыя гады ў сэнсе сувеніраў у замку сітуацыя была не лепшая. Так, былі паштоўкі, каляндары, кнігі, але не хапала вось такой рамантычнай, прыгожай візітнай карткі. У якой няма нуднай гістарычнай лекцыі, а ёсць прыгожыя дзявочыя твары, прыгожыя касцюмы і галоўная, ёсць таямніца, якой так не хапае ў сённяшнім паўсядзённым жыцці.

Аднак супыняцца на гэтым беларускія кінематаграфісты не збіраюцца. У планах стварэнне дакументальнай стужкі пра гісторыю Нясвіжскага замка ў найбольш цяжкі перыяд яго існавання, а менавіта пра падзеі верасня 1939-га, калі замак проста разрабавалі. Дарэчы, гісторыя апошняга ўладара Нясвіжскага замка — князя Леона Радзівіла ўвогуле заслугоўвае асобнага фільма.

Арыстакрат, кавалер французскага Ордэна Ганаровага легіёна і польскай вышэйшай узнагароды Крыжа Віртуці Мілітары, пасля таго, як у 1936 годзе атрымаў у спадчыну замак заняўся, кажучы сучаснай мовай, бізнэсам. Акрамя гэтага быў мецэнатам. У верасні 1939 года ў замку ад жахаў вайны хавалася шмат прадстаўнікоў польскай палітычнай эліты і членаў іх сямей. Аднак 17 верасня 1939 года ў Нясвіж уступіла Чырвоная Армія. Князь і яго блізкія былі арыштаваны і вывезены ў Маскву, на Лубянку. Нкусаўцы, якія праводзілі арышт, атрымалі потым за гэта высокія ўрадавыя ўзнагароды.

Знаходзячыся на Лубянцы Леон чакаў на самае жудаснае. Аднак за яго ўступіліся кіруючыя колы Італіі і Германіі і князя разам з сям’ёй вызвалілі. Усе гэтыя шпіёнскія гульні складаюць цікавы сюжэт для дакументальнага фільма і грэх не скарыстацца гэтым матэрыялам.

Да таго ж варта ўзгадаць, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР пачалося сапраўднае рабаванне радавой рэзідэнцыі Радзівілаў у Беларусі. Вывозілася ўсё: мэбля, паляўнічыя трафеі, архіў. Гэтая “крадзеж працягвалася да чэрвеня 1941 г., калі трэці Рэйх напаў на Савецкі Саюз. Рабавала дзяржава, рабавалі і людзі. Кнігі з радзівілаўскай бібліятэкі, посуд, мэблю, яшчэ і сёння можна знайсці ў некаторых беларускіх дамах. Такія былі часы.

У гісторыі Нясвіжа былі розныя перыяды. Аднымі можна ганарыцца, другія вызываюць жаль і смутак. Аднак гісторыю Нясвіжскага замку і яго ўладароў трэба разглядаць комплексна. Зараз прыйшоў час глыбока даследаваць трагедыю 1939 года ў замку і расказаць гэтую гісторыю беларускаму грамадству.

Сучасныя беларусы не нясуць адказнасць за тое рабаванне, якому падверглася жамчужына зямлі беларускай на пачатку Другой Сусветнай вайны, аднак нам трэба пра гэта памятаць. Адзін мой добры знаёмы ў сваім блогу неяк напісаў: “Радзівілы — наша ўсё!" І я на 100 адсоткаў згодзен з ім. Гісторыя гэтага роду, як тая залатая нітка ў слуцкім паясы, уплецена ў гісторыю Беларусі. З Радзівіламі звязана амаль усё, чым мы, сучасныя беларусы можам ганарыцца.

Безумоўна не трэба прыніжаць значэнне і іншых беларускіх шляхецкіх родаў, аднак Радзівілы гэта асобны пласт нашай нацыянальнай гісторыі і важна, што гэта, нарэшце зразумелі беларускія кінематаграфісты.