Заходнеруская хвароба ў Беларусі

Пасол Аляксандр Сурыкаў выказаў здзіўленне тым, што ў Беларусі Вайну 1812 года не называюць «Айчыннай». Гэты пасыл расійскага чыноўніка зразумелы: ён прасоўвае ідэі Крамля. Але ў Беларусі ёсць свае адэпты расійскай імперскасці, якія спрабуюць перапісаць гісторыю Беларусі.



13.jpg

Усенароднага партызанскага руху не было

Двухсотгадовыя ўгодкі Вайны 1812 года выклікалі значную актывізацыю адэптаў заходнерусізма ў Беларусі. Адзін з найбольш адыёзных дзяржаўных ідэолагаў, рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін у сваім блогу з выкарыстаннем даўно вядомых клішэ расійскай і савецкай гістарыяграфіі паспрабаваў абгрунтаваць, «айчынны» характар Вайны 1812 года. У яго допісе ізноў можна ўбачыць старую казку пра «усенародны партызанскі рух на Беларусі».

Варта аднак пазначыць, што большасць сучасных беларускіх і нават некаторыя расійскія гісторыкі даказалі, што ў Беларусі пад час руска-французскай вайны не было «усенароднага партызанскага руху». Так, былі выпадкі нападзенняў на французаў. Але беларускія сяляне таксама атакавалі і рускіх салдат, якія спрабуючы рэалізаваць расійскую тактыку выпаленай зямлі, знішчалі ўсе запасы, якія знаходзіліся ў «гістарычнай Літве». Пра гэта дарэчы засталося шмат успамінаў саміх расійскіх афіцэраў. Аднак імперскія «даследчыкі» не любяць узгадваць гэты гістарычны сюжет.

Ідэалагічныя штампы

Былы начальнік адзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэй Герашчанка, якога звольнілі з працы ў лістападзе 2011 года за антыбеларускія погляды, якія праявіліся ў выказваннях чыноўніка пра «штучнасць» беларускай мовы і нацыі, у адной са сваіх публікацый, называе «нацыяналістамі» беларускіх гісторыкаў, якія разглядаюць падзеі Вайны 1812-га менавіта з прабеларускіх пазіцый. Герашчанка, у след за расійскім паслом Сурыкавым, пазначае, што спроба даказаць тое, што Вайна 1812-га не мела ў Беларусі «айчыннага» характару, мае нібы аддаленую мэту — рэвізію падзей Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў.

Аднак гэта меркаванне Герашчанкі з’яўляецца звычайным ідэалагічным штампам. Гісторыя тых войн у беларускай гістарыяграфіі разглядаюцца асобна і важна, каб пры іх адзнаке ўлічваліся перш за ўсё беларуская складаючая дадзенай праблематыкі. Калі мы гаварым пра Вайну 1812 г., то сапраўды можам яе называць «Айчыннай», але ў дачыненні да этнічна расійскіх тэрыторый. Там, за Смаленскам, была і «усенародная партызанская барацьба», і масавы ўздым». Але якое гэта дачыненне мае да Беларусі? Аніякага. Гэта гісторыя Расіі.

Яшчэ адным «звольненым» з дзяржаўнай службы адыёзным заходнерускім «гісторыкам», з’яўляецца былы выкладчык Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі Мікалай Малішэўскі. У адной са сваіх апошніх публікацый на расійскім імперскім сайце «Рэгнум» былы дзяржаўны ідэолаг абрынуўся з крытыкай на вынікі Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі, якая адбылася 23 лістапада 2012 года ў БДУ і на якой беларускія і замежныя даследчыкі амаль у адзін голас падкрэслілі, што Вайна 1812-га была страшным выпрабаваннем для Беларусі і значная колькасць жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага ў той «бітве імператараў» падтрымала Напалеона.

Дарэчы Малішэўскі характарызуючы падзеі 1812-га карыстаецца савецкай тэрміналогіяй, прынятай для апісання падзей Другой Сусветнай вайны. Так, людзі, якія змагаліся за Вялікае Княства Літоўскае ў 1812-м па Малішэўскаму з’яўляюцца «паліцаямі пры акупантах», «калабарантамі» і «здраднікамі».

Адной з віртуальных трыбун з якой вяшчаюць адэпты заходнерусізму ў Беларусі, з’яўляецца сайт «Заходняя Русь». Яго кіраўнік Ігар Зелянкоўскі заваліў Інстытут Гісторыі НАН Беларусі лістамі з патрабаваннем вярнуць тэрмін «айчынная» у беларускія падручнікі. Аднак, усе гэтыя спробы перапісаць гісторыю Беларусі, дзякуй Богу, безвыніковыя.

Галоўны аб’ект крытыкі — Польшча

Дарэчы гісторыя Вайны 1812-га — гэта не адзіны сюжэт з гісторыі Беларусі, які выклікае «абурэнне» з боку ідэолагаў заходнерусізма ў Беларусі. Галоўным аб’ектам іх крытыкі з’яўляецца заходняя суседка Беларусі — Польшча. Тут у ход ідуць розныя матывы. І спроба аб’явіць «польскімі» паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам ураджэнца Беларусі Тадэвуша Касцюшкі, і абвінавачанне «у спевах пад польскую дудку» змагара за беларускую нацыянальную ідэю Кастуся Каліноўскага і ўсхваленне царскіх стаўленікаў Суворава і Мураўёва, якія крывава «вярталі беларусаў у лона матухны Расіі».

Вялікую ўвагу адэпты заходнерусізма надаюць сумна вядомым лагерам для палонных чырвонаармейцаў пад час савецка-польскай вайны 1920 года. Гэта «антыКатынь» стала сваістым сімбалям «злачынстваў» Польшчы. Пры гэтым, беларускія адэпты заходнерусізма забываюць, што гэта тэма дасканала вывучана ў польскай гістарыяграфіі і польскія даследчыкі апублікавалі большасць дакументаў, якія даказваюць, што часцей за ўсё чырвонаармейцы паміралі ад голада і хвароб, а не растрэлаў і здзек з боку адміністрацыі лагероў.

Да гэтага трэба дадаць, што значная колькасць бальшавіцкіх ваенапалонных на працягу 1920-х гадоў была адпушчана. А вось пра польскіх ваенапалонных, захопленых бальшавікамі пад час той вайны (не путаць з ваенапалоннымі з верасня 1939-га) сённяшнія імперскія гісторыкі не любяць успамінаць. Насамрэч лёс большасці з іх да сённяшняга дня не вядомы.

Не забываюць сённяшнія прыхільнікі заходнерускай ідэі ў Беларусі і пра падзеі 17 верасня 1939-га. Большасць з іх выказванняў на гэтую тэму зводзяцца да абгрунтавання сталінскіх злачынтваў і падтрымкі «дальнабачнай» сталінскай палітыкі ў 1930–1940 гадах.

Значнай крытыцы з боку заходнерусаў падвергаецца дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі». Рэалізуемыя ў яе межах праекты па аднаўленню архітэктурнай спадчыны нашай краіны прыхільнікі рускай імперскай палітыкі называць «аднаўленнем палацаў літоўска-польскай шляхты», паўтараючы старыя пастулаты рускай і савецкай прапаганды, якія адмаўлялі Беларусі яе еўрапейскае мінулае.

Не трэба недаацэньваць небяспеку

Не гледзячы на ўсю знешнюю маргінальнасць сённяшніх заходнерускіх «публіцыстаў», «гісторыкаў», «палітолагаў», якія дзейнічаюць у Беларусі, не трэба аднак недаацэньваць небяспеку якую прадстаўляе гэтая заходнеруская хвароба для беларускага грамадства. Безумоўна сучасная беларуская моладзь, якая мае доступ да розных сродкаў інфармацыі, разумее сэнс беларускасці, без залішняга труда зразумее, на што накіравана ўся гэта мперская дэмагогія.

Аднак людзі сярэдняга і старэйшага пакалення, якія яшчэ пітаюць нейкі сэнтымент да савецкага мінулага, могуць успрыняць брэдні заходнерусаў за «здаровы інтэрнацыяналізм» і «любоў да братняга ўсходняга суседа». Каб гэтага не адбылося беларускім даследчыкам: гісторыкам і публіцыстам трэба раскрываць праўду пра дзейнасць імперскіх ідэолагаў у Беларусі і папулярызаваць нацыянальную гісторыю ў нашым грамадстве.

Беларусам трэба ганарыцца сваім еўрапейскім мінулым. Старажытная беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае і краіна шматлікіх народаў — І Рэч Паспалітая былі па сутнасці мініправобразам сучаснага Еўразвязу. Абапіраючыся на гэтае мінулае мы зможам стаць сапраўнай паўнавартаснай еўрапейскай нацыяй.