Распрацаваны план абароны Курапатаў
Сёння ў Мінску прайшла нарада актывістаў па абароне Курапатаў.
Сёння ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП у Мінску прайшла нарада апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў падчас якой быў зацверджаны план дзеянняў з нагоды адкрыцця 1 чэрвеня рэстарацыі «Паедзем, паядзім» ля Курапатаў.
Палітыкі і актывісты патрабуюць ад уладаў скасаваць усе дазволы на дзейнасць забаўляльных комплексаў у Курапатах, а на месцы так званага «Бульбаш-холу» стварыць музей палітычных рэпрэсіяў.
- Вольга Нікалайчык заклікала выставіць ля Крыжа Пакутаў у Курапатах у ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня «начную варту»,
- 1 чэрвеня, у дзень адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім», абаронцы Курапатаў будуць пратэставаць ля самога «Бульбаш-холу» пад лозунгам «Не кабак, а музей»,
- Уладзімір Яроменак паабяцаў, што маладафронтаўцы выставяць намёты 2 чэрвеня,
- У нядзелю пратэсты будуць сумешчаны з мітынгам-рэквіемам партыі КХП-БНФ. Ён пройдзе з 13 да 16 гадзіны.
У абмеркаванні прынялі удзел Вячаслаў Сіўчык, Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык, Уладзімір Яроменак, Ганна Шапуцька, Зміцер Каспяровіч, Аляксей Янукевіч ды інш. Было агучана каля 15 прапановаў па барацьбе з адкрыццём рэстарацыі – ад зваротаў да ўладаў і ўладальнікаў да акцыяй пратэсту і намётавага лагеру.
У прыватнасці, на сваёй старонцы ў фейсбуку Павел Севярынец напісаў:
«Трэба звярнуцца да ўласнікаў з настойлівай прапановай перадаць гэты аб’ект грамадству для стварэння музею сталінскіх рэпрэсіяў. Бескаштоўна. Тады і маральнае пытанне здымаецца, і юрыдычнае (музей можа быць на тэрыторыі ахоўнай зоны), і пытанне захавання памяці».
Нагадаем, у панядзелак стала вядома, што ў 50 метрах ад урочышча Курапаты 1 чэрвеня плануюць адчыніць рэстарацыю «Паедзем, паядзім». Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Належыць забаўляльны абʼект кампаніі «БелРэстІнвест». Цяпер там усё амаль гатова да імпрэзы. А цягам летам збіраюцца адчыніць яшчэ і лазню.
У лютым 2017 года кампанія «Белрэканструкцыя» пачала будаваць бізнес-цэнтр таксама ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў. Тады група актывістаў зладзіла намётавы лагер, дзе 2 тыдні трымала абарону. У выніку пратэстоўцы перамаглі, будаўніцтва было спыненае.
Курапаты – лес на паўночным усходзе Мінску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Паводле belsat.eu