Вольгу Мікалайчык затрымалі за абарону Курапатаў
У Курапатах побач з так званым комплексам «Бульбаш-хол», дзе на 1 чэрвеня плануецца адкрыццё рэстарацыі «Паедзем, паядзім», сабраліся актывісткі Ніна Багінская і Вольга Мікалайчык.

Затрыманне Вольгі Мікалайчык. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu
Каля 21.45. Вольгу Мікалайчык затрымалі — да яе пад’ехаў белы мікрааўтобус з міліцыянтамі ў цывільным і запіхнулі яе ў машыну. Актывістку павезлі ў Савецкі РУУС.
Мікалайчык збіралася дзяжурыць у Курапатах усю ноч. Яна казала, што як арганізатарка акцыі, не можа сысці — на той выпадак калі да «начной варты» хтосьці захоча далучыцца.
Ніна Багінская пасля затрымання Мікалайчык сышла, пакінуўшы крыж і плакат ля дарогі побач з «Бульбаш-холам».

Крыж і плакат, што актывісткі пакінулі ў Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu

Вольга Мікалайчык у Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu
Акцыя пачалася а 20-й. Актывісткі прыйшлі з плакатам і драўляным крыжом. Да іх адразу падышлі два міліцыянта ў цывільным, які правялі аператыўную здымку. Пасля прыехаў і міліцыянт у форме. Праваахоўнікі таксама праверылі дакументы ў журналістаў «Белсату» і перапісалі дадзеныя.

Вольга Мікалайчык у Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu

Вольга Мікалайчык у Курапатах, за яе дзеяннімі сочаць міліцыянты ў цывільным. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu

Каля “Бульбаш-холу” ў Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu
Усяго каля «Бульбаш-холу» ўжо сабралося каля 10 міліцыянтаў. У тым ліку прыстунічаў намеснік начальнік міліцыі грамадскай бяспекі УУС Менаблвыканкаму, які і правяраў дакументы журналістаў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення абаронцаў Курапатаў да актывістак падʼехаў міліцэйскі мікрааўтобус да якога адразу была прыцягнутая ўвага ўсіх журналістаў. Аднак тады затрымання не адбылося — мікрааўтобус зʼехаў.

Міліцэйскі мікрааўтобус каля актывістак, якія ўсталявалі крыж ля дарогі. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu

Міліцыянт у Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu
Сёння,1 чэрвеня, аб 11:00 каля будынку рэстарацыі распачнецца акцыя пратэсту і агульная мабілізацыя абаронцаў Курапатаў. У суботу актывісты «Маладога фронту» абяцалі выставіць у Курапатах намёты.
3 чэрвеня а 13 гадзіне ва ўрочышчы адбудзецца дазволены ўладамі мітынг КХП БНФ з нагоды 30-годдзя адкрыцця Курапатаў.
Нагадаем, у панядзелак стала вядома, што ў 50 метрах ад урочышча Курапаты 1 чэрвеня плануюць адчыніць рэстарацыю «Паедзем, паядзім». Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Належыць забаўляльны абʼект кампаніі «БелРэстІнвест». Цяпер там усё амаль гатова да імпрэзы. А цягам летам збіраюцца адчыніць яшчэ і лазню.
У лютым 2017 года кампанія «Белрэканструкцыя» пачала будаваць бізнес-цэнтр таксама ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў. Тады група актывістаў зладзіла намётавы лагер, дзе 2 тыдні трымала абарону. У выніку пратэстоўцы перамаглі, будаўніцтва было спыненае.
Курапаты — лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Кацярына Андрэева, belsat.eu