Расследаванне: замежны бацька звёз сына-беларуса за мяжу

У 2009 годзе беларуска Ганна выйшла замуж за ліванца Мухамада, праз год у іх нарадзіўся сын Мілан. Сёлета ў Мінску ён пайшоў у першы клас, адгуляў свае першыя канікулы. А 5 лістапада бацька павёз яго за мяжу, забраўшы з сабой усе дакументы на сына.

17_29_0.jpg


Толькі праз некалькі дзён жонка даведалася, што яны ў Германіі, адкуль вяртацца Мухамад, здаецца, не збіраецца. Маці ўжо больш за месяц не бачыла сына і звяртаецца па дапамогу ва ўсе інстанцыі. Ганна марыць скасаваць шлюб і вярнуць дзіця дадому, у Беларусь.

Па законах афіцыйных і чалавечых

На жаль, гэта не першая гісторыя, калі замежны бацька забірае дзіця, народжанае ад яго беларускай, і хаваецца за гарамі-далінамі. Заморская казка ператвараецца ў сямейную драму з удзелам няпоўнагадовых. Літаральна пару месяцаў назад «Звязда» пісала пра «Заморскае шчасце» нашых жанчын, згадваючы, як вызвалялі з іарданскага палону беларуску і яе дачку ад «замежнага прынца», а яна нават не была за ім замужам.
Тут жа людзі жылі сям'ёй сем гадоў і, згодна з нашым заканадаўствам, асаблівых прычын для хваляванняў у Ганны нібыта і не павінна быць, бо дзіця знаходзіцца разам з татам, у якога на Мілана столькі ж правоў, як і ў маці. Тым больш, што яны зарэгістраваны па адным адрасе — у мінскім інтэрнаце, які Мухамад атрымаў ад работы. Абмежаваць яго ў правах на дзіця, як і даказаць, што Мілан знаходзіцца за мяжой без ведама маці, вельмі цяжка.
Калі ж адступіцца ад закона і паглядзець на сітуацыю па-чалавечы, відавочна, што дзіця знаходзіцца ў чужой краіне, не ходзіць у школу, жыве невядома дзе з бацькам, які да таго ж пакутуе ад гульнявой залежнасці.Акрамя таго, шэнгенскія візы ў Заят Мухамада і Мілана скончыліся яшчэ 12 лістапада і легальнасць іх пражывання ў Германіі пад вялікім пытаннем.
У школе, дзе вучыцца Мілан, расказалі: маці напісала заяву, што дзіця будзе адсутнічаць з 8-га па 14 лістапада. Ганна расказала настаўнікам, што здарылася, тым жа вечарам яны прыйшлі, каб пацвердзіць інфармацыю. Кіраўніцтва школы паведаміла пра знікненне хлопчыка ў міліцыю і ва ўпраўленне адукацыі па месцы жыхарства.


Скончацца грошы — вернемся

Сем гадоў шлюбу, агульнае дзіця, від на жыхарства і пастаянная праца ў Мухамада тут, у Беларусі. Летам ён вазіў Мілана адпачыць да сябе на радзіму ў Ліван.
Ганна і ўявіць не магла, што наладжаны сямейны побыт разляціцца на кавалкі.
Падзеі разгортваліся так:
5 лістапада, 7 раніцы. Мілан быў на канікулах у бабулі, матулі Ганны. У той дзень яна папрасіла Мухамада забраць малога дадому. Муж на той момант быў на бюлетэні, які і да гэтага часу не закрыты. Ён пазваніў і сказаў: «Едзем дадому на таксі. Разбяры нам ложак, мы яшчэ паспім». Жанчына пайшла на працу, некалькі разоў днём тэлефанавала, але ніхто не адказваў. «Муж часта мог не ставіць тэлефон на зарадку, таму я не надала ўвагі гэтаму», — скажа пазней Ганна.
5 лістапада. 6 вечара. Ганна вярнулася з працы. Мужа і сына няма. Рэчы, з якімі Мілан знаходзіўся ў бабулі, ляжалі дома. «У мяне зменны графік, таму муж часта ў нядзелю заставаўся з Міланам. Разам з ім і да сяброў ездзіў, бывала. Я вырашыла, што гэты раз да кагосьці паехалі. Зноў званіла, але мабільны мужа заставаўся недаступным, а тэлефон сына ляжаў дома. Пісала яму ў вайбер, скайп, але паведамленні не даходзілі, бо муж не быў у сеціве». Пісала яму таксама і сястра Ганны.
7 лістапада. Мухамад напісаў у сетцы сястры: «Чаго вы там усе непакоіцеся — я проста паехаў на пару дзён з сынам адпачыць у Турцыю. Ганна пра гэта ведае».
8 лістапада. Ганна дазванілася па скайпе да мужа. На некалькі секунд змагла пачуць голас Мілана: «Мама, у нас няма інтэрнэта...». Пасля ўжо казаў Мухамад: «Мы ў Стамбуле, прыедзем праз пару дзён». На пытанне жонкі «калі дакладна?» адказаў: «У мяне грошай вельмі шмат. Як скончацца, дык і вернемся». На гэтым размова завяршылася. Ганна хадзіла да ўчастковага скардзіцца, што муж звёз сына, але той патлумачыў, што раз жанчына ведае, дзе яны, то і падставы для заявы няма.
9 лістапада. Ганна напісала мужу і папрасіла даслаць фота білета, каб ведаць, калі яны прыляцяць. Ён выслаў проста нумар рэйса, патлумачыўшы, што не набываў яшчэ на яго білет. Але 10 лістапада яны павінны былі ўжо з'явіцца.
10 лістапада. Мухамад з Міланам не прыляцелі. Ганна праверыла рэйсы, знайшла яшчэ адзін, што прыбывае назаўтра, але і 11-га яны не з'явіліся. Муж перастаў выходзіць на сувязь.


Месцазнаходжанне ўстаноўлена — справа закрытая

13 лістапада. У міліцыі, куды яна звярнулася з заявай, паведамілі, што, па іх інфармацыі, муж 5 лістапада перасёк мяжу ў Літву. Так што зразумела, ні ў якім Стамбуле ні ён, ні Мілан не былі.
«У мужа была мара трапіць у Еўропу. У яго ёсць сябар з Сірыі, які мае статус бежанца ў Ліване і нелегальна трапіў у Германію, дзе таксама атрымаў статус бежанца. Яны з ім па скайпе размаўлялі, і той паказваў Мухамаду, як яму добра жывецца на дзяржаўную дапамогу і без працы. Там і стрыечная сястра мужа жыве, якая таксама атрымала ў свой час статус бежанца. Я адразу сказала, што іх трэба шукаць у Германіі», — расказвае Ганна.
15 лістапада. Звесткі пра сябра і сястру мужа ў Ганны былі толькі праз іх старонкі на фэйсбуку. Сястра жанчыны спыталася ў абодвух, ці не з'яўляўся там Мухамад. Абодва адказалі, што нічога не ведаюць. З сябрам уцёкшага мужа звязаўся мясцовы інтэрпал — тады ён прызнаўся, што Мухамад начаваў у яго 7 лістапада і з'ехаў.
22 лістапада. Міліцыя паказала Ганне адказ беларускага інтэрпала: «Паліцыяй Германіі месцазнаходжанне непаўналетняга і яго бацькі ўстаноўлена. Жывыя-здаровыя. Па ўсіх пытаннях звяртайцеся ў Міністэрства юстыцыі».
24 лістапада. Лістом з міліцыі Ганне паведамілі, што справу закрылі і ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовілі на падставе таго, што сын знаходзіцца з бацькам.

Хаджэнне па інстанцыях

Ганна звярталася па дапамогу ва ўсе інстанцыі.На ліст у Пасольства Беларусі ў Германіі адказалі, што атрымалі яе заяву і папрасілі паведамляць ім, калі што будзе вядома.Шмат часу спатрэбілася на аднаўленне дакументаў Мілана. Бацька забраў з сабой літаральна ўсе паперы на сына. За іх афармленне, пераклад на нямецкую мову і натарыяльнае засведчанне дакументаў і копій Ганна заплаціла 200 рублёў.
28 лістапада. Жанчына аддала ўвесь пакет дакументаў у аддзел выканання міжнародных дамоў Мінюста, адкуль яго павінны былі пераслаць у Федэральнае ведамства юстыцыі Германіі. Пры гэтым Ганна накіравала пісьмо на англійскай мове па факсе, што быў указаны ў адказе з інтэрпала, дзе апісала ўсю сваю гісторыю. На яе электронную пошту прыйшоў адказ ад нямецкага ведамства юстыцыі, што ёй неабходна сабраць пакет дакументаў і падаць яго ў Мінюст Беларусі.
2 снежня. Ганна напісала ліст у пракуратуру — адтуль прыйшоў адказ, што зварот накіравалі ў Мінюст.
9 снежня. Ганна цікавілася ў Мінюсце пра лёс сваіх папер. Ёй паведамілі, што накіравалі дакументы ў Германію, але нямецкі бок дагэтуль не пацвердзіў факт іх атрымання.

Дзе дакументы?

12 снежня. Жанчына падала дакументы ў суд на развод з мужам з патрабаваннем вызначыць месца жыхарства сына з ёй. Пакуль адказу адтуль няма.
14 снежня. Ганна працягвае чакаць, калі зрушыцца справа. У Мінюсце ёй адказалі, што некалькі разоў ужо дасылалі па электроннай пошце пытанне пра атрыманне папер, аднак адказу ад нямецкага боку няма.1
15 снежня. Ганна даслала запыт на імя міністра юстыцыі, каб удакладніць, па-першае, за якім нумарам і якім чынам адправілі ліст. Па-другое, што будзе, калі дакументы так і не прыйдуць у Германію, а за гэты час муж з сынам пераедуць у Ліван ці яшчэ куды, і хто будзе адказны за гэта?..
«Калі б у мяне быў дакладны адрас, дзе яны цяпер, і я ведала, што дакументы ў адпаведным органе Германіі, я ўжо сама туды адправілася б разбірацца», — кажа ў роспачы Ганна.Канца ў гэтай гісторыя не відаць, і хто можа дапамагчы вярнуць Мілана дадому — таксама не зразумела. Дакументы так і не дайшлі да нямецкага органа юстыцыі, дакладны адрас знаходжання таты і сына ў Германіі высветліць немагчыма. А маці больш за месяц не ведае, дзе яе дзіця, што з ім адбываецца і калі яно вернецца дахаты.
Паводле zviazda.by