Рэлятывісцкая мараль
За некалькі дзён да Дзядоў і традыцыйнага грамадскага ўшанавання прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці ахвяраў масавых расстрэлаў у Курапатах галоўнае афіцыйнае выданне Беларусі “СБ. Беларусь сегодня досыць нечакана звярнулася да тэмы рэдакцыйным артыкулам Паўла Якубовіча, дапоўненым матэрыяламі “круглага стала.
За некалькі дзён да Дзядоў і традыцыйнага грамадскага ўшанавання прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці ахвяраў масавых расстрэлаў у Курапатах галоўнае афіцыйнае выданне Беларусі
“СБ. Беларусь сегодня досыць нечакана звярнулася да тэмы рэдакцыйным артыкулам Паўла Якубовіча, дапоўненым матэрыяламі “круглага стала.
Публікацыя, натуральна, выклікала жывую рэакцыю ў незалежных СМІ і беларускай блогасферы, часам даволі скептычную: варта было прайсці 21 году з часу публічнага раскрыцця жудаснай трагедыі ў артыкуле
Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога смерці, каб “СБ заклікала да пакаяння, замірэння бакоў і шанавання месца, якое ўжо даўно зрабілася
народным мемарыялам. Выснова газеты: “Агрэсіўныя дактрыны, якія б высакародныя мэты яны ні дэкларавалі, калі вядуць да пагібелі людзей — амаральныя. Адмаўленне праўды
названае “шматгадовым змрочным спектаклем, а сведчанні фіктыўных “відавочцаў пра забіццё ў Курапатах не нашых суграмадзян, а “гамбургскіх
яўрэяў — “кашчуннымі.
Праўда, многія каментатары не хаваюць сумневу наконт успрыняцця публікацыі як знака павароту дзяржаўнай палітыкі да ацэнкі мінулага з пункту маральнасці, гуманізму і гістарычнай праўды. Вельмі свежы
ўспамін пра тое, як з’яўленне ў “СБ матэрыялаў дыскусіі па гісторыі Беларускай народнай рэспублікі напярэдадні яе 90-годдзя не зашкодзіла чарговаму брутальнаму разгону Дня
Волі–2008. Між тым, тая папярэдняя дыскусія ў “СБ заканчвалася аналагічнымі заклікамі ініцыятара: “не шукаць у нашай гісторыі “болевых кропак,
а бачыць галоўнае, што мусіць яднаць беларусаў перад новымі выклікамі часу ХХІ стагоддзя. Ці не з’яўляецца факт чарговай ініцыятывы “СБ дэманстрацыяй
“гуманізацыі палітычнага аблічча сістэмы навонкі, для дэмакратычнай Еўропы ў большай ступені, чым дзеяннем унутранага карыстання?
Аўтар артыкула заклікае да ўсеагульнага ўзаемнага прымірэння: сучасная Беларусь — не спадчынніца СССР у частцы здзейсненых у сталінскую эпоху злачынстваў, ахвяры рэабілітаваныя, катаў не
засталося. Спынім супрацьстаянне, адмовімся ад “палітызацыі гісторыі, ператворым Курапаты ў месца народнай памяці, а не мітынгаў. Іначай, з прыхаванай пагрозай гучыць выснова,
грамадства прыйдзе да новых Курапатаў.
Па чытанні тэксту ўзнікае, аднак, больш пытанняў, чым пазітыву. І справа тычыцца не толькі сумнеўнага сцверджання, што ўсе ахвяры масавых сталінскіх рэпрэсій рэабілітаваныя. Неяк незнарок разважанні
аўтара і ход дыскусіі, у якой бралі ўдзел навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны “Курапаты Мая Кляшторная, палітык Андрэй Клімаў, ксёндз Ігар Лашук, загадчык цэнтра Інстытуту гісторыі
Акадэміі навук Мікалай Смяховіч, а мадэратарам выступаў Павел Якубовіч, павярнуліся да спрэчнай тэзы: мемарыялізацыя Курапатаў — справа грамадская, а не дзяржаўная. Да гэтага схілялі двое
апошніх. Ці не таму, што дзяржава да ўдзелу ў сімвалічным акце пакаяння яшчэ не даспела, і ёй па-ранейшаму бліжэй кампліментарнае стаўленне да сталінскай эпохі, увасобленае ў помніках кшталту
“Лініі Сталіна?
Але зусім ніякавата робіцца ад рэлятывісцкага гуманізму Якубовіча. Ён не ўстрымліваецца, каб не падзяліць ахвяр на правільныя і няправільныя, чарговы раз зняважліва згадваючы людзей, што палеглі ў
вайну ад рук сваіх жа абаронцаў, партызан. На думку рэдактара “СБ, сярод вялікіх і малых мемарыялаў нашай краіны, якія адзначаюць як гераічныя, так і трагічныя моманты гісторыі, у
гэтым жалобным шэрагу ёсць месца Курапатам. Але няма месца трагедыі вёскі Дражна Старадарожскага раёна, 25 мірных жыхароў якой расстралялі і знішчылі, спаліўшы 37 хат, партызаны атрада імя Кутузава
15 красавіка 1943 года.
Праз два гады пасля выхаду кнігі “Кроў і попел Дражна Віктара Хурсіка, у 2008 годзе яшчэ жывыя сведкі падзей разам з сябрамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў
гісторыі і культуры, у 65-годдзе трагедыі ўсталявалі ў Дражна памятны крыж. Крыж знесены мясцовымі ўладамі праз пару дзён, а ўдзельнікі яго ўсталявання — Віктар Хурсік, Вячаслаў Сіўчык
— за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве атрымалі ад Старадарожскага раённага суда па 15 сутак арышту. Святар Леанід Акаловіч за асвячэння крыжа —
штраф.
Між тым, забіўшы, як сведчаць відавочцы, мірных жыхароў, камбрыг Іваноў падаў кіраўніцтву фальшывую справаздачу пра знішчэнне… 217 паліцэйскіх (захоўваецца ў Нацыянальным архіве, справа №42
фонду 4057). Такім чынам, паводле “СБ, ахвярам Курапатаў зычыцца памяць нашчадкаў, а ахвярам, якія ў вайну трапілі пад ліхія кулі партызан, — забыццё.
Ці маральна супрацьстаўляць адных мірных ахвяр, якія ляжаць у Курапатах і іншых месцах масавых расстрэлаў даваенных часоў, праўда пра якія раскрываецца з вялікай цяжкасцю, іншым, палеглым у часы
акупацыі, — пытанне рытарычнае. Для “СБ і афіцыйнай ідэалогіі паўмільёна фізічна забітых у выніку партызанскай вайны ў Беларусі асоб — выключна немцы або
калабаранты. Насуперак звесткам прафесійных гісторыкаў, прыкладам, сабраным загадчыкам Гістарычных майстэрняў Кузьмой Казаком у яго даследаванні “Германскія страты на тэрыторыі Беларусі ў
гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1944: аналіз і вынікі.
Дакументальныя звесткі сведчаць: ні нямецкіх, ні паліцэйскіх фармаванняў у такой колькасці — паўмільёна — у Беларусі не дзейнічала. Выпадкаў, падобных да Дражна, — мноства,
сцвярджаюць гісторыкі, даводзяць сведкі, абгрунтоўваюць дакументы. Прывядзем адзін дакумент, апублікаваны Юрыем Туронкам у кнізе “Беларусь пад нямецкай акупацыяй, ліст нямецкага
акруговага камісара ў Слоніме ў Генеральны камісарыят у Мінску ад 7.12.1942 пра ахвяры партызанаў у Слонімскай акрузе ў красавіку-лістападзе 1942 годзе. Са 1024 забітых — толькі 111 немцаў,
36 паліцыянтаў і 140 супрацоўнікаў акупацыйнай адміністрацыі, затое мірных мясцовых жыхароў — 683.
Між іншым, Сяргей Ваганаў, калумніст “Народнай Волі, у нумары ад 3–5 лістапада 2009 года запярэчыў заклікам “СБ да “міру пад соснамі,
проста прывёўшы цытату 128-га артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі “Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва. І падкрэсліў, што засцярогай ад паўтарэння злачынстваў можа быць
толькі іх асуджэнне, хоць бы тым, што катаў і злачынцаў нашчадкі пацярпелых назавуць катамі і злачынцамі. Ніхто не адмяняе і прынцыпу безумоўнай каштоўнасці чалавечага жыцця мірнага насельніцтва
падчас вайны.
Як Курапаты, так і Дражна — сляды дзеяння на беларускай зямлі таталітарных дактрын, толькі што ў вайну іх сутыкнулася ўжо дзве — гітлераўскага і сталінскага гатунку.
Верагодна, нехта з членаў сямей дражненцаў быў у паліцэйскім гарнізоне. Але падчас партызанскага нападу забітымі апынуліся толькі мірныя жыхары. Трагедыя яскрава высветліла становішча людзей,
пастаўленых паміж молатам і кавадлам, у ваеннай Беларусі часоў нямецкай акупацыі… Замест “міра пад соснамі, сімвалічнага пакаяння за жорсткасці вайны Павел Якубовіч
прапаноўвае па-ранейшаму ўзводзіць жалезабетонны мур паміж “нашымі і “не зусім нашымі мірнымі ахвярамі, мур кшталту славутага Берлінскага, гадавіну падзення
якога святкуе зараз уся Еўропа. Таму не надта верыцца ў гуманізм пасылаў публікацыі “СБ.
“Мы чакалі, што ў рашучы момант людзі прыйдуць да сцяны са зброяй у руках, — сказаў прэзідэнт народнай палаты ГДР Хорст Зіндэрман, — а яны прыйшлі са свечкамі.
Прыйшлі са свечкамі, таму што і каля Берлінскай сцяны “законна, па загадзе ўлад ГДР, пагранічнікі цягам 20 гадоў забівалі яе мірных грамадзян за спробу перайсці на Захад. Калі мы
хочам падзення ўмоўнага муру, што дзеліць беларускі народ паводле стаўлення да ахвяр нялюдскай “маралі, — трэба і ў Дражна ісці са свечкамі, а не са зброяй.