Рэпрэсii не спыняюцца нават у Вялiкдзень

Грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае духавенства, багасловаў і актывістаў з розных канфесій у Беларусі і замежжы, «Хрысціянская візія для Беларусі» апублікавала свежы Маніторынг пераследу хрысціян у Беларусі за сакавік 2024 года.

_harodnja_francyskanski_kljasztar_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___6__logo.jpg

З тэолагам, прадстаўніцай ініцыятывы «Хрысціянская візія» Наталляй Васілевіч журналістка Радыё Рацыя Вольга Сямашка пагутырыла пра трывожныя тэндэнцыі ў дзяржаўным рэгуляванні рэлігійнага жыцця Беларусі і агулам пра грамадска-палітычную атмасферу, у якой у Беларусі прыйшоў Вялікдзень 2024.

— Па вашых назіраннях, у якіх умовах зараз сустракалі Вялікдзень хрысціяне ў Беларусі на фоне агульных рэпрэсій?

— Цяпер, асабліва пасля тэракту, які адбыўся ў Маскве, былі ўзмоцнены меры бяспекі ў сувязі з рэлігійнымі святамі. Ведаю, што былі міліцыянты са зброяй, людзей здымалі перад тым, як яны заходзяць у храмы. Сітуацыя такая, што людзей застрашваюць. І людзі адчуваюць, што гэта рэпрэсіі. Яны не могуць прыйсці проста ў храм у нядзельную раніцу і адчуць сябе вольна ад страху. Таму што страх стаіць перад дзвярыма гэтых цэркаваў, касцёлаў, і проста сведчыць, што я тут і нікуды ад мяне не падзенецеся. На жаль, рэпрэсіі пра сябе нагадваюць штодзённа.

— Ваша група «Хрысціянская візія» выпусціла чарговы маніторынг са сакавік 2024 года. Ці ёсць па вашых назіраннях нейкія трывожныя тэндэнцыі, якія ўзрастаюць?

— Рэпрэсіі трымаюцца на такім як бы стандартным узроўні. Хіба што пераслед пастара Аляксандра Зарэцкага паказвае, што святар, пастар не можа ўжо гаварыць нават на казанні тое, што ён хоча гаварыць, тое, што яму Бог падказвае гаварыць, і не можа маліцца за тое, што хоча, за тое, што яго сэрца матывуе маліцца.

Заклікі да малітвы за Украіну сталі нагодай для таго, каб пераследаваць пастара, прыпісаць яму нібыта мітынг, масавае не ўзгодненае мерапрыемства.

Гэта такая трывожная тэндэнцыя, пра гэта яшчэ папярэджвала Вольга Чамаданава на сустрэчы з праваслаўнымі святарамі ў пачатку года, пра тое, што чытаюцца не толькі сацсеткі, але таксама слухаюцца казанні, слухаюцца малітвы, якія гучаць у храме. Усюды ёсць вушы, усюды ёсць вочы, усюды могуць быць рэпрэсіі пасля малітвы ці казанні.

— Таксама ў вашай справаздачы ёсць пра тое, што Лукашэнка 14 сакавіка правёў сустрэчу з Сінодам Рускай праваслаўнай царквы і адзначыў пра назіранне за тым, як выступіла царква на баку народа ў 2020 годзе. І мы бачым, што, напрыклад, у Расіі Руская праваслаўная царкава абвясціла вайну ва Украіне «вайной свяшчэннай» для Расіі. Ці ёсць такія назіранні, што Беларуская царква будзе вымушана ўліцца ў такое нагнятанне сітуацыі і таксама назаве вайну ва Украіне «свяшчэннай» для Беларусі.

—  Тут не толькі сустрэча Лукашэнкі з Сінодам адбылася, але нядаўна, як раз на мінулым тыдні, адбылася ў Свята-Елісавецінскі манастыры нейкае выязное пасяджэнне Савета Рэспублікі. Спадарыня Качанава прысутнічала, вайскоўцы прысутнічалі, а таксама прадстаўнікі царкоўных арганізацый і ў першую чаргу Беларускай праваслаўнай царквы.

Прыехаў на гэтую сустрэчу мітрапаліт Ціхан Шаўкуноў, гэты мітрапаліт цяпер у Крыме, раней быў у Пскове, які лічыцца духоўнікам Пуціна, можа ён і не духоўнік у такім агульна праваслаўным сэнсе, але ён блізкі чалавек да Пуціна. Ён адзін з тых ідэолагаў, які прыдумляў усе гэтыя царкоўна-палітычныя канцэпцыі. У яго быў фільм «Візантыя апошні ўрок» пра тое, чаму ўпала Візантыйскае царства і чаму цяпер царства расейскае не павінна ўпасці, пра ролю царквы ў гэтых палітычных усялякіх падзеях. Другое, ён прапаведваў у кафедральным саборы, ён наўпрост сказаў, што я прыехаў з Херсанэсу, гэта Крым. Там нарадзіўся адзіны рускі народ, гэта Вялікая, Малая і Белая Русь, адзіны рускі народ, – ён такую рэч гаварыў. Ён называў Украіну выключна Маларосія, Беларусь ён называў Беларусія.

Гэта, можа, яшчэ не святая вайна, але калі мы гаворым пра рускі народ трыадзіны, то тут ужо застаецца адзін крок, каб вайну за збіранне рускіх земляў, якую праводзіць нібыта Пуцін, абвесціць святой.

То бок, мы бачым, што для Праваслаўнай царквы існуе вось гэтая трыадзіная святая Русь. А для свецкіх людзей існуе канцэпцыя былога Савецкага Саюза – там Гагарын у космас паляцеў, мы перамаглі ў Вялікай айчыннай вайне і г.д. То бок, для розных аўдыторый закідваюцца розныя аргументацыі для чаго павінна быць адзіная вялікая дзяржава з цэнтрам у Маскве.