Кіно пра веру і рэлігію: камедыя, драма, тэлесерыял
Калі няма чым заняцца ў святочны вечар, можна паглядзець добры фільм — напрыклад, адзін з прапанаваных.
![Кадр з фільма «Найноўшы запавет» Кадр з фільма «Найноўшы запавет»](/img/v1/images/w1500_1252318.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр з фільма «Найноўшы запавет»
Светлае кіно на Каляды, рамантычнае — на Дзень Святога Валянціна. Reform.by на каталіцкі Вялікдзень вырашыў згадаць чатыры невідавочныя фільмы пра веру, Бога і рэлігійныя інстытуты. Пакінем па-за дужкамі «Жарсці Хрыстовы» Мела Гібсана, «Апошнюю спакусу Хрыста» Марціна Скарсэзе і «Андрэя Рублёва» Андрэя Таркоўскага — ды звернем увагу на карціны іншых рэжысёраў, якія закранаюць духоўны пошук і праблемы грамадскіх інстытутаў.
Адкрывае спіс ірландска-брытанская драма Джона Макдонаха «Галгофа» з шыкоўным Брэнданам Глісанам у галоўнай ролі. Другая частка з «Трылогіі аб самазабойстве» кінематаграфіста з Лондана (Джон — брат слыннага Марціна Макдонаха) распавядае пра каталіцкага сельскага святара, якому невядомы прыхаджанін падчас споведзі кажа, што заб’е яго праз тыдзень.
Дзеянне адбываецца ў правінцыйным ірландскім гарадку, ужо праз дзень святар (яго і грае Брэндан Глісан) пазнае чалавека, які яму пагражаў, па голасе і… нічога не прадпрымае. Святар Джеймс працягвае займацца сваімі паўсядзеннымі справамі і цягам тыдня, які даў яму патэнцыйны забойца, намагаецца ў звычайным ладзе дапамагаць іншым. Аднак кожны дзень у жыцці галоўнага героя адбываюцца рэчы, якія падводзяць яго да той самай ракавой нядзелі — да ўзыходжання на метафарычную Галгофу, калі ён мусіць прыйсці на пляж на сустрэчу з прыхаджанінам і прыняць нічым незаслужаную смерць.
Ці прыйдзе Джеймс ці не прыйдзе? Ці заб’е яго Джэк або ўсё скончыцца мірным чынам? Ці не абярнецца ўсё жартам? Ці здольная праведнасць аднаго святара перакрэсліць грахі іншых? Ці магчымае ў пэўных выпадках дараванне? Што такое вера? Пранікнёная драма з элементамі чорнай камедыі Джона Макдонаха запускае плынь пытанняў, датычных і праблем Касцёла (прыхаджанін, які прыйшоў да Джэймса, падвяргаўся шматгадоваму гвалту з боку іншага святара), і ўласных каштоўнасцей. Макдонах падкрэсліваў, што ў яго мэтах не было здымаць рэлігійнае кіно, і трагікамедыя, у якой утрымліваецца і крытыка ірландскага грамадства ды рэлігійных інстытутаў, такой і атрымалася — недыдактычнай, нешараговай, нечаканай, у пэўным сэнсе ашаламляльнай, чалавечнай. Прычым усё гэта ніяк не перашкодзіла стужцы займець высокую адзнаку ад Экуменічнага журы «Arts & Faith» (якое ацэньвае гуманістычны складнік кіно) — журы, якое складаецца з прадстаўнікоў Касцёла, Царквы, кінакрытыкаў, назвала «Галгофу» сярод дзесяці найлепшых фільмаў 2014 года.
«Найноўшы запавет» (2015)
Камедыя бельгійскага рэжысёра Жако Ван Дармаля «Найноўшы запавет» прапануе свой фантазійны варыянт таго, як пабудаваны Сусвет і што «дзесьці там далёка» робіць Бог. Паводле Дармаля, Бог — даволі паскудны мужчына (у выкананні акцёра Бунуа Пульворда), які жыве ў кватэры ў Бруселі і кіруе светам праз даламаны камп’ютар. Ён шчыра атрымлівае задавальненне ад таго, калі робіць каму-небудзь нейкую брыдоту. Адпаведна, ён прыдумаў і Законы сусветнай фігні, якія псуюць жыццё простым смяротным.
Але ў Бога ёсць дачка і жонка. Дачка ўцякае з Бруселя да людзей, каб ужо «на зямлі» пачаць пісаць уласнае Евангелле. А калі бацька выпраўляецца ёй наўздагон, камп’ютар, праз які і ідзе кіраванне светам, займае жонка Бога — уласна кажучы, Жанчына.
Фільм выйшаў забаўны і смешны, сюррэалістычны, з іроніяй, але без жорсткага «разносу» старога парадку. Аднак вядома, кіно не без «тлустага» намёку на тое, што Сусвету неабходна перазагрузка, made by woman.
«Малады Папа» (2016)
Італьянска-іспанска-французскі тэлесерыял «Малады папа» ў рэжысуры Паола Сарэнціна, аўтара «Вялікай красы», не мог не аказацца ў гэтай падборцы.
Сарэнціна выводзіць нам вобраз Главы Святога Прастола ў выкананні брытанскага акцёра Джуда Лоў — што значыць, што малады папа неверагодна прыгожы, стылёвы ды, да ўсяго мае, такую чалавечую загану, як паленне. Застаецца гэта толькі ўявіць — і Сарэнціна, якому не займаць у справе візуалізацыі асляпляльнай прыгажосці, што называецца, карыстаецца магчымасцю (чаго вартая адно застаўка да шоу).
Паводле сюжэту, заняць прастол маладому кардыналу дазволілі інтрыгі дасведчаных святароў, што спадзяваліся ў далейшым маніпуляваць 47-гадовым пантыфікам. Аднак нечакана для ўсіх малады Пій XIII праяўляе характар, і ўсе апаненты паступова пранікаюцца яго ўчынкамі і асобай.
У пэўны момант малады Папа, якога ў сямігадовым узросце бацькі-хіпі аддалі пад апеку сястры-манашкі, прызнаецца, што ён не верыць у Бога. Аднак гэта не перашкаджае яму здзейсніць цуд: эксцэнтрычны і складаны Лені Беларда аказваецца чалавекам, у якім жыве Бог — нягледзячы на тое, што пантыфіку балюча яго прыняць.
Серыял, што казаць, неверагодна прыгожы, з адсылкамі да сучасных і старажытных твораў мастацтва, з выдатнай аператарскай працай. Гэта відовішча, якое ўтрымлівае не толькі крытыку царквы, але і захапленне каталіцкім інстытутам, што адзначыў і Ватыкан, прыняўшы шоу.
«Цела Хрыстова» (2019)
Польская драма Яна Комасы, якая адкрыла свету Барташа Беленю і прыгрымела на ўвесь свет. Акцёр родам з Беластока грае ў стужцы зняволенага Даніэля, які праз выпадковы збег абставінаў займае месца захварэлага ксяндза ў прыходзе невялікага мястэчка. Хлопец з судзімасцю прымярае на сябе сутану — і аказваецца цалкам на сваім месцы. Шчырая вера падказвае яму шляхі ўзаемадзеяння з людзьмі і заўважаецца мясцовай супольнасцю, якая колькі гадоў не можа перажыць трагедыю, што здарылася ў гарадку.
Фільм мог бы «скаціцца» ў казачную ды нават пошлую гісторыю, калі б не вывераная і пры гэтым стрыманая рэжысура Яна Комаса і ўражваючая ігра Барташа Белені. Карціна намінавалася на «Оскар», атрымала мноства ўзнагарод на еўрапейскіх фестывалях. Пракат стужкі невыпадкова некалькі разоў падаўжаўся ў Мінску ў 2019 годзе, бо гледачоў кранула гісторыя, расказаная ў кіно, кранула прыгожая ідэя твора — што Бог не выбірае, у якім «целе» яму быць.