Школьнікі без падручнікаў

Прайшло ўжо амаль два месяцы новага навучальнага года, але шмат якія вучні бялыніцкіх школ вымушаны займацца без падручнікаў. І гэта пры тым, што бацькі школьнікаў за іх заплацілі.

Не хапае падручнікаў нават у лепшай навучальнай установе раёна — гімназіі № 1 Бялыніч. Шмат хто з вучняў у выпускных адзінаццатых класах не мае вучэбных дапаможнікаў па рускай літаратуры, фізіцы, хіміі, беларускай мове.

Па словах вучаніцы 11 «А» класа гімназіі Яўгеніі, недахоп падручнікаў вельмі ўскладняе навучанне. У прыватнасці, як кажа Яўгенія, яна асабіста збіраецца здаваць выпускны экзамен за курс сярэдняй школы па беларускай мове, таксама плануе праходзіць тэсціраванне па гэтаму прадмету, а асабістага падручніка ёй у школе не далі. Таму, каб падрыхтавацца да ўрокаў, даводзіцца хадзіць да сяброўкі.
Бацька дзяўчыны кажа, што грошы за карыстанне падручнікамі ён заплаціў цалкам, і яму абсалютна не зразумела, чаму яго дачка не забяспечана ўсім неабходным для добрай вучобы.
Бракуе падручнікаў не толькі ў гімназіі № 1 Бялыніч, але і ў астатніх школах Бялыніцкага раёна — Машчаніцкай, Вішоўскай, Ланькаўскай і іншых. Як тлумачаць настаўнікі, гэта праблема ўзнікла ў сувязі з тым, што з-за рэформы і пераходу на адзінаццацігадовае навучанне розныя класы пачынаюць вывучаць прадметы ў адзін тэрмін. Так, напрыклад, раней фізіку пачыналі вывучаць з сёмага класа, зараз — з шостага і г. д.
Здзіўляе толькі адно: чаму пытанне забеспячэння дзяцей падручнікамі не вырашана да гэтага часу, хоць рэформа сістэмы адукацыі ідзе ўжо больш за год. Тым больш, што год таму на сустрэчы з выбаршчыкамі ў той жа гімназіі № 1 кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерыя Іванова яго давераная асоба, начальнік аддзела адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Мікалай Пашкоўскі казаў, што з пераходам на адзінаццацігадовае навучанне ў нашым раёне ні ў вучняў, ні ў педагогаў не будзе аніякіх праблем.
Магчыма, шаноўны Мікалай Іванавіч, які, дарэчы, днямі быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», меў на ўвазе нешта іншае, але праблемы з забеспячэннем дзяцей падручнікамі ў Бялыніцкім раёне ёсць.

Іван Барысаў