Што паказваюць украінскія ролікі, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі?
Перагукі мінулага і сучаснасці выразна бачныя ва ўкраінскіх відэароліках, прысвечаных юбілею Перамогі ў Другой сусветнай вайне.
У адным з кліпаў расейскі музыка Андрэй Макарэвіч узгадвае падзеі, якія папярэднічалі пачатку Другой сусветнай вайны і задаецца пытаннем, чаму Гітлер у нейкі момант вырашыў, што «яму ўсё сыдзе з рук». «Нейкія краіны думалі, што іх гэта не закране. Хтосьці назіраў праз акіян, у выніку свет страціў 54 мільёны людзей», — кажа музыка. За гэтыя словы Макарэвіча абвінавацілі ў Расіі ў здрадзе.
Каманда ўкраінскага тэлеканалу «Інтэр» падрыхтавала спецыяльны трэйлер, ідэю якога калісьці падарыў усім прыхільнікам свайго фільму «У бой ідуць адны старыя» рэжысёр Леанід Быкаў.
Лісты з вайны. Іх змест можа быць аднолькавым для 1945 і 2015 гадоў...
Другая сусветная вайна закранула практычна кожную ўкраінскую сям’ю. Сімвалам Перамогі і памяці ахвяр стала сёлета ва Украіне кветка маку. У народнай украінскай традыцыі чырвоная кветка з’яўляецца сімвалам пралітай казакамі крыві. Гэта таксама сімвал следу кулі ў людскім целе.
«У гэтым годзе я марыў адсвяткаваць 9 траўня, Дзень вялікай Перамогі, са сваім унукам, лейтэнантам Нацыянальнай гвардыі. Але ён загінуў у баі пры абароне сваёй Радзімы, — кажа ветэран з Запарожжа Іван Залужны. — Мой унук частая казаў, што будзе таксама абараняць, як дзед абараняў. Ён не раз казаў, што гатовы аддаць жыццё за Свабоду сваёй краіны».
З Данбасу віншуюць сваіх дзядоў і бабуль сённяшнія маладыя ўкраінцы, што бароняць Айчыну.
Сівавалосы ветэран палкоўнік Сямён Гірэнка мае супольныя тэмы з загартаванымі ў баях на Данбасе курсантамі Акадэміі сухапутных войскаў. Іх аб’яднала абарона роднай зямлі і сваіх суайчыннікаў ад агрэсіі.
Здавалася б, усяго толькі вішня на родным падворку альбо хустка з матчынай хаты, але гэта – сімвалы Радзімы, за якую не баяліся памерці ўкраінцы.
Якой была роля ўкраінскага народу ў перамозе над нацызмам?
Максім Ярашэвіч, belsat.eu