У мінскіх парадных заторах "застраў" аўтобус з былымі вязнямі гета

Гараджане спазніліся за дзецьмі ў школы і на трэніроўкі, бясконца чакалі на прыпынках трамваі і спрабавалі "не закіпець".



parad3.jpg

Дзіна з хворай нагой і поўнай торбай прадуктаў (не ведае, што дадому яна дабярэцца пасля працы яшчэ не хутка) чакае трамвай на праспекце Машэрава паўтары гадзіны. Побач з ёй на прыпынку безліч пажылых людзей. Але ніхто з вайскоўцаў і міліцыянтаў, прысутных на рэпетыцыі парада, не можа адказаць, калі пройдзе транспарт і колькі яшчэ чакаць:

"Кажуць: "Так, зараз вось тэхніка пройдзе і пойдуць трамваі". А ў выніку аказваецца, што ніхто і не збіраўся пускаць трамваі! Таксама незразумела, як тут выклікаць таксі, і дзе яго потым шукаць! І вось, пад тры гадзіны людзі дабіраюцца дадому, хаця ўсё можна было прадумаць і арганізаваць з мінімальнымі стратамі. І галоўнае, што гэта штогод паўтараецца! І самае дзіўнае, што калона праходзіць літаральна цягам 5-ці хвілін. А потым яна стаіць. У выніку трамваі не перашкаджаюць ёй, трамваі на 2,5 гадзіны спыняюць. Калона стаіць, трамваі стаяць, людзі пакутуюць, а дарога вольная".

Карыстальнік сацсетак Грыша Абрамовіч трапіў у корак на аўтобусе разам з ... дваццаццю немцамі...

"Гэта ўдзельнікі мемарыяльнай паездкі ў Трасценец "Памятаем дзеля агульнаеўрапейскай будучыні". Апроч брытанцаў і немцаў у аўтобусе былі таксама былыя малалетнія вязні гета з Мінска. Паездка і мерапрыемствы прымеркаваныя да 70-годдзя вызвалення ад фашызму. Натуральна, што ў кожным буйным горадзе ёсць коркі і правядзенне парада — важная частка жыцця нашага горада. Усе, хто знаходзіліся ў аўтобусе, паставіліся з разуменнем да таго, што адбываецца. Я асабіста заняў пазіцыю, якая апраўдвала тое, што адбываецца. Аднак, на будучыню з сумнага досведу учорашняга дня і з досведам папярэдніх рэпетыцый, магчыма, усё ж варта разглядаць іншы час для падрыхтоўкі парада?"

Шлях юрыста Дар'і Альперн-Каткоўскай ад працы на мінскай плошчы Перамогі да школы на Каменнай горцы, дзе вучыцца яе сын, займае звычайна паўтары гадзіны. 4 траўня Дар'я за гадзіну практычна не ад'язджае ад плошчы Перамогі, таму просіць мужа яе падстрахаваць:

"Але муж таксама не паспеў да 18-й — часу, да якога трэба забіраць дзяцей, бо рух па ўсім горадзе быў запаволены. Таму мы патэлефанавалі ў школу і папрасілі, каб сыну дазволілі пачакаць нас на вахце. І там з ім былі яшчэ дзеці, якія чакалі бацькоў. Але, натуральна, што дзеці былі расстроеныя, што ім даводзіцца чакаць бацькоў. І я таксама была раззлаваная, і скажу, што хоць перыядычна і трапляю ў гэтыя "перадпарадныя" коркі, такіх у Мінску яшчэ не было. Але я вырашыла, што злавацца не трэба ўсё ж, высветліла расклад перакрыцця вуліц і скарэктавала на будучыя дні сваю прысутнасць на працы".

parad_1.jpg

Валерый Руднеў праводзіць у корках каля 3-х гадзін. І ўключае печку, каб не "закіпець"! Ён едзе з працы з праспекта Дзяржынскага ў раён Зялёнага Лугу — есці хочацца:

"Я зразумеў, у чым справа, толькі тады, калі нас пачалі "паварочваць" да опернага. І людзі пачалі псіхаваць: выязджаць на чырвонае святло на "сустрэчку", каб звярнуць на Чычэрына. Я нават відэа запісаў, як адна дама ўсіх аб'ехала па "сустрэчцы", стала перада мной і "закіпела". Я, каб машына не перагрэлася, уключыў печку на поўную моц — сядзеў-смажыўся з адчыненымі вокнамі — печка "шпарыць", на вуліцы горача. Потым нешта ў аўто пачалі адключацца датчыкі АБС... Я ад самой раніцы нічога не еў, увесь дзень працаваў і таму вельмі хацелася дадому. Але калі б у мяне былі здымкі, гэта было б вельмі сумна. Напэўна, я б кінуў дзе-небудзь аўто і кінуўся б у метро. Не, ну ў гадзіну-пік! Я не супраць парада. Але чаму не праводзіць яго рэпетыцыю не ўдзень, калі не вельмі шмат машын, ні пасля 19-й, калі ўсе раз'ехаліся?"

А вось Святлана Багданава (ехала з Карла Маркса на Каліноўскага) сустракае ў корках некалькіх сябровак, з якімі даўно не бачылася — паспяваюць і пра сукенкі пагаварыць і пра жыццё. Але на трэніроўку дзяўчына ўжо не паспявае:

"Справа ад мяне на Якуба Коласа быў фантан, і я засякла, што ля яго я прастаяла роўна 30 хвілін, увогуле без адзінага руху. Уключаць кандыцыянер я не хацела, таму што ў мяне насмарк, адкрываць вокны было не варта, таму што ўсё загазавана. Я згрызла пакет сушак, якія былі ў машыне, выпіла бутэльку "Баржомі", праслухала два альбомы Ніка Кейва і альбом INXS, страчыла ў Фэйсбук, але сувязь была кепскай, бо ўсе вакол мяне таксама нешта страчылі. Гэта нагадвала масавае культурнае мерапрыемства ў адным месцы,калі ўсім няма чаго рабіць, і ўсе посцяць нейкія фотачкі. Але інтэрнэт у корках — гэта сапраўднае шчасце! Натуральна, што на трэніроўку, а за кожную я выкладаю 250 тысяч і грошы не вяртаюцца, незалежна ад таго, быў ты ці не, я не патрапіла. Але мне цікава, як хуткай дапамозе праехаць па такіх корках?"

Дарэчы, прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў назваў сёння заторы з-за рэпетыцый параду невялікімі нязручнасцямі. Маўляў, пра іх загадзя папярэджвалі, можна і патрываць.

euroradio.by

Фота: www.interfax.by і Валеры Руднеў