Стужкі — новыя сімвалы перамогі

Новы беларускі сімвал перамогі — чырвона-зялёная стужка з яблыневай кветкай, — не адзіны на прасторах СНД. Краіны экс-СССР ахапіла мода — прыдумляць сабе сімвалы Перамогі, непадобныя на георгіеўскія стужкі.



star_victory.jpg

Прычына пошуку новай сімволікі відавочная. Пасля крызісу ва Украіне, дзе георгіеўскія колеры выкарыстоўваюць прарасійскія сепаратысты, мясцовыя эліты зразумелі, што такая сімволіка нясе адпаведную ідэалагічную афарбоўку. Хаця да таго дастаткова працяглы час гэта быў сапраўды нейтральны сімвал.

Нагадаем, што ўпершыню георгіеўская стужка з’явілася ў 2005 годзе на мерапрыемствах расійскіх моладзевых арганізацый. Часам яна таксама выклікала скандалы, аднак, як правіла, з прычыны некарэктнага выкарыстання. Так, тынейджары часта прывязвалі тыя стужкі на ногі, упляталі ў валасы і г.д., шакуючы дарослых.

Першапраходцамі ў пошуках альтэрнатывы чорна-жоўтай стужцы, як не дзіўна, стала Беларусь — галоўны саюзнік РФ. У сінявокай праўладныя арганізацыі агітавалі насіць на 9 мая чырвона-зялёныя, а не жоўта-чорныя стужкі яшчэ 2–3 гады таму. У гэтым годзе да чырвона-зялёнай стужкі, як вядома, дадалася выява кветкі яблыні, а сама кампазіцыя стала абавязковым атрыбутам гардэробу супрацоўнікаў шматлікіх дзяржаўных службаў.

Аднак, безумоўна, непасрэдна парад стужак стартаваў увесну 2014 года. Першай на фронт барацьбы з георгіеўская сімволікай выйшла Украіна. Год таму прэм’ер Арсень Яцанюк заявіў, што Украіна больш не будзе выкарыстоўваць у якасці сімвала Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне георгіеўскую стужачку. У якасці альтэрнатывы ён рэкамендаваў выяву маку. Гэта еўрапейская традыцыя, якая, аднак, далёка не проста пракладвае сабе шлях у лабірынтах украінскай калектыўнай свядомасці. З улікам дастаткова шырокіх маштабаў праблемы наркаманіі на берагах Дняпра, шмат хто называе выяву маку «наркаманскім сімвалам». З ініцыятывы мэрыі Днепрапятроўска, замест жоўта-чорных стужак сталі выкарыстоўваць жоўта-блакітны аналаг.

Другой пасля Украіны на шлях пошуках новых колераў Перамогі стала Кіргізія. Напярэдадні 23 лютага гэтага года спецыяльная камісія мэрыі Бішкека загадала ўпрыгож­ваць сталіцу ў чырвона-жоўтых колерах дзяржаўнага сцяга. Так зробяць і на 9 мая. Праўда, частка апазіцыі супраць інавацый. Адзін з дэпутатаў ужо заклікаў да маніфестацый пратэсту супраць чырвона-жоўтых стужак. Але пакуль у Бішкеку ўсё ціха.

За кіргізамі падцягнуліся суседзі. 10 красавіка група грама­дзянскіх актывістаў з Алма-Аты звярнулася да мэра горада з просьбай не раздаваць у школах георгіеўскія стужачкі. Прыкладна ў той жа час у Усцькаменагорску пачалі прапаноўваць мінакам і ўладальнікам машын блакітныя стужачкі з казахскім арнаментам залатога колеру.

Палеміка наконт стужак пачалася і ва Узбекістане. Тут у сацыяльных сетках разгарнулася дыскусія наконт таго, якія колеры ва Узбекістане могуць увасабляць Перамогу. У праціўнікаў георгіеўскіх стужак ёсць цікавы аргумент, звязаны з гісторыя каланізацыі краю Расійскай імперыяй. «Гэта стужка часоў Расійскай імперыі ўпрыгожвала медалі, якімі былі ўзнагароджаны салдаты і афіцэры царскай Расіі, забойцы як апалчэнцаў, так і грама­дзян Какандскага і Хівінскага ханстваў, Бухарскага эмірата. Сёння гэта стужка — звычайны прапагандысцкі матэрыял. Калі сапраўды паважаеце ветэранаў, лепш наведвайце іх часцей, дапамажыце ім матэрыяльна», — піша адзін з праціўнікаў моды на жоўта-чорнае.

У некаторых краінах СНД вырашылі гвардзейскія стужкі проста забараніць. Так, напрыклад, у сакавіку 2015 года ад ліберальнай партыі ў парламент Малдовы паступіў адпаведны законапраект. Георгіеўская стужка, гаворыцца ў заяве лібералаў, стала сімвалам «беззаконня, хаосу, нестабільнасці і сотняў ахвяр сепаратызму», а яе выкарыстанне ў культурных, сацыяльных і палітычных мэтах «ўяўляе небяспеку для цэласнасці Малдовы». Дарэчы, гэта ўжо другая іхняя спроба расправіцца з «сімвалам беззаконня».

Мясцовы прэзідэнт Мікалай Цімофці таксама георгіеўскую стужку не шануе і думае яе паступова замяніць на бела-чорную. У прыватнасці, медаль да 9 мая ветэранам у Малдове будуць прымацаваны да калодкі з жалобнымі чорна-белымі палосамі. Надпіс на медалі: «70 гадоў з дня заканчэння Другой сусветнай вайны» і выявай Вечнага агню Мемарыялу «Вечнасць».

Нарэшце, Закаўказзе. У гэтым рэгіёне мода на георгіеўскія стужкі чамусьці адразу не пайшла. З Грузіяй усё зразумела — у Расіі георгіеўскія стужкі пачалі набываць папулярнасць паралельна росту напружанасці ў расійска-грузінскіх адносінах. Нядаўна тут з гэтай нагоды выбухнуў скандал: адна з кампаній скарыстала ў сваёй рэкламе малюнак георгіеўскай стужачкі і надпіс на рускай мове: «Я памятаю! Я ганаруся!» Апазіцыйная грамадскасць дамаглася ад яе выбачэння. У адказ у абарону стужкі ўзняліся арганізацыі, што абараняюць правы нацыянальных меншасцяў. Сітуацыя яшчэ больш заблыталася, калі ў скандал улезлі «нацыяналы» — сябры апазіцыйнай партыі, якой з-за мяжы кіруе Саакашвілі. Праўладныя палітыкі кажуць, што атака на стужку — справа рук Мішы.

У Арменіі, дзе традыцыйна моцныя прарасійскія настроі, асаблівых дэбатаў на гэты конт няма. Тут прапагандай стужкі традыцыйна займаецца расійскае пасольства. У Азербай­джане тэма стужак слаба прадстаўленая ў СМІ, нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе спроба іх раздачы ледзь не перарасла ў масавую бойку ў цэнтры сталіцы.

У цэлым можна канстатаваць разрыў постсавецкага дыскурсу пра вайну. Хаця ўсе аўтары макаў, яблык, чорна-белых калодак і г.д. клянуцца ў вернасці ідэі адзінства народаў СССР у вайне з фашызмам, відавочна, адбываецца нейкае паўзучае стварэнне свайго нацыянальнага міфу аб Другой сусветнай вайне, частка гэтага працэсу — лакальная сімволіка Перамогі. Парадокс у тым, што гэты працэс паскорылі якраз тыя, хто за кошт георгіеўскіх стужак намагаўся захаваць кокан савецкай гістарычнай школы.