Еўропа адзначае 70-годдзе перамогі над нацыстамі
Лідары краін ЕС сабраліся ў польскім горадзе Гданьску для ўдзелу ў цырымоніі, прысвечанай 70-годдзю з дня заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.
Галоўная частка цырымоніі пачалася апоўначы па мясцовым часе на паўвостраве Вестэрплятэ, дзе прагучалі першыя стрэлы Другой сусветнай вайны.
На мерапрыемствы ў Гданьску прыбылі, у тым ліку, лідары Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Румыніі і Украіны. Таксама ў цырымоніі бярэ ўдзел генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.
Розныя памінальныя мерапрыемствы пройдуць 8 мая і ў большасці іншых еўрапейскіх краін.
Шырокія ўрачыстасці праходзяць у Вялікабрытаніі.
А Нідэрланды адзначылі свой уласны Дзень Перамогі ў сераду, даўшы даніну памяці канадскім вайскоўцам, якія вызвалілі краіну ад нацыстаў.
Украіна таксама ўпершыню адзначае 8 Мая, прычым не адмяняючы і святкаванне Дня Перамогі 9 мая.
Расія і Беларусь адзначаюць Дзень Перамогі заўтра, 9 мая.