Малдоўскі крызіс

Да гарачых кропак на прасторах СНД мае сумны шанец дадацца Малдова. З-за падзей ва Украіне абвастрылася сітуацыя вакол Прыднястроўя, у Гагаузіі перамаглі прарасійскія сілы, у Кішынёве ідуць вулічныя акцыі…



grazhdanskijj_kongress.jpg

 Пра актуальныя падзеі ў краіне журналісту НЧ Алегу Новікаву распавёў актывіст малдаўскай арганізацыі «Rezistenta Populara» Вадзім Лунгул.

—У апошніх рэпартажах з Малдовы паказваюць буйныя маніфестацыі ў цэнтры Кішынёва. У чым сутнасць пратэстаў? Ці паўплываюць яны на пазіцыі ўраду?

— Сутнасць у тым, што з трох камерцыйных банкаў быў канфіскаваны — а па сутнасці выкрадзены — 1 мільярд еўра, што прывяло да панікі на валютным рынку. Каб не «накрылася» ўся банкаўская сістэма, Нацбанк крэдытаваў на 5 мільярдаў еўра гэтыя банкі — інакш кажучы, нацыяналізаваў абавязак. Фактычна, людзей вымусілі плаціць двойчы: спачатку на гульні курсамі валют, а затым — выцягнуўшы нашы грошыкі з бюджэту. Пратэст развіваўся ў большай ступені спантанна, праз сацсеткі, хаця ў першы раз выйшла каля 4 тысяч чалавек. Лідары пратэсту выступаюць як прыхільнікі «праўдзівай» еўраінтэграцыі і вінавацяць улады ў тым, што яны толькі імітуюць еўраінтэграцыю. Магчыма, гэтымі пратэстамі спрабуюць рэабілітаваць саму ідэю еўраінтэграцыі, якая падмочаная еўраінтэгратарамі пры ўладзе.

— Тэма апатыі наконт еўраінтэграцыі гучыць вельмі дзіўна з улікам таго, што прыкладна год таму Малдова атрымала бязвізавы рэжым з ЕС.

— Парадаксальна, але бязвізавы рэжым асабліва не ўзмацніў праеўрапейскія настроі. Адказ просты — хто хацеў з’ехаць у ЕС, даўно з’ехаў. Той, хто хацеў працаваць па-за межамі Малдовы, атрымаў румынскі пашпарт, які дазваляе працаваць, у адрозненне ад цяперашняга біяметрычнага. Біяметрычны пашпарт дазваляе толькі перасоўванне, прычым з буйной сумай грошай (50 еўра штодня на чалавека).

— Зімой у Малдове адбылася дэвальвацыя лея. Наколькі гэта пагоршыла эканамічны стан малдаван? Якая цяпер сярэдняя зарплата ў краіне?

— Натуральна, пагоршыла. Таму нават грамадзянская супольнасць пачала прачынацца і вылучаць сацыяльныя патрабаванні, чаго да гэтага часу не назіралася. Нашы грамадзянскія арганізацыі сумленна адпрацоўваюць заходнія гранты, дзяржаўныя органы — наскрозь карумпаваныя, а палітычныя партыі — проста групоўкі па абароне інтарэсаў пэўных алігархаў. Эканамічнае становішча вельмі хісткае, зарплаты выплачваюцца вельмі нізкія, часта нерэгулярна. Дадалі зарплату суддзям і іншым чыноўнікам, вось сярэдні паказчык і вырас, але рэальная зарплата — дзесьці каля 150 долараў.

— Наступная заўважная падзея ў малдоўскім палітычным календары — чэрвеньскія выбары мэра сталіцы. Наколькі яны важныя для палітычнай будучыні краіны? Хто мае лепшыя шанцы стаць мэрам?

— Выбары кішынёўскага мэра — або, як яго называюць, прымара — вельмі важныя, хаця б таму, што гэта добры адмінрэсурс для будучых перадвыбарных кампаній. Дзеючы мэр, ліберал Дорын Кіртоакэ, паказаў сваю поўную недзеяздольнасць на гэтай ніве як «гаспадарнік». Калі яго рашэннем былі павышаны тарыфы на ваду і адменены бясплатны праезд для пенсіянераў і студэнтаў, раз’юшаныя жыхары горада ўварваліся ў ратушу і ледзь не збілі прымара. На выбары, хутчэй за ўсё, пойдзе Рэната Вусаты, бізнесмен-«браток», а таксама Майя Лагута, лідар арганізацыі па абароне правоў грамадзян «Salvgardare». Але сур’ёзная барацьба разгорнецца паміж трыма сіламі — дзеючай уладай, камуністамі, а таксама, безумоўна, сацыялістамі, якія сенсацыйна абышлі камуністаў на мінулых парламенцкіх выбарах. У гэтым заключаецца інтрыга.

— Чаму сацыялісты Ігара Дадона сталі вядучай левай і апазіцыйнай сілай у Малдове? Якая сітуацыя ў кампартыі ў кантэксце росту папулярнасці сацыялістаў?

— Партыя сацыялістаў уяўляе сабой тут прарасійскую частку малдаўскага электарату, якая вельмі значная, у тым ліку і на тэрыторыі РФ. Паводле апошніх дадзеных, такіх налічваецца каля 700 тысяч чалавек. Дадон адкрыта сустракаецца з прадстаўнікамі Дзярждумы РФ і робіць на гэтым піяр. Раней гэтую нішу займаў Уладзімір Варонін з Кампартыяй. Але з-за невыразнай пазіцыі, якую ён заняў на мінулых выбарах, частка электарату пайшла ад Вароніна і падтрымала Дадона. Камуністы набралі каля 20%, а Дадон — 26%, прычым абагнаў усе астатнія партыі. З іншага боку, у кампартыі Вароніна — разброд і хістанне. Асабліва пасля таго, як Варонін абраў сабе ў кумы алігарха Плахатнюка — лялькавода кішэннай дэмпартыі, і прагаласаваў за цяперашні ўрад. Маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя органы ўлады, хутчэй за ўсё, пакажуць поўны крах гэтай палітычнай сілы.

— Якімі ты бачыш перспектывы Прыднястроўя?

— ПМР выжывала да гэтага часу за кошт двух аспектаў — падтрымкі РФ і працы інфраструктуры, што засталася з часоў СССР. Дзякуючы былому рэжыму на Украіне, які быў лаяльны да ПМР, праблем з вывазам прадукцыі і падтрымкай не ўзнікала. Сёння Украіна спрабуе задушыць усялякае эканамічнае супрацоўніцтва з РФ. У дадатак у РФ з’явіліся новыя «донарскія вобласці» ў выглядзе Крыма і Данбаса. Як вынік, гэтыя прэферэнцыі для Малдовы будуць зменшаныя, што вымусіць, хутчэй за ўсё, зацягваць паясы і прывядзе да сацыяльных узрушэнняў (сацыяльныя пратэсты ўжо мелі месца ў лютым-сакавіку) і ўцёкаў грамадзян у тую ж Расію. У любым выпадку, РФ будзе і далей у меру сваіх магчымасцяў падтрымліваць ПМР, як фактычна расійскі фарпост, асабліва зыходзячы з цяперашняй канфрантацыі з ЗША і ЕС.

— Што, на тваю думку, чакае Малдову ў бліжэйшы час?

— Альянс правых партый пачаў распадацца, хоць несістэмныя лібералы пачалі вылучаць сацыяльныя патрабаванні, каб пасунуць «Альянс» і знайсці сабе месца ва ўладзе. Праўда, крызіс у зоне еўра вядзе да падзення падтрымкі выбаршчыкамі ўсіх тых, хто вядзе нас туды. Ліберальная партыя дабіваецца далучэння да Румыніі, прычым гатовая ўваходзіць нават без ПМР, а магчыма, і без Гагаузіі. Толькі ЕС на гэта ніяк не пойдзе, пасля падпісання дамовы аб Асацыяцыі, тавары з ЕС і так свабодна і бяспошлінна ўвозяцца ў РМ. Мяркую, Малдову чакае доўгі шлях па мадэрнізацыі і сертыфікацыі вытворчасці, што можа заняць каля 5 гадоў, і адгукнецца абвастрэннем сацыяльнай напружанасці.