Што стаіць за «справай Бяляцкага»?

Палітычнае лета–2011 для дэмакратычных сіл Беларусі адзначана адной перамогай — акцыяй «Стоп-бензін», напалову перамогай — акцыяй «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» і нечаканай драматычнай паразай — арыштам аднаго з выбітных праваабаронцаў, лідара незарэгістраванай грамадскай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага.



bialiacki_sud33.jpg

Параза не па ўласнай віне, а ўдарам у спіну, што нанеслі літоўскія і польскія сябры-дэмакраты, ад якіх да таго мелі адно — падтрымку. І не па прычыне ўласнай слабасці праваабарончай дзейнасці, а хутчэй па прычыне яе нечаканых для беларускіх уладаў моцы, прынцыповасці і непахіснасці, нягледзячы на няспынныя рэпрэсіі і запалохванні, вобшукі на офісе і прыватных кватэрах праваабаронцаў.


Афіцыйнае абвінавачванне Алесю Бяляцкаму — ухіленне ад выплаты падаткаў з тых сум, што ўтрымліваліся на рахунках у замежных банках. Гэтыя сродкі  ішлі на дапамогу рэпрэсаваным. Інфармацыю беларускаму боку перадалі Міністэрства юстыцыі Літвы і Генеральная пракуратура Польшчы. Пры гэтым Польшча здала сваю інфармацыю ўжо тады, калі Бяляцкі сядзеў у турме.


Напачатку вельмі стрыманыя і ўхілістыя тлумачэнні прадстаўнікоў вышэйназваных устаноў гэтай акцыі на сённяшні дзень зводзяцца да агульнай высновы: беларускія ўлады знайшлі магчымасць скарыстацца сістэмай міжнародных працэдур і дамоваў аб фінансавых трансакцыях, закліканай садзейнічаць кантролю над тэрарызмам і злачыннасцю для атрымання інфармацыі, якую яны затым выкарысталі для рэпрэсій у адносінах да ўласных грамадзян.


Перадача інфармацыі адбывалася на падставе двухбаковых дамоваў з Беларуссю аб прававой дапамозе ад 1992 года. Але чаму і дамовы, дый уся сістэма не былі выкарыстаны раней? Чаму не «здавалі» сваіх сяброў ні пры Адамкусе, ні пры Бразаўскасе?


Думаю, што галоўныя прычыны палягаюць не ў інтрызе беларускіх уладаў (якая несумненна), а ва ўнутраных палітычных складніках і тэндэнцыях — што ў Літве, што ў Польшчы.


На жаль, дакладных фактаў аб тым, як выспявала і фарміравалася гэтая справа, хто яе ініцыятары і праваднікі, вельмі мала. І прарываюцца гэтыя факты ў публічную сферу кроплямі, выключна пад ціскам хвалі асуджэння і абурэння з боку палітыкаў, аналітыкаў і журналістаў у Польшчы, Літве, іншых краінах ЕС. Тых, хто за фактам здрады беларускім дэмакратам адчулі пагрозу ўласным дэмакратычным здабыткам.


Вось асноўныя факты.


Беларускія ўлады звярнуліся ў лютым 2011 года да шэрагу краін ЕС з просьбай аб фінансавай інфармацыі. Здалі інфармацыю Літва — у сакавіку, і Польшча — у чэрвені. І не толькі на праваабаронцаў. Літоўскі бок задаволіў больш за 400 запытаў беларускіх уладаў. Польскі — толькі 16 і толькі ў гэтым годзе (?). На каго — адказу пакуль няма. Днямі адкрылася, што з беларускімі ўладамі супрацоўнічае і падатковая інспекцыя Літвы.


Прадстаўнікі вышэйназваных ведамстваў напачатку скандалу ў сваё апраўданне спасылаліся, што яны не падазравалі наконт магчымага выкарыстання банкаўскіх дадзеных дзеля палітычных рэпрэсій, не ведалі, хто такі Бяляцкі. Хутка, аднак, высветлілася, што міністэрствы замежных спраў абодвух краін пасля 19 снежня правялі кансультацыі з адпаведнымі ведамствамі аб умацаванні бяспекі, якая тычыцца банкаўскіх рахункаў грамадзян Беларусі. Аб тым жа цвердзілі НДА і эксперты на шматлікіх нарадах з прадстаўнікамі гэтых ведамстваў.


На пачатку скандалу вельмі стрыманай была і рэакцыя ўладных асоб і структур абедзвюх краін: прыкрая памылка, інцыдэнт, бюракратычны збой, які асуджаем, які не паўторыцца, але спецыяльнага расследавання не патрабуе. Асабліва настойліва гэтай высновы прытрымліваецца міністр юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус.


Аператыўна і даволі жорстка асудзілі гэты інцыдэнт найперш парламентарыі і міністры замежных спраў. Парламент Літвы прызначыў спецыяльную камісію па яго расследаванні. Папрасілі прабачэння прэм’еры і прэзідэнт Польшчы. Урэшце і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, на якую пасыпаліся абвінавачванні ў прыхаваным садзейнічанні ў выдачы інфармацыі, на 19 жніўня выклікала «на дыван» міністра юстыцыі. У адстаўку адпраўлены два кіраўнікі міжнароднага аддзелу Генеральнай пракуратуры. Урэшце — на дадзены момант гэта галоўнае — Літва і Польшча спынілі юрыдычнае супрацоўніцтва з беларускім бокам.


Чыйсьці разлік на нейкія палітычныя здабыткі праваліўся. Пытанне, чый і на што? Як падаецца, гэты інцыдэнт ёсць праяўленне вядомай з гісторыі тэндэнцыі рэваншу з боку звергнутых палітычных сіл, што змаглі прыстасавацца і мімікраваць пад прыхільнікаў новых парадкаў. У дадзеным выпадку — рэваншу на аднаўленне аўтарытарнай палітычнай сістэмы. Не абавязкова прыхільнікаў з ліку былых камуністычных функцыянераў і сістэмы ў старым фармаце.


Спакуса аднавіць аўтарытарны рэжым не пад дыктатам Крамля, а ў нацыянальным маштабе, можа падацца прывабнай і для новых, з маладых палітыкаў, што прыйшлі да ўлады праз дэмакратычныя працэдуры. І маюць ілюзіі праз ліквідацыю гэтых самых працэдур, затрымацца ва ўладзе назаўсёды.


Можа падацца прывабнай гэта ідэя і для часткі бізнэсоўцаў: пад дахам аўтарытарнай улады пазбавіцца ад канкурэнцыі і прырасціць свой капітал. Дапамагчы беларускаму рэжыму расправіцца са сваёй апазіцыяй, каб аслабіць уласную, — абсалютна ў логіцы падобнага кшталту палітычных сіл.


Хутчэй за ўсё, выдача рахункаў не была сігналам да непасрэднага перавароту, але пэўнай спробай сіл (магчыма, абсалютна спантаннай, неарганізаванай, справакаванай адным-двума палітыкамі). Сігнал трывогі для дэмакратычных сіл нашых суседзяў прагучаў. Яны яго, здаецца, распазналі.


Відавочна, што правалілася і задума беларускіх уладаў перавесці стрэлкі з палітычнага пераследу на быццам чыста эканамічны. Супадзенне па часе вызвалення 9 палітвязняў і арышту Алеся Бяляцкага тут наўрад ці выпадковае. Перавесці, падмяніць, але пры гэтым цалкам захаваць кантроль над апазіцыяй, як і ўсю сістэму застрашвання грамадства.


Правалілася таксама спроба пасварыць беларускую апазіцыю з дэмакратычнымі сіламі Літвы і Польшчы, краінамі ЕС, якія пацвердзілі сваю рашучасць дапамагаць дэмакратычным сілам Беларусі.


Цяпер іх гонарам з’яўляецца справа дамагчыся вызвалення чалавека, які па іх віне апынуся за кратамі, — Алеся Бяляцкага.