Сям’і заснавальнікаў брэнду адзення Honar пагражаюць статусам «сацыяльна небяспечнай»

Пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска даслала гімназіі № 23 прадпісанне правесці сацыяльнае расследаванне ў дачыненні сям’і Доўнараў. Сям’ю могуць паставіць на ўлік, бо дачка-другакласніца нібыта знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ніякіх уцямных прычын і дакументаў бацькам не паказалі. Нягледзячы на шматлікія праверкі і рады прафілактыкі, справа яшчэ не завершаная.

4rhpce35853tdvfdep1k70k2zaf6j8_org.jpg


Свабода пагаварыла з Паўлам Доўнарам.


«Патэлефанавала жанчына, якая назвалася ўчастковым інспектарам Надзеяй Івановай»

Павал Доўнар і Карына Адзесенка — заснавальнікі і дызайнеры адзення Honar. У сям’і гадуецца 8-гадовая дачка, якая вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі № 23.

fb235905.png


Паўтары месяцы таму Паўлу Доўнару патэлефанавалі са схаванага нумару. Жанчына, якая тэлефанавала, назвалася ўчастковым інспектарам Цэнтральнага РУУС Надзеяй Івановай. Прозвішча падалося Паўлу дзіўным.

 «Калі я запытаўся, а як па бацьку, жанчына вытрымала паўзу і сказала, што Іванаўна. Яна запрасіла мяне на размову. Я запытаўся, з якой нагоды, можа, штосьці расследуюць. Нічога звязнага і канкрэтнага не адказала. Я папрасіў даслаць позву. Яна запэўнівала: нібыта слалі, мабыць, позва не дайшла. Але я настойваў на позве, і яна раздражнёна завершыла размову словам “Хорошо”».

Потым да сям’і Доўнараў прыйшлі прадстаўнікі школы, да тэрыторыі якой яны адносяцца паводле месца жыхарства, хоць дачка вучыцца ў іншай установе — 23-й беларускамоўнай гімназіі на плошчы Якуба Коласа. Доўнары здзівіліся і спыталі, якое дачыненне яны маюць да той школы.

«Ніякіх дакументаў нам не паказалі. Калі я запытаўся, у чым нас вінавацяць, у чым праблема, мне адказалі, што могуць надаць сям’і статус “сацыяльна небяспечнага становішча” (СНС) — пракуратура Цэнтральнага раёна выдала прадпісанне правесці сацыяльнае расследаванне.

Я ўважліва прачытаў пастанову Савету Міністраў № 22. Нават калі нам хацелі “прышыць” нейкія палітычныя погляды, там такога няма. Сям’ю могуць паставіць на ўлік, калі там гвалт, дзіця не даглядаюць, не кормяць. То-бок за палітычныя погляды ну ніяк не могуць прыпісаць СНС.

Нам паведамілі, што нібыта ёсць нейкі фотаздымак нашага ўдзелу ў акцыі. Але нічога не паказалі, нават не сказалі, у якіх сетках той фотаздымак. Але гэта можа быць і фаташоп. На маю думку, калі ёсць здымак, яго павінен ацаніць эксперт», — разважае Павал Доўнар.


Даведка Свабоды:

Паводле закону, ёсць тры асноўныя крытэры, калі становішча дзяцей можа быць прызнана сацыяльна небяспечным. Тры ўмовы дакладна апісаныя ў пастанове Савету Міністраў ад 15 верасня 2019 году №22 «Аб прызнанні таго, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы»:

  • калі бацькі не задавальняюць асноўных жыццёвых патрэбаў дзіцяці (дзяцей не кормяць, у сям’і дрэнныя жыллёвыя ўмовы)
  • калі бацькі не забяспечваюць нагляду за паводзінамі дзяцей і яны ўчыняюць правапарушэнні ці злачынствы;
  • калі бацькі вядуць амаральны лад жыцця ці жорстка абыходзяцца зь дзецьмі.

Дзяржаўныя органы (упраўленне адукацыі, камісія справаў непаўналетніх, выканкамы, школа, дзіцячы садок ды іншыя) выяўляюць такія сем’і, праводзяць сацыяльнае расследаванне, прымаюць пастанову, укладаюць план захадаў, якія належыць правесці з сям’ёй, кантралююць іх выкананне — працэдура падрабязна апісаная ў пастанове ўраду.


«На якой падставе збіраюць нашы асабістыя звесткі?»

Павал абураецца, што нейкая камісія збірае асабістыя звесткі яго сям’і. «Цэлая камісія правярае аплату камунальных паслуг, накіроўвае запыты ў паліклініку, у міліцыю — ці былі адміністрацыйныя штрафы, шукае кампрамат. На якой падставе яны збіраюць нашы асабістыя звесткі?» — здзіўляецца спадар Доўнар.

Потым прыйшоў ліст ужо з гімназіі, дзе не пазначана імя дзіцяці. А што тычыцца маці дзяўчынкі, там наогул іншае імя і прозвішча, нейкая «спадарыня Кароль», працягвае Павал.

gi_9531_44617_big.jpg


«Да нас у дом прыйшла камісія з гімназіі. Самі настаўнікі дзейнічалі на загад дырэктаркі. У нашым выпадку мы проста пагаварылі, яны запоўнілі паперкі, што ўсё добра, і сышлі.

Спрабавала прыйсці яшчэ і міліцыя, але атрымалася смешная гісторыя. У нас вялікі сабака — аўчарка, ён такі гучны, галасісты. Прыйшлі пад дзверы 5 міліцыянтаў, пачулі брэх і самі кажуць: “Тут міліцыя, не адчыняйце”, і трымалі дзверы», — з усмешкай апавядае Павал.


«Я не ведаю, якая падстава. Мяркую, быў нейкі загад»

16 снежня Паўла і Карыну запрасілі ў гімназію на пасяджэнне «рады прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх» — менавіта так зваўся гэты орган. Прысутнічалі 7 чалавек — няпоўны склад. Удзельнікі прасілі прабачэння, што некалькі чальцоў рады хварэюць на каронавірус.

«Ніхто не назваўся. Некалькі чалавек я ведаў — педагогі з гімназіі. Астатніх я не ведаў, можа, там была і “Надзея Іванаўна Іванова” — без формы. Апавядалі нам жахі — як дзяцей тапілі ў ванне, паказвалі нейкія жудасныя фотаздымкі. Іх логіка — менавіта таму і мы знаходзімся тут.

Я пажартаваў, што нельга збірацца такой грамадой, зараз жа каронавірус. І наогул, маўляў, падзяліцеся на тройкі і прымайце рашэнне адразу расстрэльваць бацькоў, каб не было сацыяльна небяспечнага становішча ні ў бацькоў, ні ў дзяцей.

Карацей, шмат дэмагогіі, перакручвання, шчырай размовы не атрымалася. Нічога не паказалі — за што ж нас выклікалі і ў чым падазраюць.

8161cdec_f82f_4d9f_82a0_474afa6d1bf4_cx0_cy12_cw0_w1023_r1_s.jpg


Я шчыра кажу: не ведаю, якая падстава. Мяркую, быў нейкі загад. Яны казалі: гэта прафілактычная гутарка. Маўляў, “самі можаце хадзіць куды заўгодна, толькі дзяцей не вадзіце”. Я кажу: давайце школа будзе займацца навучаннем, а не невядома чым. Яны нібыта і пагаджаюцца: «Так, але мы дзяржаўная ўстанова», — расказаў пра пасяджэнне рады прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх Павал Доўнар.

На пасяджэнні рады паведамілі, што разбор працягнецца паводле яшчэ аднаго ліста, які яны пакуль не атрымалі, то бок гэта яшчэ не фінал.