«Чакаць, што нас выратуе Еўрасаюз ці ЗША, ці Расія, не варта»
Паўтара месяца таму
ў Беларусі запусцілі праект 23.34 — «грамадскае расследаванне парушэнняў з боку
міліцыі, звязаных з мірнымі акцыямі». 42.TUT.BY пагутарыў са стваральнікам
платформы пра тое, якая канчатковая мэта праекта.
Што такое спецпраект 23.34?
Артыкул 23.34 КаАП называецца «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Са жніўня гэтага года па ім былі затрыманыя без перабольшання дзясяткі тысяч беларусаў, якія атрымалі пасля суткі і штрафы.
У канцы кастрычніка ў байнэце быў запушчаны рэсурс 23-34.net. Мэта праекта, як сказана на сайце, «сабраць інфармацыю пра абсалютна ўсе парушэнні з боку міліцыі, звязаныя з мірнымі акцыямі, пачынаючы са старту перадвыбарчай кампаніі». Стваральнікі праекта абяцаюць правесці «вялікае грамадскае расследаванне ўсіх эпізодаў псіхалагічнага і фізічнага гвалту, катаванняў, неналежнага абыходжання і самога факту прыцягнення да адказнасці паводле артыкула 23.34 і іншых артыкулаў, якія ўлады выкарыстоўваюць для рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый».
Усіх, хто быў затрыманы падчас, пасля або ў сувязі з мірнымі пратэстамі і (або) асуджаны паводле артыкулаў 23.34, 23.4 альбо сумежных, просяць падзяліцца інфармацыяй. На сайце ўжо сабрана больш за чатыры тысячы гісторый.
Канчатковай мэтай праекта з’яўляюцца «сумленныя суды над усімі, хто быў датычны», фіксацыя кожнага выпадку гвалту, атрыманне поўнай карціны таго, што адбываецца, а таксама прадастаўленне даных для міжнародных арганізацый.
Цяпер праект
супрацоўнічае з шэрагам беларускіх фондаў, праваабарончых арганізацый і
ініцыятыў, такіх, як By_Help, Probono, «Вясна», Міжнародны камітэт па расследаванні
катаванняў у Беларусі, і некаторымі СМІ. Таксама ўжо распачатая праца з еўрапейскімі
праваабаронцамі і палітычнымі структурамі.
Якія даныя ўжо ёсць на сайце?
Цяпер на сайце сабрана больш за чатыры тысячы гісторый (калі дакладней, то 4339), з якіх можна вывесці агульныя тэндэнцыі апошніх месяцаў. Знгадаем некалькі цікавых фактаў адтуль — але адзначым, што даныя прыведзеныя на момант 14 снежня. Інфармацыя абнаўляецца кожныя суткі.
Як гаворыцца ў раздзеле «Пульс пратэсту», у 3819 гісторыях фігуруюць непасрэдна затрыманні (пік — 10 жніўня), а ў 520 — выклік позвай і іншымі спосабамі.
Агульная колькасць прысуджаных сутак склала 16 977. Агульная сума штрафаў — 853 510 рублёў.
У 1134 выпадках з 4339, па сведчаннях тых, хто запоўніў анкету, ужываўся фізічны гвалт: пры затрыманні, транспарціроўцы або ўжо ў РА(У)УС (часам у адной анкеце сустракаліся апісанні гвалту адразу на некалькіх этапах затрымання). Максімальная колькасць выпадкаў, згодна з раздзелам «Фізічны гвалт», здарылася, зноў-такі, 10 жніўня.
У 37,1% выпадкаў гвалт прымяняўся да мужчын, і ў 7,4% — да жанчын (адносна агульнай колькасці затрыманняў мужчын і жанчын адпаведна).
Паводле інфармацыі, прыведзенай у раздзеле «Партрэт пратэстоўца», 73% затрыманых па краіне — гэта мужчыны. А што да ўзросту — больш за ўсё людзей 30–34 гадоў.
Калі глядзець увогуле па Беларусі, то прадстаўнікоў прыватнага бізнесу сярод затрыманых — 59%, супрацоўнікаў на дзяржслужбе і з дзяржпрадпрыемстваў — 18%, а студэнтаў, пенсіянераў і беспрацоўных — 24%.
Больш за ўсё
пастаноў (з задакументаваных на платформе) вынес суддзя Першамайскага раёна Мінска
Максім Трусевіч: 74 пастановы, колькасць сутак — 601, сума штрафаў — 15 525
рублёў.
Хто стварыў гэты праект і навошта ён патрэбны?
Стваральніка праекта завуць Сяргей. Ён папрасіў не згадваць яго прозвішча і месца працы — хоць цяпер ён знаходзіцца ў неаплатным адпачынку за межамі Беларусі, але ўсё роўна не хацеў бы прыцягваць залішнюю ўвагу ўладаў да сваёй сям’і і працадаўцы.
Пра сябе Сяргей кажа, што з сям’і вайскоўцаў — фактычна, ён першы з «дынастыі», хто не прайшоў праз ваенную службу (дый тое выпадкова атрымаўшы траўму). У палітычнай дзейнасці таксама актыўнага ўдзелу не браў, але заўсёды быў неабыякавы да таго, што адбываецца ў краіне.
У жніўні 2020-га Сяргей знаходзіўся ў Мінску. Асабіста яго не затрымлівалі, але ў яго асяроддзі дастаткова людзей, якія атрымалі пакаранне паводле артыкула 23.34. Так што 1 кастрычніка ён узяў адпачынак за свой кошт і разам з беларускай-праваабаронцай з Бруселя прыкладна за тры тыдні стварыў платформу 23.34. Сяргею таксама дапамагала ў гэтай працы яго жонка, і на сённяшні момант яна працягвае разбіраць уваходныя водгукі ад людзей.
Усе выдаткі па стварэнні і падтрыманні працы Сяргей аплаціў са сваіх сродкаў.
— Я хацеў стварыць
платформу, якая істотна пашырае і аўтаматызуе магчымасці па зборы і аналізе даных,
якія сёння ёсць у «Вясны» (пазбаўлены рэгістрацыі Праваабарончы цэнтр. —
Заўвага TUT.BY) і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі.
Даць людзям інструмент, які дазволіў бы не ісці да праваабаронцаў або даваць
інтэрв’ю, а запоўніць анкету дома, у спакойных умовах, плюс сабраць даныя ад
людзей з не самымі жорсткімі кейсамі. Няхай іх і не збілі, але ў дачыненні да
гэтых людзей сапраўды гэтак жа быў парушаны закон, іх гэтак жа абылгалі ў
судзе, штурхалі і прыніжалі пры затрыманні, — кажа суразмоўца.
Дзяліцца сваімі гісторыямі бяспечна?
Каб дадаць сваю гісторыю на сайт, трэба ўсяго толькі запоўніць анкету — на гэта сыдзе ад 15 да 30 хвілін. Асабістыя даныя ўладальнікаў анкет не публікуюцца ў адкрытым доступе без іх згоды, а публічная аналітыка праекта не ўтрымлівае імёнаў, асобных пратаколаў або кантактных даных пацярпелых.
Пры запаўненні анкеты ў кожнага карыстальніка пытаюцца, ці згодны ён дзяліцца сваімі данымі з праваабарончымі арганізацыямі і іншымі партнёрамі, каб яны дапамаглі пры неабходнасці з выплатай штрафу, далі юрыдычную або псіхалагічную дапамогу. А таксама пра тое, ці згодны ён, каб інфармацыю перадалі ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі альбо СМІ.
Калі ўладальнік анкеты адкажа «так», то інфармацыю па ім пададуць пры запыце ў адпаведную арганізацыю. Аднак ніхто звонку не атрымае поўны доступ да ўсёй базы — валанцёры ад кожнай партнёрскай ініцыятывы працуюць толькі з часткай ананімізаваных даных, якія датычаць менавіта іх профілю. Доступ да кантактных даных уладальнікаў анкет даецца, толькі калі гэта неабходна для аказання ім дапамогі — напрыклад, Probono або By_Help не змогуць дапамагчы чалавеку без яго кантактных даных.
Абмен данымі
адбываецца з выкарыстаннем шыфраванага канала, даныя захоўваюцца на абароненых
серверах. Даныя карыстальніка могуць быць выдаленыя ў любы момант пасля запаўнення
анкеты — для гэтага толькі трэба зрабіць адпаведны запыт у тэлеграм-канал
t.me/belarus_2334.
Як правяраюць сапраўднасць гісторый?
Сяргей кажа, што ўсе гісторыі праходзяць базавую верыфікацыю. Да прыкладу, валанцёры правяраюць, ці сапраўды згаданы ў аповедзе супрацоўнік міліцыі або суддзя працуюць у названых установах, і ці не складаюць сумы штрафаў ды колькасць сутак велізарную лічбу, што магло б «паламаць статыстыку».
— У 60% выпадкаў нам дасылаюць пастановы і пратаколы, так што большасць гісторый верыфікаваная. Пры неабходнасці мы дадаём верыфікацыю праз СМС па тэлефонным нумары або па e-mail, каб выключыць магчымасць, што адзін чалавек здзяйсняе DDoS-атаку (запаўняе анкету шмат разоў з несапраўднымі данымі) з аднаго адрасу.
Пры жаданні падчас запаўнення карыстальнікі таксама могуць у адзін клік даць даныя сваіх анкет на платформе 23-34.net у праект «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў».
— Калі ў будучыні хтосьці з міжнародных праваабарончых арганізацый захоча атрымаць дэталёвыя доказы парушэнняў заканадаўства і міжнароднага права або атрымаць копіі пастаноў, якія ў нас захоўваюцца, або доступ да людзей, якія падалі анкету, каб узяць іх заяву, яны могуць скарыстацца формай для зваротнай сувязі на нашым сайце, — працягвае Сяргей. — Калі да нас звернуцца прадстаўнікі афіцыйных арганізацый, то мы дадзім ім доступ — але толькі да тых звестак, выкарыстанне якіх дазволілі самі людзі.
Пры гэтым нікому з
тых, хто звярнуўся, інфармацыя не даецца ў поўным аб’ёме — адкрываецца толькі
тая частка, якая адпавядае спецыфіцы іх працы.
Чаму рашэнне праблем беларусаў — справа рук саміх беларусаў?
Сяргей кажа, што праект першапачаткова мае праваабарончы фокус. Перш за ўсё, ён і яго партнёры арыентаваліся на тое, каб зрабіць аналаг праваабарончага інтэрв’ю, якое не прапускае ніводнай важнай дэталі.
Аднак у цэлым гэта толькі частка працы. Першы крок — стварэнне платформы — зроблены. Другі крок — пачаць супрацоўнічаць з дыяспарамі беларусаў за мяжой, каб яны перадалі інфармацыю пра сітуацыю ў роднай краіне далей, сваім палітыкам і праваабаронцам, — зроблены таксама. І пакуль Сяргей чакае рэалізацыі трэцяга. Да іх яшчэ не звярнуліся еўрапейскія палітыкі, але каманда ўжо перавяла на англійскую мову ўсю аналітыку і сам сайт. Калі хто-небудзь выявіць жаданне, яму ці ёй кожны тыдзень будзе прыходзіць на пошту дэталёвая справаздача па колькасці затрыманняў, прымяненні спецсродкаў і гвалту пры затрыманні і транспарціроўцы ў Беларусі.
Але пры гэтым стваральнік праекта падкрэслівае, што рашэнне праблемы ўсё ж знаходзіцца ў руках беларусаў.
— Добра, калі нам дапамогуць замежныя арганізацыі, але чакаць, што нас выратуе Еўрасаюз ці ЗША, ці Расія, не варта. Таму што любая перамога, атрыманая з рук старонніх, не з’яўляецца шляхам да свабоды.
Вядома, мне лёгка разважаць, знаходзячыся не ў Беларусі (хоць я быў у Мінску падчас выбараў і ў наступныя дні), але я думаю, што калі мы як нацыя не выпрацуем калектыўны імунітэт да цяперашняй хваробы і самі не атрымаем гэтую перамогу, то нічога добрага з гэтага не будзе.
Мы павінны самі выпрацаваць ахоўныя антыцелы, каб не захварэць наноў, стварыць інфраструктуру грамадзянскай супольнасці. Толькі беларусы могуць дапамагчы беларусам. Усё роўна, няхай гэта будуць дыяспары ці ж жыхары ўнутры Беларусі, але гэта павінна быць нашым унутраным пытаннем.