Віцебскага мастака асудзілі на два гады калоніі за замах дубінкай на міліцыянера

16 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска суддзя Сняжана Кіндзеева вынесла прысуд у дачынені да 27-гадовага мастака Уладзіслава Макавецкага, якога абвінавачвалі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Суд паракараў Уладзіслава Макавецкага двума гадамі калоніі агульнага рэжыму.

Уладзіслаў Макавецкі. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Уладзіслаў Макавецкі. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"


Пракурор прасіў суд пакараць Уладзіслава Макавецкага зняволеннем на 3 гады.
Перад пачаткам судовых спрэчак адвакатка Уладзіслава Макавецкага хадайнічала пра далучэнне да матэрыялаў справы распісак аб атрыманні грашовай кампенсацыі за маральную шкоду, якую заяўлялі раней пацярпелыя міліцыянты – малодшы сяржант Аляксандр Пятроўскі (500 рублёў) і старшы сяржант Дзмітрый Фядотаў (200 рублёў). Пацярпелыя заявілі ў судзе, што прэтэнзій матэрыяльнага і маральнага характару да Макавецкага больш не маюць. Суд хадайніцтва задаволіў.

Пракурор пра «адэкватную меру»

У сваім выступе пракурор настойваў, што Макавецкі браў актыўны ўдзел у шэсці, мэтанакіравана замахваўся падабраным гумавым дручком у бок супрацоўніка міліцыі Пятроўскага. Меў намер нанесці яму ўдар, хапаў міліцыянта за рукі, прычыніў яму фізічны боль. Выказваў у адрас апошняга вусныя пагрозы. Сваімі дзеяннямі Макавецкі нібыта перашкаджаў законнай дзейнасці міліцыянтаў па падтрыманні грамадскага парадку.
Падсумоўваючы, пракурор звярнуў увагу на такія змякчальныя акалічнасці, як пакрыццё маральнай шкоды пацярпелым міліцыянтам, і на тое, што да крымінальнай адказнасці Макавецкі прыцягваецца ўпершыню.
Разам з тым, «з улікам грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, мэтаў і матываў здзейсненага» пракурор палічыў, што адэкватнай мерай уздзеяння будзе прызначэнне для Макавецкага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адвакатка: Віна Макавецкага – недаказаная

У сваю чаргу, адвакатка Уладзіслава Макавецкага звярнула ўвагу суду на творчы патэнцыял і бездакорнае мінулае свайго падабароннага. Выказала меркаванне, што віна Макавецкага ў судовым следстве так і не была даказаная і што ў яго дзеяннях не было складу злачынства.
Адвакатка распавяла, што 20 верасня, калі даведалася пра пашкоджанні цела, нанесеныя Макавецкаму 6 верасня, яна хадайнічала аб правядзенні судова-медычнай экспертызы. Дазвол быў атрыманы, але сама экспертыза была праведзеная з вялікай затрымкай, што не дазволіла эксперту вызначыць механізм атрымання пашкоджанняў.
На думку абаронцы, паказанні міліцыянта Фядотава маюць супярэчлівы, непаслядоўны характар, і да іх трэба ставіцца крытычна.
З пункту гледжання адвакаткі, бок абвінавачання не мае і бясспрэчных доказаў наяўнасці намеру ў дзеяннях Макавецкага.
Не знайшло абвінавачанне і сведкаў, якія б пацвердзілі, што Макавецкі пагражаў міліцыянтам. Па словах адвакаткі, ніводны з прад'яўленых пракуратурай доказаў не ёсць безумоўны. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў Макавецкі не ўчыняў, ягоная віна ў ходзе судовага разбору не знайшла свайго пацверджання, а матыў і мэты ягоных дзеянняў прыпісаныя яму незаконна.
Адвакатка прасіла суд апраўдаць свайго падабароннага з прычыны адсутнасці ў ягоных дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК.

Макавецкі: Прашу не караць мяне строга...

У апошнім слове Уладзіслаў Макавецкі сказаў, што не меў намеру нанесці камусьці шкоду і нікому яе не прычыніў.
«Так проста атрымалася, і за гэта я прашу прабачэння. Прашу не караць мяне строга. Больш нічога не магу дадаць», – сказаў Уладзіслаў Макавецкі.
Нагадаем, паводле следства, 6 верасня падчас вулічнага шэсця на вуліцы Праўды ў Віцебску Уладзіслаў Макавецкі нібыта перашкаджаў законным дзеянням міліцыянераў, схіляў іх да змены характару гэтай дзейнасці, замахваўся на Фядотава «рукамі і нагамі», спрабаваў нанесці яму траўмуючае ўздзеянне, вусна пагражаў. Таксама міліцэйскай гумовай палкай, якую падняў з зямлі, замахнуўся ў бок Пятроўскага.
«Палка ў мяне ўпала, бо ў нейкі момант спацелі рукі», – тлумачыў на судзе супрацоўнік МУС Пятроўскі.
Сваёй віны Макавецкі не прызнаў, сцвярджаў, што не замахваўся на супрацоўніка дубінкай, не чыніў гвалту і не пагражаў.
Віцяблянін знаходзіцца пад вартай у СІЗА-2 Віцебску ад 18 верасня.
Уладзіславу Макавецкаму 27 гадоў, ён мастак па адукацыі, вядомы як аўтар 24-метровай драўлянай лыжкі, якую выразаў у Беразіне. Працаваў таксама ў цэнтры рамёстваў у Лёзне. Займаецца калекцыянаваннем і рэстаўрацыяй гістарычных артэфактаў.
spring96.org