Пахавала мужа, пасля — дачку, цяпер чакае сына з калоніі
«Наша Ніва» звязалася з Валянцінай маці асуджанага за надпіс на прыпынку 27-гадовы Стэфана Лазовіка з Горак, каб яна расказала пра сям’ю падрабязней.
Нагадаем храналогію падзей у справе Стэфана. Надпіс чырвонай фарбай: «Он
проиграл и стал убивать. С**т уходи!» з'явіўся на прыпынку ў Горках 12 жніўня. Першапачаткова Горацкі РАУС кваліфікаваў гэта як адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Аднак па ініцыятыве пракуратуры праз месяц справа рэзка стала крымінальнай: Стэфан стаў падазраваным па 341-м артыкуле (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці). Паралельна з гэтым яму выпісвалі штрафы за ўдзел у мірных пратэсных акцыях, што праходзілі ў Горках. У доме хлопца правялі ператрус, яму прапаноўвалі асудзіць пратэсты на відэа. Ад гэтай прапановы ён адмовіўся. У выніку 26 лістапада над ім адбыўся суд: суддзя Віктар Ясковіч прысудзіў Стэфану год калоніі, прызнаўшы вінаватым у «злосным хуліганстве».
Для Валянціны хай і часовая, але страта сына — гэта сапраўдная трагедыя. Ëн уже некалькі год быў асноўным яе памочнікам і гаспадаром у доме.
— Мой муж, былы выкладчык БДСГА, памёр у 2017 годзе праз анкалогію. І Стэфан усе праблемы сям’і, побытавыя рэчы адразу тады ўзяў на сябе.
Узяў на сябе Стэфан і цяжкае пахаванне, расследаванне па справе забойства сваёй малодшай сястры: яе не стала ў 2019 годзе. Марыя толькі скончыла ў Мінску першы курс, планавала быць мастаком. Забойцу прысудзілі 22 гады зняволення.
Пасля двух перажытых пахаванняў Валянціна і Стэфан засталіся адзін для аднаго самымі блізкімі людзьмі.
Жанчына расказвае пра сына з асаблівай цеплынёй. Вучыўся ён у 4-й горацкай школе, заўсёды вельмі цікавіўся гісторыяй. Нейкі час супрацоўнічаў з мясцовым недзяржаўным выданнем «УзГорак». Пасля сканчэння школы паехаў на заробкі ў Маскву, дзе працаваў у сферы гандлю. Вярнуўшыся, паступіў у БДСГА на сельскае будаўніцтва. Пазней зарэгістраваўся ў якасці рамесніка.
— Ëн робіць самыя розныя рэчы з дрэва. У тым ліку рэстаўрацыяй займаўся. У нас уласны дом, дык сын з памяшкання побач з гаражом уладкаваў сабе майстэрню. Пакуль у распараджэнні ў яго быў мінімальны набор — фрэза, піла… Але ён марыў зарабіць грошай і купіць больш інструментаў. Яму сапраўды падабалася працаваць з дрэвам, ён планаваў у гэтым кірунку развівацца.
Пасля выбараў у Горках, як і ў шмат якіх іншых гарадах Беларусі, праходзілі мірныя акцыі супраць фальсіфікацый і гвалту. Стэфан яшчэ напярэдадні выбараў пайшоў у незалежныя назіральнікі.
— Першы час нікога не затрымлівалі, яшчэ ў жніўні больш-менш спакойна было ў нас. Дык шмат людзей хадзіла на акцыі, цяпер менш, — кажа Валянціна.
Маці паспела атрымаць ад сына ўжо тры лісты. У іх Стэфан піша, што ўмовы ў камеры добрыя, рамонт свежы. Сярод сукамернікаў людзі розных прафесій і адукацыі, але ўсе падтрымліваюць адзін аднаго.
Валянціна да гэтага часу не верыць, што за нейкі надпіс маглі даць ажно год калоніі. Таму будзе рабіць усё, каб абскардзіць гэты прысуд з адвакатам.
— Я думала, што мы абыдземся штрафам, але каб пасадзілі… Складана, складана нават быць адной у доме. Вядома, я не ведала пра існаванне гэтага надпісу да абвінавачвання. Я не ўхваляю гэты крок сына, проста таму, што глабальна надпісам праблемы не вырашыш. Гэта ўсё на эмоцыях… Але Стэфана ні за што не асуджаю: гэта мой сын, і я буду яго ва ўсім падтрымліваць. Любая маці павінна падтрымліваць.
Валянціна кажа, што пры жаданні яны б даўно маглі з’ехаць з Беларусі ў Германію: Стэфана назвалі ў гонар нямецкага сябра таты — Штэфана. Яны былі гатовыя дапамагчы сям’і там уладкавацца.
— Але мы без лішняга пафасу — патрыёты сваёй краіны. Гэта наша сямейная рыса. Гэта не высокія словы, каму так можа падацца: мы сапраўды нават ніколі не думалі пра тое, каб кудысьці з’ехаць.
На волі Стэфана засталіся чакаць сябры і дзяўчына, якія таксама пішуць яму лісты. Тое можаце рабіць і вы, каб яго падтрымаць.
Актуальны адрас на гэты момант:
вул. Крупскай, 99А, СТ-4, к. 43. г. Магілёў, 212011, Стэфану Лазовіку.