Хто падставіў Аляксандра Рыгоравіча?

Чуткі пра чарговую рэзідэнцыю Лукашэнкі не спраўдзіліся, але пытанні засталіся. Акрамя таго, скандал з «рэзідэнцыяй» прыцягнуў увагу да іншых «будоўляў стагоддзя», на якія замахнуліся ўлады.

budoulja_logo.gif


Жыхары пасёлку Шаршуны Мінскага раёна і нейкія ананімныя крыніцы распавялі тэлеканалу «Белсат», што ў гэтым месцы ўжо некалькі гадоў дабудоўваюць шыкоўны комплекс для кіраўніка Беларусі, які ён пастаянна наведвае. Тыя, хто ведае пра будынак, распавядаюць, што там ёсць басейн, лазні, тэнісныя корты, корпус для прыслугі, верталётная пляцоўка.

З наяўнасці на аб’екце верталётнай пляцоўкі і было вырашана, што гэта — чарговы офіс кіраўніка дзяржавы.

Хваля ўзбуджэння з гэтай нагоды ў сацыяльных сетках трымалася некалькі дзён. Што сімптаматычна: тыя некалькі дзён улады маўчалі. І толькі пасля з’віліся звесткі: таямнічы комплекс належыць не кіраўніку дзяржавы, а расійскаму алігарху Міхаілу Гуцырыеву. Пра гэта TUT.BY паведамілі «інфармаваныя крыніцы».

У 1990-х гадах гэтая пляцоўка належала дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Краснасельскае». Затым перайшла ва ўпраўленне яшчэ адной структуры КСП — «Дыпсэрвіс». Пару гадоў таму ўчастак узяла ў арэнду на 100 гадоў кампаніяй «СертусАвиа», афіліяваная з Гуцырыевым. Будынкі на тэрыторыі таямнічага аб’ёкту належаць кіпрскай афшорнай кампаніі. «Блатберг Холдингс Лімітэд».

bez_nazvanija_7.png

Такім чынам, чуткі пра «рэзідэнцыю» і апынуліся «нездаровай сенсацыяй».

Але чаму гэтая сенсацыя ўвогуле стала магчымай? Ці не прасцей было адразу ж патлумачыць, што кіраўніцтва справамі беларускага правадыра, і тым больш ён сам, не мае да аб’екту ніякага дачынення? Навошта было рабіць з гэтага таямніцу і «распальваць сацыяльную варожасць»? Дый тое, што стала вядома пра таямнічы аб’ект, выклікае тыя ж пытанні. Як «Белсат», так і TUT.BY спасылаюцца на нейкіх «кампетэнтных асоб» і «інфармаваныя крыніцы».

rezidencia1.jpg


А вось што робіць прэс-служба кіраўніка дзяржавы, да якога скандал мае непасрэднае дачыненне, — загадка. Між тым, менавіта ў іх функцыі павінна ўваходзіць тлумачэнне сітуацыі. Выглядае, што нехта падстаўляе кіраўніка Беларусі.

Адбываецца тое, пра што журналісты казалі ўжо даўно як пра сістэмную праблему. Менавіта закрытасць дзяржаўных структур шкодзіць, найперш, ім самім. Каб той жа «Белсат» мог звярнуцца па каментар у дзяржструктуры, і там бы гэты кампетэнтны каментар далі, — не было б ніякай сенсацыі.

Між тым, яшчэ ў 2015-м «Наша Ніва» налічыла 16 сядзібаў беларускага кіраўніка па ўсёй краіне. Каментатары пачалі разважаць, навошта яму столькі і што з імі рабіць.

Каардынатар аргкамітэту па стварэнні БХД Павел Севярынец у Фэйсбуку ўжо прапанаваў аддаць будынак на праспекце Пераможцаў будучаму Беларускаму нацыянальнаму ўніверсітэту, Астрашыцкую рэзідэнцыю — гісторыкам, Бярэзінскую ды Прыпяцкую — абаронцам прыроды, а Шаршуны — Ніне Багінскай. Гэтыя прапановы адразу выклікалі навалу крытыкі. Маўляў, Палац незалежнасці непрыстасаваны для ўніверсітэту, кепская лагістыка (нязручна да яго ездзіць) і ўвогуле лепей аддаць яго музею. Ці пакінуць у існым стане — для прыёму замежных дэлегацый.

Між тым, не ўсе рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы «безгаспадарныя». Напрыклад, будынак у Вайсковым завулку, які таксама лічыцца адной з рэзідэнцый (зараз там рэгулярна праходзяць перамовы працоўных груп па Украіне) быў перарэгістраваны як гатэль. Праўда, ці можна там пажыць чалавеку «з вуліцы» — вялікае пытанне.

Рэзідэнцыяй таксама называюць базу адпачынку «Крупеніна» ў 30 кіламетрах ад Віцебска — два корпусы і некалькі VIP-катэджаў. Туды прыязджалі Уладзімір Пуцін, Леанід Кучма, і спыняўся патрыярх Кірыл. Калі рэзідэнцыя не занятая, у «Крупеніна» можа пабываць любы жадаючы. Самы просты нумар у 2015 годзе каштаваў каля $40, а дарагі катэдж — $530.

Скандал з «рэзідэнцыяй» прыцягнуў увагу да іншых «будоўляў стагоддзя», на якія замахнуліся ўлады. Высветлілася, што побач з Палацам незалежнасці паўстае новы будынак Вярхоўнага суда. У будынку 5 наземных паверхаў і адзін падземны з тэхнічнымі і спецыяльнымі памяшканнямі, па знешнім выглядзе ён адпавядае стылю Палаца незалежнасці. Мяркуецца, што да канца 2018 года новабудоўля будзе гатовая. У 2019-м нас чакаюць Еўразійскія гульні — зноў выдаткі. Да іх мы павінны скончыць рэканструкцыю стадыёну «Дынама» і адкрыць Цэнтр мастацкай гімнастыкі. Не дабудаваная яшчэ і Беларуская АЭС.

Між тым, знешні доўг Беларусі напрыканцы 2016 года дасягнуў $13,5 мільярда. Прычым, суадносіны знешняга дзярждоўгу да ВУП могуць дасягнуць 29% (пры ўмове, што знешні дзярждоўг захаваецца на ўзроўні 2016-га, а ВУП складзе прагназуемыя $46,5 мільярда). То бок, нават пры самым спрыяльным развіцці падзей мы апынёмся за межамі фінансавай бяспекі: па параметрах эканамічнай бяспекі, прыведзеных на сайце Мінфіна, знешні дзярждоўг па адносінах да ВУП не павінен перавышаць 25%.

Ці варта ў такіх умовах замахвацца на мегапраекты? Можа быць, уладзе самой варта скарыстацца парадай, якую рэгулярна дае насельніцтву, — «зацягнуць паясы»?