Валютныя ўклады беларусаў за 2016 год скараціліся на 700 млн долараў
За мінулы год тэрміновыя ўклады насельніцтва Беларусі ў замежнай валюце скараціліся на 9% і апусціліся да мінімальнага з 2014 года ўзроўню.
Як сведчаць дадзеныя банкаўскай статыстыкі, па стане на 1 студзеня 2017 года тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва склалі 6 млрд 998,9 млн долараў. За год яны скараціліся амаль на 700 млн долараў (на пачатак 2016 года дэпазiты фізічных асоб у замежнай валюце складалі каля 7,7 млрд долараў).
Тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва ў 2016 годзе павялічыліся (з улікам налічаных працэнтаў) на 12% і дасягнулі 2,95 млрд рублёў. Пры гэтым варта адзначыць, што сярэдняя стаўка па рублёвых дэпазітах фізічных асоб у мінулым годзе склала 18,3% (з тэрмінам размяшчэння сродкаў да года) і 21,4% (пры ўмове размяшчэння сродкаў больш за год). Такім чынам, без уліку налічаных працэнтаў у мінулым годзе адбылося зніжэнне і рублёвых дэпазітаў фізічных асоб.
Памяншэнне ўкладаў насельніцтва эканамісты тлумачаць галоўным чынам тым, што рэальныя даходы грамадзян у мінулым годзе працягвалі скарачацца.
"Тэндэнцыя зніжэння зберажэнняў, мабыць, захаваецца. Рэальныя даходы насельніцтва ў мінулым годзе зноў зменшыліся, і, каб падтрымаць спажыванне на ранейшым узроўні (а жаданне такое ў насельніцтва прасочваецца), у ход ідуць зберажэнні", — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН навуковы супрацоўнік беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
У найбліжэйшы час росту даходаў насельніцтва не прадбачыцца, мяркуе акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова. Рэакцыя насельніцтва на гэту сітуацыю можа быць дваякай, лічыць яна. З аднаго боку, хатнія гаспадаркі спрабуюць за кошт зберажэнняў падтрымліваць узровень спажывання на дакрызісным узроўні. "Аднак калі насельніцтва канчаткова ўсвядоміць, што на рост заробкаў разлічваць у найбліжэйшыя гады не трэба, магчыма, хатнія гаспадаркі перагледзяць свае паводзіны і знізяць спажыванне, што стабілізуе ўзровень зберажэнняў", — выказала меркаванне Барнукова.
Паводле яе слоў, статыстыка валютнага рынку сведчыць аб тым, што аб'ём замежнай валюты, якую насельніцтва на чыстай аснове прадае ў банках, у апошнія месяцы стаў зніжацца. "Верагодна, грамадзяне паспрабуюць збалансаваць свае даходы і расходы, і таму ўжо ў 2017 годзе аб'ёмы чыстага продажу валюты з боку насельніцтва могуць быць ніжэйшыя, чым ў 2016 годзе", — прагназуе аналітык.
Як паведамлялася раней, насельніцтва на наяўным рынку ў 2016 годзе прадало замежнай валюты на 2,4 млрд долараў больш, чым купіла. Нацыянальны банк раней тлумачыў залішнюю прапанову валюты з боку насельніцтва тым, што яно за кошт продажу валютных зберажэнняў спрабуе падтрымліваць спажыванне на дакрызісным узроўні.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН