Вадзім Іосуб: Грошы захоўвайце ў рублях і доларах
Старшы аналітык кампаніі «Альпары» даў парады, як лепш захоўваць зберажэнні ў сённяшняй сітуацыі.
Апошнім часам на валютным рынку захоўваецца больш-менш стабільная сітуацыя, таму многія задаюцца пытаннем: можа лепш перавесці валютныя рахункі на рублёвыя дэпазіты, бо па апошніх большыя адсоткі?
Вадзім Іосуб раіць:
— Заўсёды трэба зыходзіць з таго, што мы не ведаем, якой будзе сітуацыя ў будучым, а таму любы ваш прагноз мае шанцы не спраўдзіцца. Таму класічны адказ на такую нявызначанасць — не захоўваць яйкі ў адным кошыку. На сённяшні дзень уклады ў беларускіх рублях выглядаюць больш прывабнымі, улічваючы рознасць ставак у валюце і рублях, а таксама інфляцыю ў 9 адсоткаў, якая запланавана. Тым не менш, заклікаць усіх пераводзіць свае валютныя зберажэнні ў рублёвыя дэпазіты — таксама няправільна. На мой погляд, такая тактыка выглядае занадта рызыкоўнай. Асабліва з улікам гісторый дэвальвацыі рубля ў краіне ў розныя часы. Таму, нягледзячы на прывабнасць рублёвых зберажэнняў, мне здаецца, што ў сённяшняй сітуацыі варта падзяліць грошы для захоўвання ў прапорцыі 50 на 50 паміж беларускім рублём і валютай. Пры гэтым, калі мы кажам пра беларускія рублі, то захоўваць іх патрэбна на дэпазіце, а не ў “шкарпэтках”.
— А калі казаць пра валютную частку…
— Па-першае, нас чакае, хутчэй за ўсё, і далейшае зніжэнне ставак па валютных дэпазітах, а ў гэтым выпадку амаль знікае розніца паміж захоўваннем грошай на банкаўскім рахунку і “ў шкарпэтцы”. Але ж, калі казаць пра валюту, то я б у гэтым годзе аддаў перавагу долару, а не еўра ці расійскаму рублю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя