Белсат раскрыў новую шыкоўную рэзідэнцыю Лукашэнкі?
Законна падʼехаць да гэтага месца немагчыма...
Паселішча Шаршуны Мінскага раёну да сёння мільгала ў навінавых стужках
толькі з дзвюх прычынаў: у 2009-м у блізкай вайсковай частцы жаўнеры
загуляліся ў дзедаўшчыну ды забілі свайго 21-гадовага саслужыўца, а ў
2012-ым мясцовыя знайшлі незаконны могільнік быдла, поўны тушаў здохлых
свіней. Але галоўную таямніцу гэтых мясцінаў берагуць гэтак старанна,
што жыхары Шаршуноў гавораць пра яе толькі шэптам.
Ці звязанае месца Пральня над затокаю ракі Удры ды Лукашэнка?
Ананімныя крыніцы «Белсату» і жыхары Шаршуноў сцвярджаюць, што так. Паводле гэтай інфармацыі, тут ужо некалькі гадоў дабудоўваюць шыкоўны комплекс для кіраўніка Беларусі, які ён стала наведвае. Тыя, хто ведае пра будову, распавядаюць, што там ёсць басейн, лазні, тэнісныя корты, корпус для прыслугі, верталётная пляцоўка…
Законна падʼехаць да гэтага месца немагчыма
Знак на дарозе забараняе ўезд. Тым не менш па кароткай шашы, якую бесперапынна чысціць спецтэхніка, курсуюць дзясяткі аўтаў. Сярод іх мы сустрэлі службу чысткі басейнаў і джакузі. Адзінае выйсце – кінуць транспарт і пайсці пешкі. Перад уязною брамаю – міліцыя, якую мясцовыя раяць нам абыходзіць. Тэрыторыю агароджвае плот са шчыльна расстаўленым відэаназіраннем. Бачна, што спадарожнікавыя здымкі значна састарэлі. Тэрыторыя выглядае, хутчэй, як санаторый, а не як будаўнічая пляцоўка. Тут жа і месца для пасадкі верталётаў.
«Раз тут святкавалі нешта, то такі феерверк рабілі, шары запускалі, я такога ў Мінску не бачыў, я вам шчыра скажу», — сведчыць мясцовы жыхар.
Усім кіруе Упраўленне справамі прэзідэнта
Зямля пад комплексам належыць дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Краснасельскае», якая ў сваю чаргу падпарадкоўваецца Упраўленню справамі прэзідэнта. Па чутках, шмат гадоў таму тут будавалі гатэль украінскія інвестары, пазней, як кажуць, укладаў грошы расейскі алігарх Барыс Беразоўскі. Пад новы комплекс старыя забудовы былі зруйнаваныя. Навошта? Адказу варта шукаць у імавернага замоўцы.
У 2015-ым годзе «Наша Ніва» падлічыла, што ў беларускага кіраўніка 16 сядзібаў па ўсёй краіне.
Навошта ў складаны эканамічны час будаваць сямнаццатую?
А можа, кіраўнік Беларусі шукае прыватнасці і бяспекі? Вакол толькі лес, а за тры з паловаю кіламетры —разлік супрацьпаветранай абароны з комплексамі С-300. Дый месца прыгожае — новы памаранчавы плот уздоўж усіх Шаршуноў, чыстыя ад снегу дарогі.
«Ён ведае што ён цар і яму за гэта нічога не будзе, нам кажа паясы зацягваць, а сам сабе можа і 17 і 25 і 38-мую будаваць», — кажа журналістка Святлана Калінкіна.
Спадарыня Калінкіна ўзгадвае, што пасля візіту ў шыкоўную рэзідэнцыю былога ўкраінскага прэзідэнта Януковіча, з залатымі ўнітазамі, фазанамі ды прыватным заапаркам, Аляксандр Лукашэнка быў, бадай, адзіным, каго яна моцна не ўразіла.
Паводле belsat.eu