Сяргей Навумчык: Фактары Антончыка і Сіўчыка — зрабіць высновы на будучыню
«Давялося чуць папрокі — «Ну, і дзе вашае «зваленне рэжыму»? Пры гэтым забываюцца, што гаворка ішла не пра «выйшлі і разышліся», а — «выйшлі і засталіся». У сваім тэлеграме экс-дэпутат Вярхоўнага савета і журналіст Сяргей Навумчык разважае, чаму не атрымалася мірная рэвалюцыя 2020 года.
У працяг дыскусіі пра верагоднасць перамогі ў жніўні 2020
і характар пратэстаў (мірны ці не мірны). Агульнапрыняты аргумент супраць тых,
хто ставіць пад сумнеў абраную лідарамі тактыку масавых дзеянняў — «А калі б
пачалі рваць на часткі сілавікоў, штурмаваць адміністрацыйныя будынкі, будаваць
барыкады — Пуцін увёў бы ў войскі».
Падаецца, гэта — падмена паняццяў, абвінавачванне апанента ў тым, што ён не казаў. Заняць будынак — гэта не абавязкова браць яго штурмам. Блакаваць сілавікоў — не абавязкова рваць іх на часткі (пра гэта, між іншым, ніхто і не казаў, ва ўсякім разе я такога не чуў; а вось наконт таго, што павінна быць пасля падзення рэжыму — чую пастаянна). Ну і барыкады не абавязкова рабіць з экспрапрыяваных у грамадзянаў перакуленых аўтамабіляў.
Нарэшце, Пуцін. Мы забываемся, што некалькі дзён пасля 9 жніўня Пуцін маўчаў — і сілавікі маўчалі. Сілавікі чакалі, што скажа Пуцін. Абсалютна ясна, што калі б Пуцін пазваніў ЛЮБОМУ беларускаму генералу і сказаў — «Я полагаю, что в эти критические дни Вы, генерал, должны быть с народом», — у лепшым для Лукашэнкі варыянце лайнер унёс бы яго ў блакітныя нябесныя прасторы (надвор’е ў тыя дні, памятаецца, было лётным).
І тут я цалкам згодны з Паўлам Мацукевічам, які ў інтэрв’ю «Салідарнасці» сказаў, што «Если бы хотя бы один из топов, вроде Владимира Макея дрогнул, могла рассыпаться вся пирамида Хеопса. Из топов Сергей Румас, похоже, был ближе всех к тому, чтобы дрогнуть». І далей: «Поддержка режима Владимиром Путиным сыграла, наверное, решающую роль для топов».
То-бок, тут шмат залежала ад тактыкі, абранай пратэстоўцамі. «Топы» мусілі бачыць Плошчу.
Дазволю сабе яшчэ адну цытату, гэтым разам пісьменніка Дзмітрыя Бартосіка: «Калі вы крычыце „Кожны дзень!“, а выходзіце толькі ў нядзелі, гэта няправільна. Але не! У нядзелі мы робім прыгожыя плакаты, гламурныя лозунгі, а ў панядзелак мы ідзем на працу. Гэта не „кожны дзень“. І не „кожны дзень“, а „каждый день“. Можаце называць мяне старым дурным бээнэфаўцам, але не. Тады крычыце: „Воскресенье, воскресенье!“. Актыўнай фазы не было».
Мне (як і іншым, хто калісьці казаў, што 150 тысяч людзей на Плошчы цягам трох дзён зваляць рэжым) давялося чуць папрокі — «Ну, і дзе вашае «зваленне рэжыму»?
Пры гэтым забываюцца, што гаворка ішла не пра «выйшлі і разышліся», а — «выйшлі і засталіся».
Ужо тады, пасля 12 жніўня (важнае ўдакладненне: кажучы пра тактыку пратэстаў, я маю на ўвазе менавіта дні пасля 12-га, калі пачалі выпускаць з Акрэсціна і РАУСаў, калі народ вывела на вуліцы не столькі фальсіфікацыя на «выбарах», колькі абурэнне катаваннямі з боку сілавікоў, і людзей было ў разы болей, чым непасрэдна пасля «выбараў») — дык вось, ужо ў тыя дні шмат хто пісаў: «Не трэба разыходзіцца! Трэба заставацца!».
Адразу заўважу, каб запазбегчы папрокаў у «лёгка раіць з-за мяжы»: пісалі людзі, якія былі ў Беларусі і якія самі выходзілі. Але, відаць, успрыняць такія заклікі людзі маглі ТОЛЬКІ ад тых, хто зрабіўся сімваламі пратэстаў.
Мне кажуць: лідараў не было. Ну як жа —"не было”? Ды зайдзіце ў інтэрнэт, у жнівень 2020 пачытайце, хто пазіцыянаваў сябе як лідары (ужо пасля таго, як Ціханоўская была вывезеная ў Літву). Ніхто з іх на звароты беларускіх ды замежных журналістаў не адказаў — «Не, прабачце, я тут ні пры чым, да ўсяго, што адбываецца, я адносінаў не маю, ідзіце пытайцеся ў іншых».
І хто тады вызначаў месца збору людзей, хто кіраваў стотысячнымі калонамі, хто выпрацоўваў маршрут, хто даваў каманду, каб разыходзіліся? І чаму не прагучала каманда — каб не разыходзіліся?
Вось толькі не кажыце мне, удзельніку шматтысячных шэсцяў і вядоўцу шмат якіх мітынгаў пачатку 90-х, што ўсё адбывалася спантанна. Гэтак не бывае.
Калі я ўзгадваю, што да дзейнасці Кансультацыйнай Рады не былі прыцягнутыя (за выключэннем двух-трох) прафесійныя палітыкі, мне прыгадваюць правальны праймерыз і падобнае: і на што здольныя гэтыя вашы палітыкі?
Але я маю на ўвазе не ўдзельнікаў праймерыз, а тых, у каго за плячыма вопыт куды большы.
Пагаджаючыся з тым, што агульнанацыянальны страйк, калі б ён быў сапраўды агульнанацыянальны і пратрымаўся пару тыдняў, гарантавана змёў бы Лукашэнку (Пуцін не мог бы прыставіць да кожнага з сотняў тысяч яго ўдзельнікаў па адным «росгвардзейцы») — мне цікава, ці быў запрошаны (ну хаця б для кансультацый) дэпутат Апазіцыі БНФ і лідар рабочага руху пачатку 90-х Сяргей Антончык — так, той самы, які быў арганізатарам славутага красавіцкага страйку 1991-га (калі на Плошчы ў Менску было 100 тысяч рабочых, а ў Воршы быў перакрыты чыгуначны рух, калі ўлады былі вымушаны даць рэгулярны прамы тэлеэфір страйкоўцам?).
Між іншым: а ці была спроба запатрабаваць (пры ўдзеле стотысячнай калоны) прамы тэлеэфір на БТ? Такі эфір быў прадстаўлены лідарам БНФ на патрабаванне 100-тысячнага мітынгу ў лютым 1990-га. А ў тым самым жніўні 2020-га ў Гародні пратэстоўцы дамагліся прамой тэлетрансляцыі мітынгу па мясцовым тэлебачанні.
Чытаючы меркаванні, што калі б людзі заставаліся на Плошчы і праспектах, сітуацыя магла б развівацца па-іншаму (той жа Румас паводзіў бы сябе інакш, ды і шмат хто іншы), падаецца, што заставацца на плошчы — гэта таксама мірны пратэст, ці не так?
І тут я прыгадваю Вячаслава Сіўчыка — гэтым разам не як аднаго з першых палітычных вязняў, не як арганізатара масавых шэсцяў БНФ 90-х, а як арганізатара таго самага цяпер ужо легендарнага палатачнага лагеру на Плошчы — 2006.
Зрэшты, адказ на пытанне — ці звярталіся да іх па дапамогу, я ведаю, як і тое, што адказалі тым, хто прапаноўваў сваю дапамогу.
І пішу я гэта не каб у чарговы раз выказаць папрокі (тым больш што мы да гэтага часу не ведаем усіх акалічнасцяў) — а каб зрабіць высновы на будучыню.
Павінна ж Гісторыя нас калі-небудзь чаму-небудзь навучыць, урэшце рэшт.