Севярынец: “Такія акцыі пад канвоем асаблівага задавальнення не выклікаюць”
У сёлетнім “Чарнобыльскім шляху” ўзяло удзел каля 500 чалавек, арганізатары лічаць, што “яны добра скарысталіся магчымасцю прайсці па вуліцах Мінска"

У Мінску прайшло традыцыйнае жалобнае шэсце “Чарнобыльскі шлях”, прысвечанае гадавіне аварыі на ЧАЭС. Гэтым разам арганізатары вырашылі абмежавацца выключна шэсцем без мітынгу. Нягледзячы на добрае надвор’е, выхадны дзень і дазвол уладаў, людзей прыйшло не вельмі шмат. Але па словах аднаго з арганізатараў шэсця, намесніка лідара Руху “За свабоду” Юрася Губарэвіча, у адказ на гэта можна сказаць, што магло быць і яшчэ горш.
Губарэвіч: “Зразумела, людзей менш, чым на папярэднім “Дні волі”, але такая, напэўна, традыцыя ў Беларусі, калі на “Дзень
волі” прыходзіць крыху больш людзей, на “Чарнобыльскі шлях” — троху менш. Тым не менш, я лічу, што мы добра выкарысталі магчымасць легальна прайсці па цэнтральных
вуліцах Мінска. На маю думку, у сённяшняй акцыі ўзялі ўдзел 500-700 чалавек. Але тысячы і тысячы пабачылі нас з вокнаў сваіх кватэр і аўтамабіляў, грамадскага транспарту. Для людзей Беларусі гэта
сведчанне, што ёсць яшчэ тыя, хто не баіцца адкрыта выходзіць на вуліцы, выяўляць свае погляды”.

Калегу падтрымлівае і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Севярынец: “Такія акцыі пад канвоем, натуральна, асаблівага задавальнення не выклікаюць, малалікая даволі акцыя, але яна паказвае, што людзі і праз 29 гадоў
пасля катастрофы на ЧАЭС выходзяць на акцыю памяці і з пратэстам. Гэта добра. Падчас акцыі мы збіралі подпісы за вылучэнне Мікалая
Статакевіча кандыдатам у прэзідэнты, і 99% удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” падпісваліся. Гэта паказвае, што выйшлі людзі палітычна спелыя, якія добра
разумеюць, што адбываецца ў Беларусі”.

Па словах Губарэвіча, рашэнне арганізатараў шэсця адмовіцца ад мітынгу ў парку “Дружбы народаў” было правільным. Маўляў, праз турнікеты металушукальнікаў шмат хто з удзельнікаў акцыі наўрад ці пажадаў бы ісці, а гэта азначае, што мітынг праводзілі б добра калі для 100-200 чалавек.
Да ўсяго, гэта значна б павялічыла і так не малыя выдаткі арганізатараў. Як паведаміў Еўрарадыё Губарэвіч, толькі за тое, што ўдзельнікаў шэсця “ахоўвала” міліцыя, давядзецца
заплаціць 13,5 мільёнаў рублёў. Плюс каля 1 мільёна каштавала праца на акцыі “хуткай дапамогі”. Адзінае, кажа суразмоўца Еўрарадыё, радуе тое, што “міліцэйскія”
грошы пойдуць на карысць дзіцячага дома, над якім шэфствуе мінская міліцыя. Прынамсі, кажа Губарэвіч, у гэтым іх упэўнілі праваахоўнікі, калі арганізатары падпісвалі з імі адпаведную дамову.





euroradio.by
Фота: Змітра Лукашука