Сёння пачынаецца чэмпіянат краіны па футболе. Як захаваць заўзятарскі імпэт пасярод татальнага канфармізму

Вы любіце футбол, але вас дзіка засмучае грамадзянская пасіўнасць спартыўнай супольнасці? Хочаце, як і раней, з эмпатыяй сачыць за гульнёй любімай каманды, аднак нешта перашкаджае? Прапануем выйсце — як знайсці паразуменне з сабой і застацца заўзятарам.

bate_shakhter_2020_2.jpg

Чакалі вы гэтага ці не, але футбольны чэмпіянат на нізкім старце. Ужо зусім хутка, у 17.30, на сінтэтыку легендарнай «Маякоўкі» (стадыён ФК «Мінск») выйдуць гульцы «Іслачы» і «Славіі». Не заб’юць галоў — дык хоць сагрэюцца, бо надта сцюдзёна сёлета ў сакавіку. І вышэйшая ліга афіцыйна адкрые адлік новаму сезону.

Не тое, каб гэтым разам стартавага свістка чакалі з вялікім уздымам. У краіне палітычны крызіс, эканамічны саспенс і ўвогуле велізарны стосішча праблем — як бы не да інтэртэйменту. Мінулая восень, калі праз мірныя пратэсты і жорсткія рэпрэсіі ўсё іншае адышло на другі план, гэта вычарпальна паказала. І зараз нельга сказаць, каб ландшафты моцна змяніліся. За навінамі з чарговага палітычнага працэсу беларусы сочаць больш уважліва, чым за анлайнам спарынга «Шахцёра» на зборы ў Эміратах.

І ўсё ж падзея — не адмахнешся. Тым больш, у душы набірае моц кагнітыўны дысананс. З аднаго боку, хочацца па-ранейшаму суперажываць любімай камандзе. З іншага — цяжка абстрагавацца ад навакольнай цемрадзі, дый любімая каманда сябе таксама дзіўна паводзіць. Для яе свету за межамі трэніровак і збораў нібыта не існуе.

Што рабіць у гэтым разе, як знайсці ўнутраную гармонію і згоду з самімі сабой? Паспрабуем прапанаваць выйсце. Не першаразрадная, вядома, псіхатэрапія, але ж раптам каму дапаможа.

1_400.jpg

Па-першае, трэба адразу правясці рысу паміж паняццямі «клуб» і «каманда». Клуб — гэта адміністрацыя, часцей за ўсё тыя самыя «гасударавы людзі», якія кіруюцца стэрэатыпамі генеральнай лініі і дзяржаўнай ідэалогіі. Каманда — гэта гульцы і трэнеры. Людзі, якія робяць футбол і жывуць паводле ўласнага статута.

Дык вось, практыка сведчыць — дый у інтэрв’ю сям-там праскоквае — што, у адрозненне ад кіраўніцтва, футбалісты трымаюцца прагрэсіўных поглядаў. Летась яны запісвалі відэа супраць гвалту, выходзілі на поле з белымі стужкамі, пакідалі эмацыйныя допісы ў сацсетках. У пратэстах некаторыя таксама ўдзельнічалі — і хтосьці нават не размінуўся з дубінкамі і суткамі.

Той душэўны сполах нікуды не дзеўся. Ледзьве фанаты абвесцілі байкот матчам чэмпіянату (трэнд падтрымалі ультрас 12 каманд з 16), як гульцы і трэнеры іх падтрымалі. Коуч БАТЭ Віталь Жукоўскі сказаў: «З людзьмі салідарны, гэта іх выбар». Брамнік БАТЭ Антон Чычкан дадаў: «Я разумею фатанаў, цалкам падтрымліваю».

У Гомелі — нібыта па спецзамове — адбылася ўвогуле гісторыя, так характэрная для сённяшніх прыгонных рэалій. Тамтэйшая фан-супольнасць адмовілася ад падтрымкі каманды, дык клубная дырэкцыя не знайшла нічога лепшага, як скласці сустрэчную петыцыю. Маўляў, пазіцыя фанатаў «не супадае з пазіцыяй кіраўніцтва, трэнераў, спартсменаў і абсалютнай большасці сапраўдных заўзятараў ФК "Гомель"». Па традыцыі, у саміх футбалістаў ніхто меркавання нават не спытаў — заграблі ў ідэалагічна правільныя шэрагі ўсляпую.

Дык гульцы тады і адказалі — адхрысціліся ад клубнай заявы. Адразу сямёра зрабілі гэта дэманстрацыйна, закрэсліўшы словы «трэнераў» і «спартсменаў» у скрынах той няўклюдай пракламацыі.

Яшчэ характэрная дэталь. Выведка дакладвае, што ў міжсезонне ў клубах вялася пэўная праца над тым, каб футбалісты далучыліся да «адзінага парыву» і падпісалі праўладны ліст «неабыякавых» спартсменаў. Дзесьці вялася гультаявата — для галачкі, дзесьці больш нахрапіста — з энтузіязмам. І які ж вынік? Нулявая нічыя. Амаль ніхто, за адзінкавымі выключэннямі, так і не паставіў сваё імя ў шэраг тых, каму да спадобы цяперашняе цемрашальства ў краіне. У хакеістаў, прама скажам, карціна прынцыпова іншая.

Таму вось так: правядзіце гэтую гігіенічную лінію — паміж гульцамі-трэнерамі і іх непасрэдным начальствам — ды заўзейце на здароўе, як кажуць у той рэкламе. І хай па адзін бок застаецца ўвесь фантасмагарычны кіраўнічы валюнтарызм — хай федэрацыя надалей калібруе зборнікаў па прыкмеце благанадзейнасці, хай пагражае нязгодным войскам, хай уладальнік БАТЭ ходзіць на ўсебеларускія сходы і звальняе персанал, а менеджмент «Нёмана» і «Слуцка» падпісвае праўладныя лісты… На другім баку ўсё роўна будзе святлей — там, дзе футбалісты, ключавыя працаўнікі гэтай гульні, якія агулам дыстанцаваліся ад слабеючых палітычных мэйнстрымаў.

Па-другое. Так, вядома, яны маглі б паводзіць сябе больш смела і рашуча. За тое ўвосень іх моцна крытыкавалі — і мелі рацыю. І калі гэтая акалічнасць замінае вам вярнуць былую сімпатыю да каманды, то што ж, гэта слушна. Хаця і не зусім справядліва, бо карпаратыўнай салідарнасці сёння бракуе скрозь. Дзе тыя тысячы шахцёраў і сотні азотаўцаў, што імкнуліся да страйку? Ходзяць на працу — зарок трымаюць толькі стачкамы. Дзе рабочыя, выкладчыкі, лекары, якімі паўгода таму захапляліся беларусы?..

Гэта не дакор, бо відавочна ж, як улады масштабавалі рэпрэсіі, ціск і прыгнёт. Як замарозілі ўсе грамадзянскія свабоды. Відавочна, што зіма будзе доўгай, як казаў шварцаўскі архіварыус. Дык што ж ужо вылучаць гэтых футбалістаў з агульных шэрагаў і прад’яўляць ім нешараговыя патрабаванні? Яны як усе, як большасць. Большасць з нас. Смелыя людзі, але ўсяго баяцца, як казаў іншы герой той самай прапывесці пра дракона. І не гатовыя прыспешваць час, хаця ўсяляк — часам публічна — падтрымліваюць нонканфармізм Алены Леўчанкі, Аляксандры Раманоўскай, Андрэя Краўчанкі і іншых рухавікоў перамен.

maxresdefault_113.jpg

І па-трэцяе. Які б разлом ні палягаў пасярод футбольнай грамадскасці, застаюцца і тут выспы стойкасці, паслядоўнасці і здаровага сэнсу. Дакладней, адна выспа — мінскія «Крумкачы». Гэта культурны феномен, адзіны ва ўсёй сваёй разнастайнасці. Кіраўніцтва з футбалістамі, футбалісты з народам — і фанатам няма аніякай патрэбы нешта там байкатаваць. Ёсць пераканаўчае меркаванне, што праз гэтую сваю прынцыповасць клуб і не пусцілі ў вышэйшую лігу, вывернуўшы рэгламент у правільны бок. Але і ў другім дывізіёне ёсць жыццё.

Таму калі ваша душа па згаданых прычынах не ляжыць ні да каго сярод так званай футбольнай эліты, то звярніце ўвагу на гэтых хлопцаў. У іх усё добра з самасвядомасцю і светапоглядам, яны нібыта з той самай будучыні, якая аднойчы абавязкова прыйдзе ў суровую беларускую зіму.

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ПЕРШЫ ТУР

12.03. «Іслач» (Мінскі раён) — «Славія» (Мазыр). Мінск. Стадыён ФК «Мінск». 17.30.

13.03. «Энергетык-БДУ» (Мінск) — «Смаргонь». Мінск. Стадыён РЦАП-БДУ. 14.00. «Рух» (Брэст) — «Гомель». Брэст. Стадыён «Юнацтва». 16.00. «Дынама» (Мінск) — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна). Мінск. Стадыён ФК «Мінск». 17.45. «Шахцёр» (Салігорск) — «Мінск». Салігорск. Стадыён «Шахцёр». 20.45.

14.03. «Спадарожнік» (Рэчыца) — «Дынама» (Брэст). Гомель. Стадыён СДЮШАР-8. 15.00. «Нёман» (Гродна) — «Віцебск». Гродна. ЦСК «Нёман». 17.00. БАТЭ (Барысаў) — «Слуцк». Мінск. Стадыён ФК «Мінск». 19.00.

Фота pressball.by, tut.by.