Прыбралі чырвоную пляму: ФК «Спадарожнік» растлумачыў, чаму з лога знікла «Пагоня»
Размясціць «Пагоню» на лагатыпе было рашэннем футбалістаў, трэнерскага штаба і адміністрацыі клуба. Над гербам працавала прыватная дызайнерская фірма, паведамляе «Еўрарадыё».

Лагатыпы «Спадарожнік Рэчыца». Да і пасля рэбрэндынгу / Еўрарадыё
У лютым 2021-га лагатып футбольнага клуба «Спадарожнік Рэчыца» абнавіўся — на месцы знака мэблевага прадпрыемства «Рэчыцадрэў» з'явілася... «Пагоня»! Зрэшты, здаецца, палітыкі ў гэтым рашэнні не было: вершнік у срэбных латах на фоне ружовай харугвы — гэта герб Рэчыцы. Яго з'яўленне на лога рэчыцкага клуба цалкам лагічнае.
Аднак да сярэдзіны сакавіка, калі пачынаецца чэмпіянат Беларусі, лагатып каманды чакаў яшчэ адзін рэбрэндынг. «Пагоня» з яго знікла. А лога «Рэчыцадрэва» на сваё ранейшае месца не вярнулася — яно так і засталося па баках.
Хто прыняў рашэнне пра рэбрэндынг?
— Была вялікая чырвоная пляма, яна не адпавядала нашаму колеру. Таму мы яе прыбралі, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз кажа дырэктар «Спадарожніка» Алег Манастырскі. — Напішыце, што гэта маё асабістае рашэнне. Але мы гэта абмяркоўвалі ўнутры калектыву.
Зрэшты, крыху пазней Манастырскі прызнаецца: пазбавіцца ад «Пагоні» на лагатыпе клубу «дапамаглі»:
— Спачатку мы ні з кім яго [лагатып. — Рэд.] не ўзгаднялі. А калі паўстала пытанне пра ўзгадненне, нам сказалі, што вось так і так будзе лепш. Размаўлялі з мясцовымі ўладамі, размаўлялі са спонсарамі. Гэтым займаліся спецыялісты, яны там нешта стэлефанаваліся, парашалі. Я кажу: мне ўсё роўна, рабіце што хочаце, мне гэтыя карцінкі не важныя. Для мяне гэта не было вялікай праблемай.

Вось так выглядае лагатып «Спадарожнік Рэчыца» цяпер
Паводле слоў Манастырскага, і ў гэтым рашэнні палітыкі няма. Маўляў, ніхто на клуб не аказваў ціску — ні мясцовыя ўлады, ні федэрацыя футбола.
— Я вам нават больш скажу, што нават федэрацыя не ў курсе, яны самі нават здзіўленыя. Да нас не было прэтэнзій наогул ніякіх, — кажа Манастырскі.
Тым часам заўзятары «Спадарожніка» ўжо стварылі петыцыю за вяртанне «Пагоні» на лагатып футбольнага клуба.