БАТЭ звольніў дыктара «Барысаў-Арэны». Раней той крытыкаваў дзеянні сілавікоў

Барысаўскі БАТЭ абвясціў аб спыненні супрацоўніцтва з дыктарам «Барысаў-Арэны» Канстанцінам Каверыным, які прапрацаваў 7 гадоў у клубе.

10072019_bate_piast_29_kaverin_nfrat.jpg

«Вядучы папулярнага шоу "Раніца ў вялікім горадзе" на радыё "Unistar", адданы фанат футбола Каверын у супрацоўніцтве з менеджментам ФК БАТЭ змог знайсці канцэптуальна новыя падыходы да арганізацыі вядзення матчаў і развіць культуру заўзятарства на трыбунах нашага стадыёна. Разам з Косцем падтрымка трыбун стала зладжанай і яркай… Без ілжывай сціпласці, ён быў неад'емнай часткай любога мерапрыемства клуба!

Але прыходзіць момант, калі трэба рухацца далей. Мы аб'яўляем, што з сезона-2021 наша супрацоўніцтва з Канстанцінам Каверыным спыняецца. Ад імя кіраўніцтва, менеджмента і каманды БАТЭ, ад імя ўсіх заўзятараў "жоўта-сініх" дзякуем Канстанціну за яго працу, за адданасць клубу і выдатныя чалавечыя якасці! Зычым моцнага здароўя і поспехаў ва ўсіх пачынаннях!»цытуе паведамленне БАТЭ «Наша Ніва».

Раней Каверын негатыўна выказваўся пра дзеянні сілавікоў у Беларусі пасля выбараў у жніўні 2020 года, адзначае Tut.by.

Пазней сваё звальненне пракаментаваў сам Канстанцін:

«Такім чынам, нашы адносіны з БАТЭ — усё. Па-першае, гэта вельмі балюча. Па-другое, брыдка. Чаму брыдка? Ну, паспрабуйце самі скласці два і два.

Гэта была вельмі вялікая частка майго жыцця. Можа быць, нават занадта вялікая. І цалкам дакладна гэта не было проста працай. Працу ж памяняць можна, так?

Вядома, я не змагу перастаць заўзець за гэтую каманду. Люблю вас, хлопцы. Але да чаго ж брыдка, калі б вы толькі ведалі!»напісаў Каверын.