Намер федэрацыі футбола пакараць Іллю Шкурына з трэскам праваліўся?
Напачатку года мы распавядалі, як Беларуская федэрацыя футбола ўзяла ў аптычны прыцэл нападаючага Іллю Шкурына. Ёй так карцела пакараць гульца за грамадзянскую пазіцыю, што ў сваёй упартай няўрымслівасці чыноўнікі БФФ дайшлі аж да Цурыха — туды, дзе месціцца офіс Міжнароднай футбольнай федэрацыі (ФІФА).
Афіцыйны Мінск ініцыяваў справу адносна непрыезду форварда маскоўскага ЦСКА ў маладзёжную зборную на восеньскія матчы з галандцамі і партугальцамі. У Швейцарыі справу для разгляду прынялі. І ў сярэдзіне студзеня вынеслі па ёй рашэнне.
Яно такое: наша федэрацыя ўзяла ў прыцэл Шкурына — але стрэліла сабе ў нагу. ФІФА адхіліла ўсе прэтэнзіі беларускага боку. Нельга выключаць, што адначасова цурыхскія функцыянеры пасмяяліся паміж сабою над дзіўнай непасрэднасцю мінскага пазову. Бо гуляць за зборную ці не гуляць — па вялікаму рахунку, гэта асабістая справа кожнага футбаліста ва ўсім свеце. І галоўным чынам — пытанне прэстыжу, патрыятызму, самаадданасці. А ніяк не абавязак, невыкананне якога цягне пэўныя наступствы.
У Беларусі ж насталі такія змрочныя часы, што лік на табло і месца ў турнірнай табліцы для прынцыповых спартсменаў адыйшлі на другі план. На першым засталася сітуацыя ў краіне — дзьмутыя выбары, сярэдневечны гвалт, затрыманні, рэпрэсіі і забойствы, больш за тысячу крымінальных спраў, амаль дзве сотні палітзняволеных… Як той казаў, часам не да прэстыжу. І не да зборнай.
Ілля Шкурын адмовіўся гуляць за нацыянальную каманду ў жніўні — у хуткім часе пасля выбараў і першай хвалі гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Спачатку ён напісаў пра сваё рашэнне ў сацсетках, а потым выканаў і працэдурны аспект — даслаў у федэрацыю адпаведную пісьмовую заяву, якую склаў на беларускай мове. Хлопец гатовы вярнуцца ў зборную толькі ў адным выпадку — калі Лукашэнка сыйдзе ад улады. А пакуль не збіраецца нават прыязджаць у Беларусь. Тым больш, што гэта небяспечна — улюбёная радзіма ў дадатак да спробы пакараць па лініі ФІФА таксама вельмі хоча забраць таленавітага 21-гадовага футбаліста ў войска. Як тых адлічаных студэнтаў, якім позву з ваенкамата ўручалі наўпрост пры выхадзе за парог «альма матэр».
Аднак захад БФФ у Цурых скончыўся правалам, і Шкурын працягвае спакойна займацца любімай справай. Акурат у гэтыя дні ён у складзе ЦСКА і пад кіраўніцтвам трэнера-земляка Віктара Ганчарэнкі знаходзіцца на зборах у сонечнай Іспаніі.
То што, гісторыя вырашана і можна перагарнуць старонку? Не зусім. Варта памятаць, што энтузіясты з Фонда спартыўнай салідарнасці пайшлі на БФФ у сустрэчную атаку. За рэпрэсіўныя дзеянні ў адносінах да футбалістаў (кейс Шкурына тут не адзінкавы) Аляксандра Герасіменя і Ко імкнуцца да санкцый у дачыненні да кіраўніцтва Беларускай футбольнай федэрацыі. Гаворка ідзе пра старшыню арганізацыі Уладзіміра Базанава і двух яго намеснікаў — Юрыя Вяргейчыка і Міхаіла Ботнікава. Свае паперы з адпаведным хадатайніцтвам свабодныя спартсмены таксама адправілі на адрас ФІФА.
Адказу пакуль не было, але наўрад ці ў БФФ гэтаму моцна парадаваліся. Асабліва ў свеце апошніх падзей вакол хакею.