Сны і паразы алімпійца
Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфеновіч сходу і ўшчэнт разбурае міф, што спартоўцы толькі і могуць размаўляць пра свае дасягненні. Пра заклееную зялёную кнопку ў Доме ўрада, пра
тое, як правільна трэніраваць дзяўчат і што рабіць, каб сны прадказвалі алімпійскія перамогі, слынны спартовец расказвае журналістцы Вользе Хвоін і чытачам «НЧ».
— Спорт быццам бы мусіць быць па-за палітыкай. А вы ўголас абвясцілі пра свае палітычныя погляды.
Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфеновіч сходу і ўшчэнт разбурае міф, што спартоўцы толькі і могуць размаўляць пра свае дасягненні. Пра заклееную зялёную кнопку ў Доме ўрада, пра
тое, як правільна трэніраваць дзяўчат і што рабіць, каб сны прадказвалі алімпійскія перамогі, слынны спартовец расказвае журналістцы Вользе Хвоін і чытачам «НЧ».
— Спорт быццам бы мусіць быць па-за палітыкай. А вы ўголас абвясцілі пра свае палітычныя погляды.
— Хто вам сказаў, што спорт мусіць быць па-за палітыкай? Спартсмен таксама чалавек і мае сваё меркаванне. Проста ў Беларусі ўкаранілі меркаванне, што, калі чалавек у апазіцыі, дык увогуле
страчаны для грамадства. Але ж у нармальных краінах апазіцыя абавязкова мусіць быць, у парламенце абавязкова ёсць прадстаўнікі апазіцыйных партый. Гэта гістарычна выпрацаваная сістэма.
— Цяпер Лукашэнка прапануе апазіцыі дыялог...
— Ды ну! Які можа быць дыялог, калі яго апаненты сядзяць у турмах? І ўвогуле, гэты чалавек здольны хіба што на маналог.
— Адсочваеце, як ідуць справы ў беларускіх весляроў? І як бы ацанілі вынікі апошняга Чэмпіянату свету?
— Заўжды адсочваю і перажываю. Самае кепскае, што беларуская каманда для байдаркі-чацвёркі не заваявала ліцэнзію на Лондан–2012. Так што здавальняючае выступленне. Канешне,
парадавалі дзяўчаты, яны малайцы. Расійская каманда таксама недавыканала задачу. Так, мы выступілі лепш, чым летась. Маглі б тры залатыя медалі прывезці, а заваявалі ў алімпійскай праграме толькі
срэбра і дзве бронзы. Думаю, гэта таксама недахоп і пралік. Але будзем рыхтавацца, выпраўляцца. Каб быць на галаву мацней і ўвогуле нікому не даваць ні ўздыхнуць, ні выдыхнуць. У кастрычніку, відаць,
правядзем сумесныя зборы. Школа адна — савецкая. І яе я вызнаю. Думаю, што адрозненні паміж падыходамі да веславання ў Расіі і Беларусі я ўжо знівеляваў, гэта ж буду рабіць надалей.
Найлепшай вяслярнай школай у свеце ўсё адно будзе савецкая.
— У Беларусі моцныя спартоўкі-вясляркі. Дзяўчат цяжка рыхтаваць, яны ўвогуле не баяцца ісці ў гэты сілавы від спорту?
— Спартыўную кар’еру ў вяслярстве варта пачынаць у адзінаццаць-дванаццаць гадоў. Гэта не зарана, у спартыўную гімнастыку дзетак увогуле ў чатыры гадкі аддаюць. Дзяўчынкі ідуць у
вяслярства, бо ім цікава. І не варта палохацца, што фігура сапсуецца. Косці ж спіны не растуць ушыркі. А як дзяўчына сыходзіць са спорту, то праз пару месяцаў увогуле не застаецца на знешнасці знакаў
ад яе спартыўнай кар’еры. І трэніраваць дзяўчат не складана. Канешне, ёсць асаблівасці — дзяўчаты больш эмацыйныя, больш уразлівыя. Але звычайна і больш адказныя, працавітыя, калі
хочуць дасягнуць выніку.
— Былі чуткі, што вы з Валерыем Фраловым задумалі ствараць Беларускі саюз афіцэраў, на ўзор таго, што ствараў Юрый Захаранка.
— Не, нічым падобным я не займаюся. Кожная арганізацыя такога кірунку мусіць мець палітычныя мэты. То бок, у класічным разуменні змагацца за ўладу. Калі яны не змагаюцца за ўладу, то чым
увогуле займаюцца? Гэта як суполка аматараў піва. Бачыўся я з Валерыем Фраловым і тое ж гаварыў яму. Таму не лічу правільным увогуле ўдзельнічаць у падобных утварэннях.
— А верыце, што ў нас многа афіцэраў з ідэальным увасабленнем паняткаў «гонар», «абавязак», «сумленне»?
— Няма такіх. У гады Вялікай Айчыннай вайны палова была паліцаямі, а другая палова — партызанамі. Падчас вайны 1812 года гэты падзел быў яшчэ менш прывабным. Вось яна —
характарыстыка нацыі. І таму беларускім палітыкам я таксама не веру. Няма ім даверу. Перад выбарамі мне пазванілі з прапановай падтрымаць Раманчука. Але як можна гуляць па правілах махляра? Гэта ж
падман. Калі людзі пагаджаюцца ісці на выбары ў ролі казлоў адпушчэння...
— І ў 2004 годзе вы галадалі, каб было змененае выбарчае заканадаўства і супраць антыканстытуцыйнага рэферэндуму. Пасля такога дэмаршу адразу патрапілі ў няміласць да ўладаў... А маглі быць
дэпутатам парламенту...
— Так, быў бы дэпутатам і да гэтага часу. Але ў мяне зялёная кнопка для галасавання была заклееная ў авальнай залі. То мне заставалася толькі чырвоная, таму давялося галасаваць заўжды
супраць. Ды я і да гэтага быў у няміласці. І не шкадую ні аб чым. Я ні да каго не напрошваюся. Гвалтоўна не будзеш любы.
Сёння ні ў Расіі, ні ў Беларусі мне не падабаецца. Але я люблю сваю працу. Ёй аддаю ўсе свае сілы і веды. Працаваць паўсюль цяжка, але мы дабіваемся выніку. Сёлета сталі адной з мацнейшых каманд
свету.
А ў Беларусі я нават дворнікам не ўладкуюся. У мяне было некалькі аркушаў з тэлефоннымі нумарамі сяброў, з іх у маім нататніку засталіся толькі восем. Вось такія сябры былі. Але я іх не асуджаю. Ва
ўмовах дыктатуры, калі ты можаш застацца без працы, без кавалка хлеба...
2003 год. Злева направа: Барыс Нямцоў, Сяргей Скрабец, Уладзімір Парфеновіч, Леанід Сініцын
— У Расіі ёсць адпаведны закон, які гарантуе алімпійскім чэмпіёнам пажыццёвую дзяржаўную падтрымку. Вы — алімпійскі гонар Беларусі, апроч выключэння з Нацыянальнага
алімпійскага камітэта, нешта атрымліваеце цяпер?
— Такі закон ёсць не толькі ў Расіі, але і ў краінах Балтыі, ва Украіне, Казахстане, Арменіі. У Маленькай Літве алімпійскія чэмпіёны пажыццёва атрымліваюць штомесячныя выплаты ў памеры каля
тысячы еўра. У Беларусі прэзідэнцкім указам заснавана дзяржаўная стыпендыя алімпійскім чэмпіёнам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, — тры бюджэты пражытачнага мінімуму. І ўсё. Дык кіраўнік
дзяржавы, тым больш ён жа і старшыня Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, мусіў бы заснаваць адэкватную пажыццёвую стыпендыю для алімпійцаў-чэмпіёнаў, каб хоць павагу да сябе заслужыць. Так яму і
перадайце.
— У адным з інтэрв’ю вы расказалі, што сваю алімпійскую перамогу прыснілі, і таму ўпэўнена ішлі на спаборніцтвы
— Так. Недзе за дваццаць дзён усё прыснілася. Усё, як і было потым у рэальнасці. Мне часта сняцца прарочыя сны. Але для гэтага трэба пэўны псіхалагічны стан, памежны, я б сказаў. Я мушу
гэтым «гарэць», жыць...
— То можа і бліжэйшую будучыню Беларусі снілі?
— Не (смяецца), пакуль там цемра.
— Чым будзеце займацца цягам таго часу, што ў Беларусі?
— Цяпер рыхтуюся да канферэнцыі ў Маскве, потым з’езджу ў госці да сына. Быццам і адпачынак зараз у мяне, але трымае адчуванне незавершанасці справы. Наперадзе Алімпіяда ў Лондане.
Да Алімпіяды трэба рыхтавацца не за месяц-два, і нават не за год. Падрыхтоўка пачынаецца мінімум за восем гадоў, тады магчыма вырасціць спартсмена да адпаведнага ўзроўню. Паспяховасць у спорце часам
залежыць ад цыклічнасці, часам ад выпадку. Але заўжды важна не толькі спартыўную вярхушку рыхтаваць, але не забывацца і аб самых нізах. Не дастаткова будаваць у буйных гарадах лядовыя палацы, паўсюль
мусяць быць спартыўныя школы, гурткі, адкуль і прыходзіць у спорт «свежая кроў».
— Вы рэгулярна наведваеце Беларусь, па гэтым візіце заўважылі нейкія змены ў людзях, настроях? Усё ж крызіс моцна б’е па кішэнях…
— Не, ніякіх зменаў. Сядзяць усе памяркоўныя па дамах са сваёй чаркай і шкваркай.
— Дык шкваркі ўжо няма…
— Гэта вы так думаеце. У беларусаў не так хутка ўсё заканчваецца. Увогуле, цяпер самы час для дзеянняў. Але ці хоць адзін народны абраннік-дэпутат нешта робіць? Хоць нейкі законапраект будзе
лабіраваць, каб абараніць правы згалелых пенсіянераў? Не! У часы майго дэпутацтва я казаў, што згодны несці сцяг. Але толькі тады, калі за мной будуць ісці людзі. І ніхто ж не выйшаў. То чаго ім
цяпер наракаць?
---------------------------------------------------------------------
Для даведкі:
Уладзімір Парфеновіч — заслужаны майстар спорту СССР, трохразовы алімпійскі чэмпіён, дзевяціразовы чэмпіён свету і Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, былы старшыня Беларускай
асацыяцыі каноэ, былы член Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога склікання, член дэпутацкай групы «Рэспубліка» (2000–2004 гады).
Дэпутацтва і дадало да беларускіх пасадаў Уладзіміра Парфеновіча прыстаўку «экс» ды завяло яго ў Расію на пасаду памочніка прэзідэнта федэрацыі па працы са зборнымі камандамі. Ужо
некалькі гадоў алімпійскі чэмпіён «падымае» зборную Расійскай Федэрацыі па вяслярству да сусветнага ўзроўню. А ў Беларусі трапіў у няміласць. Пасля галадоўкі дэпутатаў у 2004 годзе
Парфеновіча выключылі з Нацыянальнага алімпійскага камітэта з фармуліроўкай «не апраўдаў ускладзеныя на яго функцыі па кіраўніцтву і арганізацыі эфектыўнай дзейнасці рэспубліканскага
грамадскага аб’яднання «Алімпійскі фонд», «сваімі дзеяннямі нанёс маральную шкоду алімпійскаму руху і прынцыпам алімпізму».