Справу журналісткі TUT.BY і лекара БХМД будуць разглядаць у судзе Маскоўскага раёна Мінска
Крымінальная справа па абвінавачванні журналіста TUT.BY Кацярыны Барысевіч і лекара бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна будзе разгледжана ў судзе Маскоўскага раёна Мінска
Іх абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы. Дата пасяджэння пакуль не прызначаная. Мяпркуецца, што ў гэтым жа будынку будзе праходзіць іншы гучны працэс, па «справе Белгазпрамбанка», з удзелам экс-банкіра Віктара Бабарыкі, паведамляе TUT.BY.
Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада 2020 года. Пазней ёй і лекара БХМД Арцёму Сарокіну прад’явілі абвінавачванне ў «разгалошванне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Падставай стала апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана Бандарэнка не было алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй СК і Лукашэнкі. Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін знаходзяцца ў СІЗА № 1 Мінска. Пры гэтым родныя Рамана да журналісткі і доктара прэтэнзій не маюць.
Адзначым, што за збіццё Рамана Бандарэнкі ніхто не затрыманы, больш таго — да гэтага часу не ўзбуджаная крымінальная справа, родныя не прызнаныя пацярпелымі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення, беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. З моманту затрымання абвінавачаныя ўтрымліваюцца ў СІЗА.
Пытанні журналіста, якая збірала інфармацыю аб стане Рамана Бандарэнкі, Генпракуратура, мяркуючы па афіцыйным паведамленні ад 22 студзеня, кваліфікавала так: «Кацярына Барысевіч у перыяд з 12 па 13 лістапада 2020 года ў парушэнне парадку атрымання, прадастаўлення і распаўсюджвання інфармацыі, якая складае медычную таямніцу, без згоды пацыента ці іншых упаўнаважаных асоб падчас неаднаразовых злучэнняў па сетках электрасувязі з Сарокіным шляхам просьбаў і ўгавораў схіліла яго да прадастаўлення вуснай інфармацыі пра пацыента бальніцы, які праходзіў лячэнне і памёр ва ўказанай установе 12 лістапада 2020 года, а таксама да перадачы праз месенджар Telegram фотакопій медыцынскай дакументацыі Бандарэнкі».
Пры гэтым, на думку пракуратуры, журналіст «прызнавала, што запытаная інфармацыя ў адпаведнасці з арт. 46 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” складала медычную таямніцу, а яна не з’яўлялася асобай, якая мае права на яе атрыманне і распаўсюд». Такая выснова зробленая зыходзячы з інфармацыі Генпракуратуры, у сувязі з тым, што некаторыя медработнікі адмовіліся «паведаміць звесткі, якія яе цікавяць».
«Паддаўшыся ўгаворам, Сарокін наўмысна незаконна выдаў звесткі аб факце паступлення Бандарэнкі ў стацыянар і стане яго здароўя, наяўнасці захворвання, дыягназ, выніках медыцынскага агляду і іншыя дадзеныя, у тым ліку асабістага характару. Барысевіч выкарыстала атрыманую ад Сарокіна інфармацыю і электронныя фатаграфіі дакументаў для падрыхтоўкі матэрыялу, які пад загалоўкам «Лекар БХМД: “У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі” быў размешчаны 13 лістапада 2020 года ад яе імя на інтэрнэт-партале TUT.BY», — паведамляе пракуратура.
У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што «распаўсюд інфармацыі, у тым ліку ілжывай, неабмежаванаму колу асоб і яе проціпастаўленне афіцыйным каментарах дзяржорганаў выклікалі грамадскі рэзананс і стварылі атмасферу недаверу да кампетэнтных службаў. Гэта негатыўна паўплывала на стан правапарадку і пацягнула за сабой цяжкія наступствы — прывяло да павышэння напружанасці ў грамадстве, заахвоціла грамадзян да правядзення незаконных масавых мерапрыемстваў, іншых супрацьпраўных дзеянняў».
Пры гэтым з паведамлення незразумела, якую менавіта інфармацыю Генпракуратура лічыць ілжывай і чаму быў зроблены выснова, што грамадскі рэзананс выклікаў журналісцкі матэрыял, а, напрыклад, не смерць Рамана Бандарэнкі, па факце якой дагэтуль не заведзеная крымінальная справа.
Бок абароны мяркуе, што ў дзеяннях Кацярыны Барысевіч адсутнічае склад злачынства. Інфармацыя, якая змяшчаецца ў каментары Генеральнай пракуратуры, па словах адваката Міхаіла Боднарчука, не пацверджана матэрыяламі справы. Таксама бок абароны спадзяецца, што справа будзе разгледжаная ў адкрытым судовым пасяджэнні, дзе ўсё гэта стане відавочным шырокай грамадскасці.
«Мы настойваем, што журналіст не можа несці крымінальную адказнасць за прафесійнае выкананне свайго абавязку. Усю адказнасць у частцы недаверу грамадзян да кампетэнтных службаў павінны несці тыя асобы, якія дазволілі сабе апублікаваць непацверджаную інфармацыю (і ў далейшым яе не зняпраўдзілі), а не тыя, хто кіруючыся журналісцкім абавязкам, яе зняпраўдзіў, — кажа адвакат Барысевіч Андрэй Мачалаў. — Таксама бок абароны абурае пазіцыя Генеральнай пракуратуры, а менавіта неўзбуджэнне крымінальнай справы па факце гвалтоўнай смерці Рамана Бандарэнкі пры наяўнасці відавочных доказаў».