Міністры спорту еўрапейскіх краін прапанавалі не праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў краінах, дзе парушаюцца правы чалавека
Гэта вынікае з ліста, які адрасаваны еўракамісару інавацый і моладзі Марыі Габрыэль.
Падпісанты нагадалі, што падобнае пытанне ўжо ўздымалася ў 2013 годзе, і прапанавалі вярнуцца да абмеркавання. У лісце адзначаецца, што цяпер шматлікія буйныя старты праводзяцца або запланаваныя ў краінах, дзе парушаюцца правы чалавека, а фізічная і маральная недатыкальнасць спартсменаў не з'яўляецца відавочнай, што супярэчыць Алімпійскай хартыі.
«У першую чаргу, але не толькі, гэта тычыцца Беларусі, дзе, паводле звестак спецдакладчыка АБСЕ, парушэнні правоў чалавека з'яўляюцца сістэматычнымі і неабвержна даказанымі», — гаворыцца ў лісце міністраў.
Міністры прызнаюць, што спартыўныя арганізацыі з'яўляюцца незалежнымі структурамі, але просяць Еўрапейскую камісію выпрацаваць адзіны падыход па гэтым важным пытанні.
Сярод падпісантаў ліста ёсць міністры, якія адказваюць за спорт у Аўстрыі, на Кіпры, у Чэхіі, Даніі, Балгарыі, Эстоніі, Фінляндыі, Славеніі, Румыніі, Латвіі, Францыі, Літве, Люксембургу, на Мальце, у Грэцыі, Ірландыі, Венгрыі, Польшчы, Нідэрландах, Італіі, Партугаліі, Славакіі, Іспаніі і Швецыі.
Адзначым, што нядаўна былі перанесены чэмпіянаты свету па хакеі і сучасным пяцібор'і, якія павінны былі прайсці ў Беларусі.
tut.by