Алесь Бяляцкі: Нават падтрымка Расіі не дазволіць уладам працягваць рэпрэсіўную палітыку доўгі час

Вядомы праваабаронца, кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі расказаў, ці можна лічыць лагер у Слуцкім ЛПП лагерам, колькі ў Беларусі можа быць палітзняволеных і чаму рэпрэсіі не могуць працягвацца доўга.

aba2de9b_4dc0_4db8_bbe1_898af1a614b2_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


Пра гэта ўсё з праваабаронцам паразмаўляла Радыё Свабода.


«Гэта быў не проста пункт для ўтрымання “сутачнікаў”»

«Інфармацыя пра тое, што людзей трымалі ў ЛПП пад Слуцкам, з’явілася ў нас тады, калі затрыманых пачалі масава выпускаць, — кажа Алесь Бяляцкі. — Былі сведкі, былі збітыя людзі, якія прыходзілі і расказвалі, што іх вывозілі ў Слуцк. Яны казалі, што правялі там некалькі дзён. Але ўсе казалі пра тое, што былі ў ЛПП, якое прыстасавалі пад утрыманне сутачнікаў. Таму мы гэта зразумелі як недахоп месцаў у ІЧУ. А тое, што стала вядома пасля запісу размовы (аўдыё з запісам голасу, падобнага да голасу намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. — РС), даказвае, што гэта быў не проста часовы пункт для ўтрымання сутачнікаў. А сапраўды месца для ўтрымання апанентаў улады, разлічанае на доўгі перыяд».

Па словах Алеся Бяляцкага, такое месца насамрэч можна назваць лагерам. Там былі ўсе яго прыкметы — узброеная ахова, калючы дрот па перымэтры, вышкі з аўтаматчыкамі. Важная дэталь, што лагер фактычна быў арганізаваны за некалькі дзён. Праваабаронца кажа, што ўлады разгарнулі сапраўдны лагер, і няважна, што ён існаваў некалькі дзён. Ён мог існаваць значна больш. Аднак было прынятае палітычнае рашэнне выпусціць затрыманых удзельнікаў пратэстаў, а створаны для іх утрымання лагер знішчыць. Верагоднай прычынай знішчэння лагера пад Слуцкам усяго праз некалькі дзён пасля яго стварэння Бяляцкі лічыць магчымы міжнародны розгалас. Улады палічылі, што ім ён пакуль не патрэбны.


«СК узбудзіў 2000 “палітычных” спраў»

«Мы не ведаем дагэтуль, чаму людзей тады выпусцілі, — кажа праваабаронца. — Мая здагадка, што месцы ўтрымання арыштаваных пачалі захлынацца. А лагер усё ж быў пераборам нават для ўладаў. У цяперашні час гэта пераходзіць усе магчымыя межы. Магчыма, былі яшчэ іншыя прычыны, пра якія мы даведаемся пазней. Але тэма не закрытая. Аўдыё з запісам нас падштурхнула звярнуцца да тых успамінаў. Што да словаў пра тое, што прынята рашэнне стварыць зону для палітычных зняволеных, то, мне здаецца, гэта вельмі рэальна».

0f3536f4_f29d_4064_acb9_60c6bc3260bc_w1023_r0_s.jpg


Па звестках «Вясны», за апошнія месяцы 2020 году ў Беларусі прайшло каля 100 судоў па «палітычных» артыкулах. За першы месяц 2021-га — ужо больш за 50 такіх працэсаў. Бяляцкі сцвярджае, што большасць працэсаў сканчаецца прысудамі, звязанымі з пазбаўленнем волі. Частка асуджаных атрымлівае так званую «хатнюю хімію», невялікая частка нават штрафы (вядома пра 1-2 выпадкі. — РС). Але большая частка «палітычных» працэсаў сканчаюцца для абвінавачаных рэальнымі тэрмінамі «хіміі» альбо калоніі.

«Суды ідуць пастаянна. Па інфармацыі СК, яны ўзбудзілі каля 2000 крымінальных спраў, звязаных з удзелам людзей у масавых акцыях, актыўнасцю альбо іншымі рэчамі, — кажа Алесь Бяляцкі. — Там самыя розныя артыкулы КК. Гэта і масавыя беспарадкі, і дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак — самыя папулярныя “палітычныя” артыкулы. Ёсць артыкулы за супраціў дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, нанясенне ім нейкай шкоды. І гаспадарчыя артыкулы, і хуліганства. Вельмі шырокі набор».


«Мы не ведаем дакладнай колькасці людзей, якіх абвінавачваюць па “палітычных” справах»

Бяляцкі звяртае ўвагу, што грамадская актыўнасць не спыняецца і нішто не ўказвае на тое, што людзі будуць цярпець здзек з думкі грамадства, прыцясненні правоў чалавека. Адпаведна, колькасць «палітычных» крымінальных спраў будзе павялічвацца. Як і колькасць палітвязняў. І іх усіх трэба будзе недзе ўтрымліваць.

«Гавораць пра “Воўчыя норы” (калонія ля Івацэвічаў. — РС). Там цяпер у асноўным утрымліваюць людзей, якія трапілі туды па артыкуле 328 за наркатычныя злачынствы. Яна можа быць перапрафіляваная пад утрыманне палітычных зняволеных. Гэта вельмі рэальна. Такая практыка была ў СССР, там існавалі калоніі, дзе трымалі “палітычных”. Нашыя землякі там таксама сядзелі. Міхась Кукабака, у прыватнасці. Такая зона існавала ў Пермскім краі, на Паўночным Урале. Таму — так, такая зона можа быць створаная ў Беларусі».

«Мы цяпер, на жаль, нават не ведаем колькасці людзей, якія праходзяць абвінавачанымі па “палітычных” справах. Ёсць справы, дзе па некалькі абвінавачаных. У Брэсце цяпер судзяць адначасова 10 чалавек па адной “карагоднай справе”. Рыхтуецца таксама ў Пінску справа, дзе будзе больш за 10 абвінавачаных. Але ёсць справы, дзе ўлады не знайшлі абвінавачаных. Ёсць справа Каардынацыйнай рады, дзе 2 чалавекі за кратамі, а яе склад значна большы, і мы не ведаем, што там будзе».


«Такое ў Беларусі было толькі ў 30-я гады»

Па словах праваабаронцы, можна меркаваць, што колькасць абвінавачаных па «палітычных» артыкулах у Беларусі цяпер не меншая за 2000 чалавек. Палітычнымі зняволенымі на сёння прызналі 220. Вельмі верагодна, што гэтая лічба будзе толькі расці.

«Ёсць пэўныя крытэры, па якіх чалавека прызнаюць палітычным зняволеным. Багата па якіх справах нам не хапае інфармацыі. Пра нейкія працэсы мы даведваемся ўжо тады, калі яны скончыліся. Сваякі і знаёмыя абвінавачаных не даюць інфармацыі, баяцца. Гэта вельмі кепска, мы заклікаем людзей расказваць пра любыя справы, звязаныя з палітычным пераследам. Гэта ні ў якім выпадку не нашкодзіць самім падазраваным і абвінавачаным. Наадварот, да іх вызвалення можа прывесці толькі прыцягненне ўвагі».

Алесь Бяляцкі кажа, што колькасць палітычных зняволеных у Беларусі павялічваецца кожны тыдзень. У найноўшай гісторыі Беларусі такога яшчэ не было. Параўнаць сітуацыю можна толькі з часамі Сталіна, калі таксама праходзілі калектыўныя «палітычныя» працэсы.

6364090_original.jpg


«Але нават тады не было такіх маштабных справаў. Напрыклад, у нас пасля шэсця ў Курапаты на Дзяды ўзбуджаная справа, па якой праходзіць 260 з нечым чалавек у якасці падазраваных. Першы суд адбыўся ўжо (абвінавачаны атрымаў “хатнюю хімію”. — РС), але ці будуць усе гэтыя 260 чалавек прыцягнутыя да адказнасці, цяжка сказаць. Тым не менш маштабы нябачаныя. Утрыманне зняволеных у гэтых лагерах, месцах накшталт Слуцкага ЛПП, — гэта нябачаныя ў Беларусі метады. Такое было толькі ў 30-х гадах».


«Улады пераацэньваюць уласныя сілы»

Разам з тым праваабаронца мяркуе, што ўлады пераацэньваюць уласныя сілы. Утрымаць рэпрэсіі на такім узроўні будзе немагчыма, а грамадства на гэта не пагодзіцца. Трымаць напаўвайсковае становішча доўга не атрымаецца.

«Вось тое, што адбылося ў мінулую нядзелю (31 студзеня — РС), калі людзей затрымлівалі проста па візуальных нейкіх прыкметах, па вызначэнні саміх АМАПаўцаў. Гэта ўвогуле нябачаная раней сітуацыя. За краты трапіла шмат абсалютна выпадковых людзей. Экскурсія, сям’я, якая выйшла пасля дня нараджэння. Людзі ніякім чынам не выказвалі актыўнасці. Гэта звычайная пацыфікацыя. Тое, што фашысты рабілі падчас вайны, калі захоплівалі закладнікаў без разбору з вуліцы».

Алесь Бяляцкі кажа, што нават падтрымка Расіі не дазволіць уладам працягваць такую рэпрэсіўную палітыку доўгі час. Пакуль жа праваабаронцы не зафіксавалі ніводнага апраўдальнага прысуду па «палітычных» працэсах.