Праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ чатырох чалавек
Палітвязнямі прызнаныя затрыманыя Ганна Вішняк і Сяргей Палоніс, а таксама асуджаныя супрацоўнікі БМЗ Яўген Говар і Аляксандр Баброў.

«Мы ацэньваем пераслед Ганны Вішняк і Сяргея Палоніса, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») і па ч. 1 арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»), а таксама асуджаных да пазбаўлення волі Яўгена Говара і Аляксандра Баброва як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі», — гаворыцца ў заяве, што прыводзіць сайт spring96.org.
У сувязі з гэтым ад уладаў Беларусі патрабуецца неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Ганну Вішняк, Сяргея Палоніса, Яўгена Говара, Аляксандра Баброва і спыніць іх крымінальны пераслед.
А таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.