«Спроба ўсіх загнаць пад дах». Як жыве рынак у Ждановічах пасля чарговых забарон
Што (не) змянілася на адным з найстарэйшых рынкаў Мінска пасля таго, як з 22 студзеня ўступіла ў сілу пастанова Савета міністраў, якая змяняе правілы гандлю? Пытаннем задалася «Салідарнасць».
Пад забаронай да продажу на рынку цяпер — зборнае непастэрызаванае малако, тварог і вырабы з яго, калі іх расфасавалі не на фабрыцы, фермерскай або сялянскай гаспадарцы, а таксама алкаголь, воцат, мука, цукар, макароны не ў завадской упакоўцы, БАДы і спартовае харчаванне. Таксама нельга прадаваць на гандлёвых месцах тытунь і электронныя сістэмы курэння, бялізну са штампамі арганізацый, армейскі рыштунак і форму, прынятую ў беларускім войску, бытавую тэхніку, тэлефоны, ровары і мотаблокі, электрапрыборы і інструменты, адзенне з натуральнага футра і скуры, піратэхніку, рыбалоўныя сеткі... Увогуле спіс вялікі, яго дапоўнілі 42 пазіцыямі.
Па апісанні гэта вельмі падобна на асартымент аднаго з
найстарэйшых рынкаў Мінска ў Ждановічах. Ці змянілася там што-небудзь пасля забароны?
«Нас гэта не датычыцца»
...Прама насупраць чыгуначнай станцыі і разваротнага кальца
аўтобусаў і маршрутак — радыёрынак. З пачатку нулявых яго некалькі разоў рухалі
па тэрыторыі і ў рэшце рэшт больш-менш упарадкавалі — амаль дзесяць гадоў
таму большасць прадаўцоў тэхнікі электронікі сышлі пад дах «Радыёмаркета».
Для тутэйшых прадаўцоў і пакупнікоў нічога не змянілася — у
павільёнах па-ранейшаму можна знайсці, здаецца, любыя гаджэты, электроніку і
аксэсуары, ад батарэек і ахоўнага шкла на смартфоны да саміх тэлефонаў,
камп'ютарнай перыферыі, пыласосаў і электравеласіпедаў.
Некаторыя гандляры пра новыя забароны ведаюць, але
тлумачаць, што іх гэта не тычыцца: «У нас жа не гандлёвыя месцы, як, напрыклад,
за прылаўкам на сельгасрынку, а гандлёвыя аб'екты, абсталяваныя па ўсіх правілах».
Зрэшты, у старэнькіх вулічных кіёсках і латках, якія
складана назваць «абсталяванымі» збудаваннямі, забарону на свой рахунак таксама
не прымаюць — і ва ўсю моц прадаюць ровары ўперамешку з цюбінгамі, штучнымі
елкамі, таннай камуфляжнай адзеннем і тэлефонамі на запчасткі. Хоць, будзем
сумленныя, большасць кіёскаў, якія неахайнымі радамі адлучаюць прадуктовы рынак ад
радыёмаркета, «Светаў моды» і будаўнічага рынка, зачыненыя ўжо не першы год.
Крытыя прылаўкі сельгаспрадукцыі на 99% пустыя, а ў будынку
харчовага рынку малочнай «забаронкі» няма. Хоць тут і раней яе не даводзілася
бачыць, хутчэй, персанажаў з раскладнымі столікамі і падазрона танным «сапраўдным» алеем і «як быццам» тварагом можна было сустрэць ля станцый
метро.
А вось невялікі тытунёвы павільёнчык, дзе прадаваліся
таксама вадкасці для электронных сістэм курэння, зачынены і пусты — але
складана сказаць, ці паўплывала на гэта забарона або ўладальніка не задаволіла
арэндная плата.
— Тут рынак даўно ўжо мясны, ні малака, ні тварагу, —
паціскае плячыма жанчына з торбай на колцах. — Можа, памятаеце, на другім
паверсе былі малочныя і хлебныя шэрагі, дык цяпер там кітайскі «Аптовы свет»
нейкі, я сюды хіба што за рабрынкамі таннымі і вунь у «Святлафор» езджу.
«Тут не рынак, а барахолка»
Горад наступае на рынак усё шчыльней — на тэрыторыі, дзе
ўсяго пару гадоў таму шумеў рэчавы, плодаагароднінны рынак і «Поле цудаў»,
адзін за адным вырастаюць жылыя дамы.
Але адзін астравок мінулага ўсё яшчэ не здаўся: развалы
сэканд-хэнду з гарластымі зазываламі, у якіх можна купіць рэчы ад 50 капеек
(амаль рызззё) да 50 рублёў (паношаныя, але дыхтоўныя лыжныя касцюмы), і
схаванае ля самага моста МКАД «Поле цудаў». Тут, як і раней, трапляюцца хоць
сумнеўныя духі з двума памылкамі ў слове «Dior», хоць разьбяныя карціны па
дрэве, хоць развалы электродрэляў. Але як жа свежая забарона?
— А тут не рынак, а барахолка, — агрызаюцца мясцовыя
дзядзечкі. — Калі прыйдзе адміністрацыя, скажа, што нельга, дык і не будзем
прадаваць, а раз не прыходзяць, значыць, можна.
У процілеглым канцы рынку, дзе прадаюцца разнастайныя
рыбалоўныя снасці, камуфляж і турыстычны рыштунак, гандляры, можа быць, і
прытрымліваюцца такой жа жалезнай логікі — але «забаронку» ўсё ж прыбралі.
Прынамсі, процівагазаў, вайсковых бінокляў і пляшак, якія тут раней свабодна
ляжалі, цяпер не відаць. Хоць, напрыклад, форма з расійскімі або польскімі
нашыўкамі-сцягамі свабодна вісіць, як і самі разнастайныя шаўроны.
А што тычыцца забароненых да продажу рыбалоўных сетак і
снасцяў на іх аснове, то тутэйшыя заўсёднікі іх і не пытаюцца, перакідваючыся
звыклымі для сябе жартамі:
— Вам жыўца? Ёсць плотка, карасікі... — пералічвае гандляр
— А ласасяціны няма?
— Не трымаем-с, хіба што самі зловіце. На спінінг.
Адзін з уладальнікаў павільёна на Ждановічах на ўмовах
ананімнасці агучыў сваё бачанне, для чаго патрэбныя
абноўленыя забароны:
— Па маіх адчуваннях, гэта спроба «ўпарадкаваць» усе стыхійныя і адкрытыя рынкі і загнаць як мага больш прадпрымальнікаў пад дах, у
прамым і пераносным сэнсе.
На «Экспабеле» ўжо летась адкрытыя шэрагі пачалі
зносіць, робяць там паркоўку. Паводле плану рэканструкцыі, у Лебядзіным хочуць у
бліжэйшыя дзесяць гадоў усё перабудаваць, гандлёвыя шэрагі знесці і пакінуць на
рынку ўсяго 100 гандлёвых месцаў. А астатніх куды? Зразумела, што не ўсе
паедуць у Табары — хто-то прадасць рэшткі і зачыніцца, але многія будуць
вымушаныя перабрацца ў пустуючыя гандлёвыя цэнтры, якія трэба неяк акупляць.
Але пытанне ў тым, каму ад гэтага стане лепш. Наўрад ці
пакупнікам, для якіх падымуцца кошты, паколькі будзе больш дарагая арэнда, і
ўжо дакладна не прадаўцам, якія будуць губляць з-за высокай цаны пакупнікоў.