Хатні тварог, малако і вяленую паляндвіцу прадаваць забаронена

Ужо ад сёння ўступае ў сілу забарона на продаж шэрагу тавараў на рынках, прадугледжаная пастановай Саўміна № 964 ад 30 снежня 2022 года. Як заўсёды, чыноўнікі пра нас паклапаціліся.

_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

Калі вы прывыклі штотыдзень хадзіць на рынак за хатнім малаком, сметанковым маслам, тварагом, вяленай паляндвіцай ды іншымі прысмакамі — забудзьце! Больш гандляваць гэтымі прадуктамі на рынках не будуць, калі не пацвердзяць, што вырабілі гэта самі. 

Такім чынам, што ж забаронена для продажу на рынках?

Поўны спіс можна паглядзець у пастанове па спасылцы. Мы ж прывядзём толькі некаторыя пазіцыі. Сярод іх зборнае непастэрызаванае малако, тварог і вырабы з яго, калі ў вас няма даведкі, што вы яго вырабілі. Кроў, кішачная сыравіна, вяленае і сыравяленае мяса, сечаныя мясныя паўфабрыкаты і іншыя, не даведзеныя да кулінарнай гатоўнасці вырабы з мяса хатняга вырабу, а таксама вырабленыя непасрэдна на гандлёвых месцах. Воцат, алкагольная прадукцыя. Каштоўныя металы і камяні, а таксама вырабы з іх. Пад забаронай таксама зброя, шкуры звяроў без адпаведнай маркіроўкі вытворцы.

Акрамя таго, на гандлёвых месцах на рынках цяпер не будуць прадавацца цукар, мука, а таксама крупы і макароны, не расфасаваныя вытворцамі ў спажывецкую ўпакоўку, біялагічна актыўныя дабаўкі, прадукты для спартыўнага харчавання, тытунёвая прадукцыя. Забаронена ў такіх месцах прадаваць армейскі рыштунак і тавары ваеннага прызначэння, ваенную форму, афіцыйна прынятую ў беларускім войску.

Трапілі пад забарону продажу з гандлёвых месцаў бытавая тэхніка, тэлефоны, газавая апаратура, ровары, мотаблокі. А таксама шмат усяго, што раней было зручна набыць на рынках.

Усяго спіс забароненай да продажу на рынках прадукцыі папоўніўся 42 пазіцыямі.

Пастанова, аднак, тычыцца не толкі рынкаў. Яна таксама рэгламентуе продаж некаторых тавараў у крамах і пунктах грамадскага харчавання.

У гэты ж дзень уступаюць у сілу новаўвядзенні для магазінаў і грамадскага харчавання. Так, цяпер алкагольную прадукцыю нельга выстаўляць на стэлажах ля касаў. Але гэтая забарона не датычыцца спецыялізаваных магазінаў.

Цікавы пункт 35. Вось што ў ім пазначана: «Выкладка тавараў, якія змяшчаюць выяву дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца спосабамі, якія дазваляюць візуальна аддзяліць названыя тавары ад іншых тавараў, і суправаджаецца інфармацыйнай надпісам "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь"».  Гэта, відаць, для таго, каб ужо ўсе дакладна ведалі, каму трэба дзякаваць за наша шчаслівае сёння.