Страйкі, мітынгі «за Лукашэнку» і працяг пратэсту. Найважнейшае за 18 жніўня
Не спяць у шапку пратэстоўцы але і не спіць «вертыкаль», спрабуючы перайсці ў контрнаступ. Пакуль гэта атрымліваецца з цяжкасцю, але спробаў сваіх яна не спыняе.

У краіне працягваюцца страйкі прадпрыемстваў. Яны становяцца больш арганізаванымі, прынамсі, ужо заяўлена пра стварэнне рэспубліканскага страйкаму. Гэты страйкам заявіў, што выдаткоўвае грошы на падтрымку працоўных, якія будуць звольненыя. У той жа час да патрабаванняў свабоды далучаюцца новыя і новыя калектывы і групы насельніцтва.
У Мінску прайшла акцыя настаўнікаў, якія занеслі ліст міністру адукацыі Ігару Карпенку. Яны патрабуюць сумленных выбараў, спынення гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і ціску на педагогаў. У выпадку невыканання патрабаванняў настаўнікі маюць намер далучыцца да нацыянальнай забастоўкі з першага верасня. «Шчыры камуніст» людзьмі пагрэбаваў, паабяцаўшы разглядзець пісьмовы зварот, і запрасіць настаўнікаў на размову.
Калектыў дзяржаўнай газеты «Звязда» запатрабаваў спыніць цэнзуру ў СМІ. Галоўны рэдактар быў звольнены адразу ж. У адказ усе супрацоўнікі напісалі заявы на звальненне. Але яшчэ не прасохлі чарнілы на гэтых паперах, як рэдактар быў узноўлены. «Звязда» плануе страйкаваць з 20 жніўня.
Але пачалі варушыцца і «з таго боку». У некаторых гарадах і райцэнтрах бюджэтнікаў зганяюць на афіцыйныя мітынгі, каб паказаць, што народ падтрымлівае Лукашэнку. Збольшага, гэтыя прапагандысцкія акцыі маюць невялікі эфект, але яны абавязкова створаць «карцінку» для тэлебачання.

Стала вядома, што віцэ-прэм’еры накіравалі на прадпрыемствы лісты, у якіх напісана: «Удзел у забастоўках або сходах, якія праводзяцца без выканання працоўнага заканадаўства, з’яўляецца парушэннем працоўнай дысцыпліны і цягне прымяненне мер адказнасці». Карацей, працоўных пачалі запалолхваць. Таму ім цяпер падтрымка патрэбная, як ніколі.
Аднак у гэтым лісце сустрэлася цікавая фраза: «Абранне індывідуальнай меры дысцыплінарнага спагнання павінна карэспандзіравацца з эканамічнымі інтарэсамі прадпрыемства». То-бок, ускосна гэта пацвярджае, што забастоўшчыкаў — шмат, і што ўсіх не звольняць.
Увечары ў Мінску зноў прайшоў мітынг на плошчы Незалежнасці. Кажуць, што ў ім прыняло ўдзел каля 10 тысяч чалавек.

А ў штабе Бабарыкі прайшла прэс-канферэнцыя па стварэнні каардынацыйнай рады. Яе галоўнай задачай павінна стаць распрацоўка механізмаў мірнага пераходу ўлады. Прынамсі цяпер чыноўнікі, якія вырашацца пакінуць тонучы карабель правадыра, ведаюць, куды звяртацца.