Журналісты газеты «Звязда» патрабуюць спыніць цэнзуру. 20 жніўня пачнуць страйк

Супрацоўнікі збіраюць подпісы пад лістом, які плауюць накіраваць у прэзідэнцкую адміністрацыю і Міністэрства інфармацыі, піша svaboda.org.

061e81d8_53b5_4ab4_9467_a0300a311a30_cx0_cy16_cw0_w1023_r1_s.jpg


З патрабаваннямі спыніць цэнзуру ў выданні частка калектыву выступіла 17 жніўня. Супрацоўнікі кажуць, што да іх ужо прыяжджаў на размову міністар інфармацыі Ігар Луцкі і супрацоўніца адміністрацыі прэзідэнта Наталля Шпілеўская.
«Кампрамісу не знайшлі», — паведаміла Свабодзе журналістка Ірэна Кацяловіч.


Цяпер супрацоўнікі падрыхтавалі зварот і збіраюць пад ім подпісы.
Адкрыты зварот калектыву газеты «Звязда»
Мы, супрацоўнікі газэты «Звязда», падпарадкоўваемся нормам журналісцкай этыкі, Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі. Нашу прафесійную дзейнасць рэгулюе Закон аб СМІ, паводле яго артыкула 4 адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасці СМІ — разнастайнасць меркаванняў. Артыкул 6 абвяшчае:
«Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, юрыдычнымі або фізычнымі асобамі не дапускаецца».
СМІ не проста маюць права — яны АБАВЯЗАНЫЯ ўсебакова, аб’ектыўна і неангажавана асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Мы лічым недапушчальным ціск на журналістаў з боку Міністэрства інфармацыі, адміністрацыі прэзідэнта і любых іншых дзяржаўных структураў. Міфічнай «дзяржаўнай пазіцыі», якой журналісты нібыта павінны трымацца, не існуе: дзяржава ўяўляе сабой грамадзян Беларусі з аднолькавымі канстытуцыйнымі абавязкамі і правамі, сярод якіх — гарантаванае Канстытуцыяй (артыкул 34) права на атрыманне поўнай, своечасовай, дакладнай інфармацыі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў калектыў неаднаразова выказваў кіраўніцтву жаданне сумленна працаваць паводле журналісцкіх задач і прынцыпаў, шматбакова асвятляць падзеі ў краіне і прадстаўляць палярныя думкі, аднак у першачарговых пытаннях аб’ектыўнасці і парытэтнасці каманда не дасягнула пагаднення.
Нашыя патрабаванні:

  • спыніць цэнзуру, тэндэнцыйнасць і спробы з боку дзяржаўных структураў паўплываць на змест газеты «Звязда»;
  • з 20 жніўня даць магчымасць калектыву працаваць у адпаведнасці з Законам аб СМІ, публікаваць праўдзівую, аб’ектыўную і рознабаковую інфармацыю;
  • спыніць пераслед, ціск, маральны і фізычны гвалт у дачыненні да журналістаў, якія выконваюць прафесійны абавязак на тэрыторыі Беларусі.


У выпадку невыканання патрабаванняў супрацоўнікі Выдавецкага дому «Звязда» абвяшчаюць забастоўку з 20 жніўня.