На мітынгу ў Пінску ксёндз пакаяўся перад вернікамі за зачынены падчас акцый касцёл
Настаяцель касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі ксёндз Павел на мітынгу ў Пінску 18 жніўня распавёў, як не змог дапамагчы людзям, якія шукалі прытулку ў час іх затрымання супрацоўнікамі сілавых структур.
Па словах ксяндза, у панядзелак 10 жніўня ён знаходзіўся ў Брэсце, паехаў туды, каб пабачыцца са сваякамі. І ў гэты самы час яму патэлефанаваў з Пінска вернік, прасіў настаяцеля адкрыць касцёл. Мужчына прадчуваў бяду. Напярэдадні ноччу ля будынка гарвыканкама адбылося сутыкненне групы гараджан з міліцыяй. І з'яўленне ў гістарычным цэнтры, дзе мірна гулялі людзі, вялікай колькасці супрацоўнікаў сілавых структур нічога добрага не прадвяшчала. Вернік меркаваў, што ў выпадку небяспекі людзі маглі б схавацца ў Божым храме. А ён у гэты час аказаўся закрыты.
Пазней, распавёў ксёндз Павел, высветлілася, што верніка па-зверску збілі пад дзвярыма касцёла. Святар папрасіў прабачэння ва ўсіх, хто ў той дзень уцякаючы ад амапа, не змог знайсці сабе бяспечнае сховішча.
Паводле media-polesye.by