Суд над Леанідам Судаленкам, Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка праходзіць у закрытым рэжыме
У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 3 верасня распачаўся суд над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка.
Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу разглядае суддзя Сяргей Салоўскі.
У залу суда былі дапушчаныя прадстаўнікі праўладных СМІ і ўсяго пяць слухачоў. Ахова суда патлумачыла такія абмежаванні складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, а фотаздымкі, якія былі зробленыя ў холе будынка, патрабавала выдаліць, паведамляе «Вясна».
Перад пачаткам судовага пасяджэння Леанід Судаленка ўсміхаўся, паказваў знак «V», жартаваў. Сказаў жонцы, што да новага года пасядзіць, а потым «пойдзе ў войска», запытваўся, у якую школу пайшоў малодшы сын. Аднак праваабаронцу зрабілі заўвагу, а яго жонку папярэдзілі, што выведуць з залы, калі яна будзе размаўляць з абвінавачаным.
Пры ўстанаўленні асобы Леанід прасіў суд казаць гучней, бо нічога не чуе, аднак Салоўскі адказаў, што суд кажа так, як мае магчымасць.
Суд па складах называў прозвішча праваабаронцы і запытваўся пра правільнасць вымаўлення. На гэта Леанід адказаў:
«Мая настаўніца ў пачатковай школе называла Судаленка».
Суд настойваў на тым, каб абвінавачаны назваў поўнасцю свае даныя. Аднак Судаленка сказаў, што ўсе яго анкетныя даныя маюцца ў матэрыялах справы і яны не змяніліся.
На пытанне пра месца пражывання Леанід Судаленка адказаў:
«Зараз пражываю — СІЗА-3, на вул. Кніжнай, 1А. Апошнія 240 дзён я пражываю па гэтым адрасе».
Абаронца Судаленкі звярнулася да суда і паведаміла, што ў праваабаронцы канфіскавалі паперу і асадку, ён не бачыць перад сабой тэксту абвінавачання і не мае магчымасці запісваць нават тое, што цяпер адбываецца ў працэсе. На гэта Салоўскі адказаў, што суд не можа даваць указанні канвою, бо ён не падпарадкоўваецца суду.
«Пытанні ў дадзеным выпадку павінны быць заяўленыя да таго, хто канфіскоўваў, а не да суда. Я нічога не адбіраў», — сказаў Сяргей Салоўскі.
Тады адвакатка папрасіла забяспечыць Судаленку пісьмовымі прыладамі і прапаноўвала перадаць яму сваю асадку. Аднак суд сказаў, што менавіта на адвакатку ўскладзены абавязак якаснай абароны, і перайшоў да заяўленых хадайніцтваў у пісьмовым парадку.
Першым такім хадайніцтвам было зачытанае хадайніцтва ад пракуратуры, у якім значылася просьба разглядаць крымінальную справу на закрытым судовым пасяджэнні ў мэтах неразгалошвання сведчанняў, што ўтрымліваюць банкаўскую таямніцу пра рух грашовых сродкаў на рахунках, якая абараняецца законам, а таксама ў інтарэсах забеспячэння бяспекі сведкаў і іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, членаў іх сем’яў і блізкіх сваякоў.
Прадстаўнікі пракуратуры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў падтрымалі заяўленае хадайніцтва ў поўным аб’ёме.
Абаронцы абвінавачаных гаварылі, што не згодныя, запэўнівалі, што няма такіх сведкаў па справе, якія б паведамілі пра тое, што баяцца разгалошвання сваіх звестак, а сама справа не ўтрымлівае дзяржаўных сакрэтаў. Калі ж з’явіцца нехта, хто баіцца за сябе і сваіх родных, то можна зрабіць адно ці два пасяджэнні закрытымі, але не ўвесь працэс. Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка падтрымалі пазіцыю абароны.
Леанід Судаленка ўдакладніў, у якім томе справы знаходзіцца хадайніцтва пракуратуры. На што суд адказаў: «Ліст справы 145, том 79». Тады праваабаронца сказаў, што не знаёмы з матэрыяламі 79 тома і прасіў суд даць час на азнаямленне з ім. І выступіў супраць разгляду справы ў закрытым рэжыме.
Аднак суддзя Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка ў закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва.
Пасля гэтага ўсе слухачы былі вымушаныя выйсці з залі суда.
Нагадаем, Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца пад вартай у СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і падпіскі аб нявыездзе.
Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца «Вясны», у віну яму ставіцца:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
- відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
- семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
Па справе было апытана больш за 200 сведак, а матэрыялаў больш за 77 тамоў.