Як выглядае дзень зняволеных у гродзенскай турме

Жонка журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына Вольга расказала, як выглядае тыповы дзень зняволеных у гродзенскай турме.

241083025_4252368014841773_7260988914258750666_n.jpg


«Для арыштаванага ці асуджанага вязня амаль заўсёды кожны новы дзень падобны да папярэдняга. Праз гэта цяжка адчуваць плыннасць часу і заўважаць яго хуткабежнасць. А само аднастайнае перабыванне падаецца бясконца цягучым.
Умоўны пачатак дня вызначае сірэна кшталту ротарнай, той, якую ўключаюць падчас вышкалаў грамадзянскай абароны ці паветранай трывогі. Яе падаюць супрацоўнікі адміністрацыі — кантралёры вязніцы, і працягласць залежыць ад настрою і сумленнасці кантралёра. Чаму я кажу пра ўмоўнасць пачатку дня — таму што цягам 24-х гадзін вязні вымушаныя перабываць з наяўнасцю святла: днём гэта будуць некалькі люмінісцэнтных лямп на столі, а ноччу (з 22 да 6) умыкаецца невялічкі светла-жоўты свяцільнік над дзвярыма. І вось акурат а 6-й гадзіне паставыя на паверхах перамыкаюць начное асвятленне на дзённае пасля сігнала пад’ёму. Ад гэтага часу і да адбою ляжаць на нарах забаронена — прынамсі, для палітвязняў.
Адначасова з гэтым умыкаецца і электрычнасць у разетках у камерах. Падаюць электрычнасць паводле адмысловага раскладу, прымеркаванага да графіку харчавання: з 6 да 8, з 12 да 14 і з 17 да 22. Такім чынам, 7 гадзінаў на суткі разеткі не працуюць, гэта значыць, вязні не могуць ані гарбаткі сабе запарыць, ані падагрэць вады для мыцця ці прання, бо вада ў кранах выключна халодная.
А 6.20-6.30 прыносяць, а дакладней прывозяць на адмысловых вазках сняданак у металёвых армейскіх бляшанках-тэрмасах. Гатуюць і раздаюць ежу самі вязні (ужо засуджаныя), якія з розных прычын адбываюць пакаранне менавіта ў турме. Яны ж займаюцца і іншымі гаспадарчымі справамі, як то цяслярка, прыборка, рамонт (у тым ліку і па-за вязнічнымі мурамі, гродзенцы іх перыядычна маглі бачыць падчас, напрыклад, тынкавання знешніх сцен турмы) ды інш.
На сняданак звычайна гатуюць нейкія кашы: ячка, пшонка, аўсянка, рыс (у нядзелю). Апроч яе вязням прыносяць так званую гарбату, больш падобную да памыяў, ад якой яны часта адмаўляюцца, таму першая важная рэч для перадачы новаму арыштанту — кіпяцільнік!!! А ўвесь выдадзены падчас харчавання посуд вязні маюць адразу пасля ежы вярнуць, у сябе нельга пакідаць анічога.
Пасля сняданку вязні, што працуюць на гаспадарцы, абыходзяць камеры з мэтай збору смецця. Перад тым пра наяўнасць яго ў насельнікаў камеры пытаецца кантралёр. Ранішні, так бы мовіць, афіцыйны рытуал на гэтым заканчваецца, то-бок арыштанты маюць час на свае патрэбы і цікавасці: хтосьці чытае, хтосьці гуляецца ў шашкі-шахматы, разгадвае сканворды, ды проста час ідзе на тое, каб памыцца і паесці.
А 8-й гадзіне пачынаецца ранішняя паверка: па чарзе адчыняюцца дзверы камер, вязні шыхтуюцца ўздоўж нараў, да ганку камеры падыходзяць карпусны з паставым. Вязень на чаргаванні (“дзяжурны”) па камеры называе сваё прозвішча і паведамляе колькасць арыштантаў, якія ў гэтай камеры перабываюць. Карпусны можа запытацца, ці ёсць нейкія пытанні да яго ці адміністрацыі турмы, адказвае на іх або занатоўвае для пазнейшага высвятлення. Але звычайна такая паверка доўжыцца не болей за некалькі секунд, бо амаль ніколі тых пытанняў у вязняў не бывае.
Далей зноўку пачынаецца “вольны” час на ўласныя заняткі вязняў (чытво, ліставанне, фізічныя практыкаванні, перакус ды інш.). Калі размова ідзе пра падследных, то адвакаты могуць іх наведваць акурат з 9 да 12 гадзін да абеду і, прыкладна, з 14-й да… пакуль не надакучыць адміністрацыі, але не пазней за 19-ю гадзіну ўвечары.
А 12.00 з пачаткам абеду зноўку ўмыкаецца электрычнасць у разетках.
Абед складаецца з дзвюх страў: “першае” і “другое”. На першае зазвычай падаюць разнастайныя супы: з капусты, а-ля боршч (хутчэй бурачнік без слядоў бурака ў ім), расольнік, макаронны, рысава-пярловы ды інш. На другое, таксама ў залежнасці ад дню тыдня, меню вар’юецца ад “фірмовай” пярлова-гарохавай кашы да “бігасу” — варанай капусты з “апетытным” смуродам, ад якой вязні часцяком адмаўляюцца, або варанай бульбы з дамешкам гнілля на вадзе і з незразумелай, нібы мясной, масай кшталту “тушонкі”. Для аматараў сушы падыдзе рацыён чацвярговага рыбнага дня, калі турэмнымі “шэф-кухарамі” падаецца ашпараная кіпнем путасу. А аўторкі і суботы адзначаныя “святочнымі” рыбнымі катлетамі з рыбных вантробаў. Раз на тыдзень надыходзіць сапраўднае свята, калі прыносяць макароны з тушонкай (цяпер, мяркую, вы будзеце па-іншаму ўспрымаць выраз Васілія Алібабаевіча з “Джэнтльменаў удачы”). Раней яшчэ гродзенскіх вязняў частавалі варанай бульбай з… валокнамі курыцы (часам патрапляліся нават косткі!), якую яны дагэтуль узгадваюць з цеплынёй і спадзяюцца на вяртанне гэтай стравы.
З 13.30 і да 17.30 адміністрацыя арганізуе для арыштантаў атракцыён пад назвай "штодзённы шпацыр" ва ўнутраным дворыку з задратаваным над галавою небам. Кантралёры выводзяць кожную камеру ў асобны дворык (або хутчэй на дах суседняга будынка), таксама падобны да камеры, толькі без столі, замест якой краткі. У вязніцы некалькі дворыкаў для шпацыру памерам прыкладна ад 3 да 6 метраў шырынёй, на 5 метраў даўжынёй. Працягласць прагулянкі складае не болей за паўтары гадзіны, звычайна гадзіну і хвілін 15 у дадатак. Падчас моцнага дажджу, бывае, вязні проста адмаўляюцца выходзіць, бо сушыць пасля такой прагулкі мокрую вопратку ў волкай камеры з цвіллю на сценах — такая сабе складаная задачка. ХХІ стагоддзе на двары, цэнтр Еўропы, а ўмовы ўтрымання вязняў не змяніліся, пэўна, з часоў Расійскай Імперыі (зрэшты, краткі на лесвічных пралётах і паверхах дык наўпрост з таго часу і захаваліся, разам з пылам на іх).
А 18-й гадзіне — вячэра, на якую турэмныя "кулінары"-кухары гатуюць нешта з рацыёну другіх абедзенных страў, толькі што не тое самае, што падавалі ў абед. Як бачыце, уся ежа дыетычная, ніякай вам смажаніны, панове!
А 20-й адбываецца вечаровая паверка з амаль той самай, што і зранку, працэдурай, толькі падчас яе праз чаргавога вязні перадаюць карпусному свае заявы, хадайніцтвы, скаргі ды інш, а карпусны прызначае новага чаргавога на наступны дзень. Апроч справаздачы падчас паверак чаргавы мае абавязак прыборкі камеры.
А 22-й гучыць тая ж сірэна на “адбой”, а паставы перамыкае дзённае святло ў камерах на начное. Яшчэ адзін дзень пражыты, кожны вязень стаўся на 24 гадзіны бліжэй да моманту свайго вызвалення».