Суд у Светлагорску прызнаў праваабаронцу і актывіста вінаватымі ў арганізацыі флэш-мобу супраць завода беленай цэлюлозы

У Светлагорску прайшлі суды над мясцовымі жыхарамі, якіх міліцыя палічыла арганізатарамі флэш-мобу «За чыстае паветра», піша БелаПАН.

Фота БелаПАН

Фота БелаПАН

15 верасня больш як 150 жыхароў Светлагорска сабраліся на цэнтральнай плошчы ў масках і з зялёнымі шарамі. Такім чынам яны выказалі сваё стаўленне да шкодных выкідаў і смуроду з новага завода беленай цэлюлозы. Міліцыя палічыла, што арганізатарамі флэш-мобу з'яўляюцца праваабаронца Алена Маслюкова і грамадскі актывіст Анатоль Змітровіч. У адносінах іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы на падставе часткі 2 артыкула 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).
8 кастрычніка суд аштрафаваў Змітровіча на 20 базавых велічынь (490 рублёў). На наступны дзень вінаватай у арганізацыі флэш-мобу прызналі Маслюкову. Яе суд пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь (612,5 рубля).
У каментары БелаПАН Маслюкова адзначыла, што доказам іх віны суд прызнаў паказанні нейкіх шасці сведак, якіх на паседжанне не выклікалі, зачытаўшы іх паказанні, дадзеныя ў міліцыі. Хадайніцтва аб выкліку гэтых людзей суд адхіліў. «Мы не ведаем, хто гэтыя людзі, першы раз чуем. Адну толькі сведку ведаем — мясцовы ідэолаг Ала Манькевіч, але яна таксама ў суд не з'явілася», — адзначыла праваабаронца.
Паводле яе слоў, паказанні сведак супраць яе і Змітровіча былі ідэнтычнымі.
На судзе Маслюкова не прызнала сябе вінаватай. Яна патлумачыла, што сапраўды 15 верасня была на цэнтральнай плошчы Светлагорска, але ў якасці праваабаронцы — назірала за флэшмобам, але ніяк не з'яўлялася арганізатарам. Флэшмоб не з'яўляецца «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам», бо на акцыі не было лозунгаў, транспарантаў, заклікаў — людзі проста стаялі і размаўлялі, падкрэсліла яна.
«Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права на мірныя сходы, на выказванне свайго меркавання. Арганізатар флэшмобу — Светлагорскі райвыканкам. Ён не рэагуе на праблемы, звязаныя з заводам беленай цэлюлозы. Ініцыятыўная група неаднаразова падавала заяўкі на правядзенне мітынгаў у спецыяльна прызначаным для гэтага месцы — на стадыёне «Папернік». Але на ўсе заяўкі была атрыманая адмова», — адзначыла Маслюкова.
Рашэнне раённага суда яна будзе абскарджваць у абласным.