Прысуд па справе Змітра Галко скарэктавалі… на некалькі рублёў

Прэзідыюм Мінскага гарадскога суду разгледзеў апеляцыйную скаргу Змітра Галко на прысуд Савецкага раёна, які раней прызнаў падсуданага вінаватым у «гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі» і пакараў чатырмя гадамі абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

img_3255_logo.jpg

Зміцер Галко прасіў адмяніць прысуд і накіраваць справу на паўторны разгляд, паколькі ў ёй багата супярэчнасцяў і нестыковак у паказаннях розных міліцыянтаў.
Разгляд скаргі адбываўся пад кіраўніцтвам суддзі Ігара Любавіцкага і з удзелам пракурора Алесі Мінец. У залі прысутнічаў таксама міліцыянт, які нібыта фізічна пацярпеў ад падсуднага Юры Чыркоў.
Ужо напачатку працэсу суд адхіліў хадайніцтва аб разглядзе дэталяў адміністрацыйнай справы ў адносінах да Змітра Галко, якая была распачатая ў дзень канфлікту Змітра з міліцыянтамі. Менавіта гэтая адміністратыўная справа магла быць рашаючым аргументам для адмены прысуда па крымінальным артыкуле 364. Справа ў тым, што паводле адміністрацыйнага пратакола і рапартаў міліцыянтаў, Змітра Галко затрымлівалі зусім іншыя людзі і пры зусім іншых абставінах.


Адвакатка Змітра Галко вельмі падрабязна і слушна казала пра тое, законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, а менавіта гвалтоўнае пранікненне ў кватэру, дзе знаходзіліся Зміцер Галко, ягоны сын і сябры сына, выклікае вялікі сумнеў. Яна заклікала ацэньваць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў дадзеным выпадку як грамадзян, якія парушалі правы іншых грамадзян. Адвактака таксама звяртала ўвагу суду на супярэчнасці ў паказаннях тых міліцыянтаў, якія афармлялі адміністрацыйны пратакол і тых, якія пісалі дакументы, што ляглі ў аснову крымінальнай справы. Асаблівая ўвага звярталася на тое, што Змітра Галко ў той зласлівы дзень і час паводле розных рапартаў затрымлівалі розныя людзі і за розныя правапарушэнні.
Тым не менш, пасля перапынку суд вынес рашэнне змяніць прысуд суда Савецкага раёна ў частцы грашовай кампенсацыі судовых выдаткаў (іх трохі зменшылі) і пакінуць прысуд у 4 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за “гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі”.
Зміер Галко намераны падаваць надзорную скаргу ужо на сённяшні прысуд, але прызнае, што гэта ўжо нічога не мяняе, бо прысуд уступіў у сілу. У любы момант яго могуць забраць і накіраваць на 4 гады на так званую “хімію”.