Суд у справе Коржыча зноў прыпынены
Радыё Свабода паведамляе, што прычына перапынку — праверка заяў абвінавачаных наконт ціску з боку КДБ. Разгляд адновіцца 17 кастрычніка.
18 верасня дзяржаўны абвінаваўца пракурор Шарснёў падаў хадайніцтва аб неабходнасць правядзення праверкі заяў абвінавачаных сяржантаў аб ціску з боку КДБ падчас папярэдняга следства. Аб фізічным і маральным ціску падчас допытаў у залі суда заявілі ўсе трое абвінавачаных — сяржанты Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч.
Першапачаткова перапынак у судзе быў прызначаны да 8 кастрычніка, аднак ужо 9-га пракурор паведаміў, што праверка заяў абвінавачаных, якой займаецца Следчы камітэт, скончыцца не раней за 17 кастрычніка. Дзяржаўны абвінаваўца падаў хадайніцтва аб чарговым прыпыненні разгляду справы. Суддзя хадайніцтва задаволіў.
Справу аб смерці Аляксандра Коржыча пачалі разглядаць у Менскім абласным судзе 8 жніўня. На працэсе было апытана каля ста чалавек — пацярпелых і сведкаў, а таксама агучана больш за 30 тамоў матэрыялаў справы. Чакаецца, што разам з вынікамі праверкі дзеянняў супрацоўнікаў КДБ на працэсе выступяць дадатковыя сведкі з боку пацярпелай Святланы Коржыч.