Суд у шосты раз вярнуў справу аб катаваннях на дадатковую праверку
Маці асуджанага па «наркатычным» 328 артыкуле Крымінальнага кодэкса Артура Яўглеўскага, якога катавалі ў 2014 годзе, ужо шэсць гадоў дамагаецца ўзбуджэння крымінальнай справы, а Следчы камітэт пастаянна адмаўляе ў гэтым. Сам Артур адбывае пакаранне ў калоніі.
Пры затрыманні ў 2014 годзе Артур Яўглеўскі быў моцна збіты, у Ленінскім РУУС збіццё працягнулася і яму зламалі 2 пальца на назе, у Фрунзенскім РУУС яго таксама катавалі з мэтай падпісання прызнальных паказанняў. Усе пабоі былі зафіксаваныя і на катаванні былі пададзеныя скаргі. Але на гэтым справа не скончылася і ў турме Жодзіна за скаргі яго зноў збілі. Суд не прыняў да ўвагі заявы Артура аб катаваннях і адправіў у калонію.
Апошняя пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы была вынесена 19 верасня 2019 года следчым Фрунзенскага (г. Мінска) раённага аддзела СК Бараноўскай.
У самой пастанове і матэрыялах праверкі шмат недакладнасцяў і нестыковак. Напрыклад, паказанні аператыўнікаў, якія рабілі затрыманне, абсалютна ідэнтычныя і ўтрымліваюць аднолькавыя выпраўленні. Не былі належным чынам атрыманы тлумачэння іншых сведак і відавочцаў. Да гэтага часу Следчы камітэт не высветліў, дзе знаходзіўся Артур на працягу 31 гадзіны з моманту затрымання і да змяшчэння ў ІЧУ. Пры гэтым у той прамежак часу ўтварыліся цялесныя пашкоджанні, пазней зафіксаваныя судова-медыцынскім экспертам. Сама маці, Марына Яўглеўская, сцвярджае, што бачыла, як яе сына літаральна выцягвалі без прытомнасці з кабінета допыту.
20 лютага 2020 года суд Фрунзенскага раёна Мінска разгледзеў чарговую скаргу на адмоўную пастанову Следчага камітэта і адмяніў гэтую пастанову.
«Цяпер матэрыялы праверкі зноў адправяцца ў Фрунзенскі (г. Мінска) раённы аддзел Следчага камітэта для дадатковай праверкі. Сітуацыя, калі Следчы камітэт пасля адмены пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы фактычна не прадпрымае намаганняў па выяўленні ўсіх абставінаў справы, не новая. У Беларусі няма эфектыўных мер па вырашэнні гэтай праблемы, паколькі суд не можа абавязаць Следчы камітэт распачаць крымінальную справу, а толькі адмяняе яго рашэнні. Мы будзем працягваць працаваць з гэтай справай на нацыянальным узроўні, але таксама рыхтуем скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо дзяржава наўмысна зацягвае расследаванне крымінальнай справы аб катаваннях. У тых выпадках, калі чалавек быў затрыманы і знаходзіўся пад кантролем органаў унутраных спраў, дзяржава нясе адказнасць за яго здароўе», — пракаментаваў праваабаронца Сяргей Усцінаў.
Паводле legin.by