Экс-палітвязень Зміцер Паліенка падаў скаргу ў пракуратуру і Следчы камітэт
«Не думаю, што мне нешта кампенсуюць, але ў любым выпадку факты такога дробнага паскудства трэба выкрываць», — распавёў Зміцер сайту palitviazni.info.
5 сакавіка Зміцер Паліенка падаў скаргу ў пракуратуру
і Следчы камітэт з нагоды пашкоджання яго маёмасці.
Нагадаем, што Змітра Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд — 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.
Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне раённага суда, але, калі Зміцер захацеў забраць сваю тэхніку, якая раней была канфіскаваная для правядзення следчых дзеянняў па справе, то яна аказалася зламаная. Непрацоўнымі апынуліся чатыры ноўтбукі і два тэлефоны. У такім стане Зміцер Паліенка адмовіўся забіраць тэхніку і пакінуў яе ў судзе, якому давядзецца скласці акт, у сувязі з чым тэхніка не была забраная ўладальнікам.
“Сёння, 5 сакавіка, я падаў скаргу ў пракуратуру і Следчы камітэт з нагоды пашкоджання маёмасці, — кажа Зміцер. — Хаця, шчыра кажучы, няма асаблівай надзеі, што камп’ютары і тэлефоны парамантуюць альбо кампенсуюць нанесеную шкоду”.
Са слоў Паліенкі, у любым выпадку факты такога дробнага паскудства трэба выкрываць.
“Буду таксама падаваць заяву ў Камітэт па правах чалавека ААН, маўчаць нельга, — дадае ён. — Гэта ўжо не першы выпадак, калі спрабуюць вярнуць зламаную тэхніку. Калі не памыляюся, то камп’ютары прафсаюза РЭП таксама ў свой час сапсавалі”.