Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу?

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ў межах двухбаковага пагаднення аб міжнароднай прававой дапамозе звярнуўся ў праваахоўныя органы Украіны па правядзенне допытаў з некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча, піша Свабода.

c0c7b177_efd3_4ac3_91c8_dba2672d0647_w1023_r1_s__1_.webp

У прыватнасці, як вынікае з апублікаваных украінскім выданнем censor. net адпаведнага беларускага запыту, КДБ хоча дапытаць беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Украіну летась у верасні, беларускага добраахвотніка Дзмітрыя Палойку, а таксама шэраг грамадзян Украіны, з якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 года.
Апроч таго, беларускія спецслужбы прасілі дапытаць і экс-камандзіра добраахвотніцкага батальёну «Данбас», былога народнага дэпутата Сямёна Сяменчанку (яго арыштавалі 26 сакавіка, праз месяц пасля звароту КДБ да Ўкраіны). Сямёна Сяменчанку абвінавачваюць у стварэнні прыватнай вайсковай кампаніі.

Фігуранты справы іншыя

У запыце да праваахоўных органаў Украіны КДБ паведамляе, што расследуецца крымінальная справа па абвінавачанні чатырох грамадзян Беларусі паводле ч. 2 артыкулу 289 крымінальнага кодэксу Беларусі — акт тэрарызму, здзейснены паўторна, або групай асобаў паводле папярэдняй змовы, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 20 гадоў.
Раней паведамлялася аб расследаванні справы паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам», якая потым была перакваліфікавана на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму» (пазбаўленне волі да 15 гадоў).
На пачатку лютага, паводле КДБ, у «групу Аўтуховіча», апроч яго самога, уваходзіла 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, якія ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
У запыце да Украіны ў справе фігуруюць толькі чацвёра грамадзян — Мікалай Аўтуховіч, Артур Папок, Павал Сава і Віктар Снегур (ураджэнец Украіны). Адзначаецца, што гэтая група 1 кастрычніка падпаліла аўтамабіль у Ваўкавыску, а 20 лістапада падарвала машыну ў Горадні.
Беларускае следства накіравала таксама пералік канфіскаваных у Аўтуховіча і Папка зброі і боепрыпасаў, і просіць украінцаў праверыць магчымасць іх набыцця ва ўкраінскіх крамах зброі.
У запыце дакладна апісваецца, як Мікалай Аўтуховіч перасякаў беларуска-украінскую мяжу, дзе спыняўся ў Ровенскай вобласці і ў Кіеве, як наведваў Луганскаую вобласць, дзе нібыта набыў зброю, якую потым незаконна перамясціў праз украінскую мяжу ў Беларусь. КДБ таксама пералічвае ўсе сустрэчы і тэлефонныя размовы, якія ажыццяўляў Аўтуховіч у часе сваіх паездак ва Ўкраіну.

Што цікавіць КДБ

КДБ просіць вызначыць месцазнаходжанне і дапытаць двух грамадзян Беларусі — Алены Васільевай і Дзмітрыя Палойкі, з якімі Аўтуховіч нібыта абмяркоўваў набыццё зброі на тэрыторыі Украіны «для правядзення акту тэрарызму ў Беларусі».
Беларускіх следчых цікавіць, дзе і з якой мэтай яны знаходзяцца ва Ўкраіне, якой дзейнасцю займаюцца, якія тэмы абмяркоўвалі з Аўтуховічам. Ад Алены Васільевай яны хацелі б таксама атрымаць дакладную інфармацыю аб заснавальніках і фінансаванні грамадскай арганізацыі «Беларускі Майдан» і «Беларускі майдан ДаВолі».
Дзмітры Палойка пасля ўдзелу ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны атрымаў грамадзянства Украіны, а цяпер завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў адным з украінскіх універсітэтаў. Беларускі КДБ дагэтуль лічыць яго беларускім грамадзянінам. Дзмітры Палойка паведаміў Свабодзе, што пакуль не атрымліваў ніякіх выклікаў на допыт.
Алена Васільева займалася ў Беларусі турыстычным бізнесам, а ва Ўкраіну прыехала летась у верасні разам з дачкой, апасаючыся пераследу праз сваё знаёмства з Міколам Аўтуховічам. У размове са Свабодай яна казала, што ніколі не займалася палітычнай дзейнасцю, аднак заўсёды апазіцыйна ставілася да беларускіх уладаў. Ва Украіне яна сапраўды стварыла дабрачынны фонд «Беларускі Майдан» для дапамогі беларусам, якія ўцякаюць ва Украіну ад пераследу ў Беларусі, а таксама для стварэння нацыянальна арыентаванага СМІ. Фонду «Беларускі Майдан ДаВолі» не існуе.
Алена Васільева звярнулася ў Дзяржаўную міграцыйную службу па атрыманне статусу ўцекача адразу, як па беларускіх тэлеканалах прадэманстравалі фільм аб «тэрарыстычнай» дзейнасці Аўтуховіча. Яна паведаміла Свабодзе, што сапраўды ў лістападзе 2020-га сустракалася з Міколам Аўтуховічам у Кіеве, але іншых грамадзян, якія фігуруюць у запыце не ведае, за выключэннем Дзмітрыя Палойкі.
«У мяне некалькі пытанняў. Якім чынам размовы, запісаныя ва Украіне па ўкраінскіх тэлефонных картачках сталі здабыткам КДБ? Наша размова з Міколам нібыта пра зброю — не было такой размовы. Як яна была сфабрыкаваная, бо галасы нашые, а як там з'явіліся словы, якіх мы не казалі?», — сказала Свабодзе Алена Васільева. Яна таксама пакуль не атрымлівала ніякіх выклікаў на допыт.

Аднаго ўкраінца ўжо дапыталі

Пакуль дакладна невядома, ці ў поўным аб’ёме ўкраінскі бок будзе выконваць даручэнні КДБ. Паводле галоўнага рэдактара выдання censor. net Юрыя Бутусава, украінскія следчыя ўжо дапыталі Сямёна Сяменчанку — экс-камандзіра добраахвотніцкага батальёну «Данбас». Яго арыштавалі 26 сакавіка паводле падазрэння ў арганізацыі прыватнай вайсковай кампаніі, а запыт беларускага КДБ уключаны ў матэрыялы заведзенай супраць яго справы.
Юры Бутусаў таксама звярнуў увагу на тое, што беларускі КДБ просіць украінскі бок кантакты і дадзеныя аб супрацоўніках галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны.
У інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Українська правда» Сямён Сяменчанка расказваў, што справу супраць яго завялі адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка пачаў заяўляць пра тое, што «беларуская апазіцыя возіць з Украіны зброю тонамі».
Паводле Сямёна Сяменчанкі, групу следчых у ягонай справе ўзмацнілі адразу пасля таго, як на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім ён разам з былым добраахвотнікам батальёну «Данбас» Дзмітрыем Палойкам і іншымі асобамі былі абвінавачаныя ў дапамозе «паўстанцам супраць карнікаў рэжыму Лукашэнкі».
«Расследаванне супраць мяне я звязваю з жаданнем Пуціна і Лукашэнкі знішчыць новы інструмент барацьбы з расійскай агрэсіяй, які мы далі Украіне. Нейтралізаваць матываваных добраахвотнікаў. Але гэта паўбяды. Праўды ў тым, што я асабіста і наша ветэранская арганізацыя ўжо некалькі гадоў выконваю заданне ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі. Я не магу зараз назваць арганізацыю, прозвішчы, даты і пасады, канкрэтныя абставіны і канкрэтныя аперацыі. Я не хачу дыпламатычных канфузаў і скандалаў, вонкавых палітычных рызыкаў для маёй краіны. Не хачу зрыву тых аперацый, якія СБУ яшчэ не паспела сарваць. Не хачу рызыкаваць людзьмі, якія ў іх задзейнічаныя», — заявіў Сямён Сяменчанка.