Краіны імкліва спыняюць палёты над Беларуссю (дапаўняецца)
Швецыя, Украіна, Нідэрланды, Казахстан і іншыя.
Швецыя заклікала свае авіякампаніі спыніць палёты над тэрыторыяй Беларусі. Такую рэкамендацыю апублікавала транспартнае агенцтва Швецыі.
Air Astana адмяніла запуск прамога авіярэйсу з Алматы ў Мінск. На сайце авіякампаніі запуск рэйса Алматы-Мінск анансаваўся на 31 мая 2021, аднак цяпер ён адменены, гэтую інфармацыю пацвердзілі агенцтву Інтэрфакс-Казахстан у кампаніі. У Air Astana не сталі ўдакладняць, па якой прычыне адмяняецца запуск авіярэйсу.
Прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ заклікаў KLM спыніць лётаць над Беларуссю - раней сёння авіякампанія заявіла, што не бачыць рызык у палётах у паветранай прасторы Беларусі і што рэйсы будуць выконвацца ў звычайным рэжыме.
Сакратар СНБА Украіны Аляксей Данілаў: улічваючы ўзровень «нахабства выклікаў дэмакратычных каштоўнасцяў», якія ствараюць ўлады Беларусі, Украіна цалкам спыняе авіязносіны з Беларуссю, ўсе рэйсы будуць перанакіраваныя ў абыход паветранай прасторы Беларусі.
Нямецкая авіякампанія Lufthansa абвясціла аб прыпыненні палётаў у паветранай прасторы Беларусі.