Украіна спыняе авіязносіны з Беларуссю апоўначы 26 мая. А «Белавія» ўжо адмяніла рэйсы ў Парыж і Лондан

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі яшчэ напярэдадні даў украінскаму ураду такое распараджэнне. ТАСС паведамляе, што рашэнне ўжо прынята.

article_10_001440953.jpg

Украіна спыняе авіязносіны з Беларуссю, рашэнне набудзе моц апоўначы 26 мая. Згодна з ім, украінскім авіякампаніям і самалётам забараняюцца палёты ў авіяпрасторы Беларусі.

Тым часам «Белавія» праз падзеі апошніх дзён адмяніла некалькі пасажырскіх рэйсаў. Вось што гаворыцца ў афіцыйным паведамленні беларускага аператара:

«У сувязі з рашэннем урадаў Вялікабрытаніі і Францыі аб забароне выканання рэйсаў "Белавія" у/з Вялікабрытаніі і Францыі мы вымушаныя адмяніць палёты ў Лондан і Парыж з 25 мая па 30 кастрычніка 2021 года. Мы засмучаныя гэтай сітуацыяй, якую не ў сілах змяніць. Прыносім свае прабачэнні пасажырам»

Пасажыры, якія ўжо набылі квіткі, могуць вярнуць іх поўны кошт альбо змяніць дату вылета, адзначаецца ў паведамленні.